Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея выступіла супраць паставак зь Беларусі прадукцыі з нарвэскай рыбы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Рассельгаснагляд зьвярнуўся да беларускага боку з просьбай не дапускаць пастаўкі ў Расею рыбнай прадукцыі з нарвэскай сыравіны, паведамляецца на сайце расейскага ведамства.

У паведамленьні гаворыцца, што Рассельгаснагляд накіраваў беларускаму боку ліст пра тое, што неаднаразова выяўляў рэшткі забароненых і шкодных рэчываў у прадукцыі, вырабленай з нарвэскай рыбы і адпраўленай у Расею, і раней апавяшчаў Беларусь аб кожным такім выпадку.

У кастрычніку Рассельгаснагляд паведаміў аб праблеме вэтэрынарнай службе Нарвэгіі (Mattelsynet) і прапанаваў правесьці інспэкцыі нарвэскіх прадпрыемстваў па вытворчасьці прадукцыі аквакультуры (ласось, стронга), аднак нарвэскае ведамства, «спаслаўшыся на шчыльны графік, адказала, што ня зможа прыняць дэлегацыю Рассельгаснагляду».

Паколькі ў Нарвэгіі не далі згоду на правядзеньне інспэкцыі, а таксама беручы пад увагу «недастатковы абʼём маніторынгавых дасьледаваньняў нарвэскай рыбнай сыравіны» ў Беларусі, Рассельгаснагляд зьвярнуўся да беларускага боку з просьбай «забясьпечыць недапушчэньне паставак у Расею рыбнай прадукцыі, выпрацаванай з нарвэскай сыравіны», гаворыцца ў паведамленьні.

Ведамства падкрэсьлівае, што з 1 студзеня па 15 лістапада 2019 году ў Беларусь было ўвезена больш як 10,2 тысячы тон аквакультурнай прадукцыі з Нарвэгіі. З гэтага аб’ёму для дасьледаваньняў, згодна з інфармацыяй беларускай вэтэрынарнай службы, было адабрана ўсяго 17 пробаў. Пры гэтым 93% (9,5 тысячы тон) гэтай рыбнай прадукцыі Беларусь пасьля адправіла ў Расею.

Расея даўно вядзе спрэчкі аб пастаўках зь Беларусі прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі, у тым ліку «беларускіх» крэвэтак, шампіньёнаў, манга і папаі. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША сама Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG