Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарыць адзіны ў Расеі крэйсэр-авіяносец, ёсьць пацярпелыя


Авіяносец, фота 2017 году

Раніцай 12 сьнежня ў рамонтным доку пад Мурманскам загарэўся «Адмірал Кузьняцоў», адзіны ў Расеі крэйсэр-авіяносец.

Паводле дадзеных МНС, якія прыводзіць ТАСС, ад пажару пацярпелі тры чалавекі, якім «аказваецца дапамога». «Інтэрфакс» паведамляе, што яны знаходзіліся ў труме і «прапалі», і дзе яны — на караблі дагэтуль ня ведаюць.

Пажар пачаўся ў энэргаадсеку і неўзабаве перакінуўся на ўсё памяшканьне; што менавіта стала прычынай узгараньня, пакуль незразумела. Пазьней агонь перакінуўся таксама на дызэльнае паліва.

«Паводле папярэдніх зьвестак, узгараньне адбылося падчас рамонтных работ у першым энэргаадсеку на другой палубе», — расказалі крыніцы агенцтва «Інтэрфакс».

Цяжкі крэйсэр-авіяносец быў закладзены на Чарнаморскім суднабудаўнічым заводзе ў 1982 годзе. Гэта адзіны ў Расеі карабель, здольны несьці на борце цяжкія палубныя зьнішчальнікі Су-33. Гэта таксама адзіны ў сьвеце карабель, з борта якога лётчыкі-зьнішчальнікі падымаюцца ў паветра ў запалярных шыротах. Даўжыня палубы «Кузьняцова» — 306 мэтраў, шырыня — 75 мэтраў, у складзе ягонага экіпажу — 1960 чалавек, у тым ліку 518 афіцэраў, а сам карабель можа несьці звыш 50 зьнішчальнікаў і іншых лятальных апаратаў.

У складзе расейскага флёту «Кузьняцоў» знаходзіцца ад 1991 году, у тым ліку яго ў 2016 годзе адпраўлялі да берагоў Сырыі. Там пры заходзе на пасадку на яго палубу пацярпелі крушэньне спачатку зьнішчальнік МіГ-29К, а потым яшчэ адзін зьнішчальнік, Су-33.

Пасьля вяртаньня зь Сырыі «Адмірал Кузьняцоў» быў адпраўлены ў рамонт у адзін з докаў у Мурманску, але рамонт таксама быў няўдалым. Плывучы док, дзе праходзіў рамонт, у 2018 годзе нечакана затануў, а на авіяносец зваліўся кран з вышыні прыкладна 15 мэтраў. Два чалавекі тады былі шпіталізаваныя, адзін прапаў бязь вестак, але на караблі запэўнівалі, што ніякае «жыцьцёва важнае» абсталяваньне тады не пацярпела.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG