Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі падчас рамонту авіяносца «Адмирал Кузнецов» патануў плывучы док. Ёсьць пацярпелыя


Архіўнае фота. Авіяносец «Адмирал Кузнецов» у плывучым доку (ПД-50) сударамонтнага завода ў Расьлякове, жнівень 2010 году
Архіўнае фота. Авіяносец «Адмирал Кузнецов» у плывучым доку (ПД-50) сударамонтнага завода ў Расьлякове, жнівень 2010 году

На 82-м суднарамонтным заводзе ў Расьлякове Мурманскай вобласьці падчас рамонту авіяносца «Адмирал Кузнецов» патануў плывучы док ПД-50. Пра гэта паведамляюць мясцовыя выданьні «СеверПост» і «Мурманский вестник».

Паводле «СеверПост», каля паўночы ўпалі два вежавыя краны, адзін зь іх — на палубу авіяносца. Паводле папярэдніх зьвестак, ёсьць пацярпелыя: вядома пра трох параненых і аднаго зьніклага бязь вестак. Каля 70 чалавек эвакуаваныя. Да прахадной пад’яжджаюць машыны хуткай дапамогі.

«Новая газета» піша, што падчас выхаду крэйсэра з доку тануць пачаў сам док.

У ВК ёсьць некалькі паведамленьняў пра здарэнне. Наталля Клепачова з Мурманску піша, што пад ваду пайшла «жылая вежа», у якой жыў асабовы склад ПД-50.

Пазьней агенцтва ТАСС паведаміла аб чатырох пацярпелых, трое шпіталяваныя зь пераахаладжэньнем, адзін — з траўмай брушной поласьці. Плывучы док, паводле агенцтва, патануў цалкам. Прычынай аварыі стала раптоўнае адключэньне электрычнасьці. Авіяносец, паводле папярэдніх зьвестак, не пашкоджаны, яго адбуксіравалі на 35-ы суднарамонтны завод.

Плывучы док ПД-50, пабудаваны ў 1980 годзе ў Швэцыі на замову ВМФ СССР, лічыцца адным з найбуйнейшых докаў у сьвеце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG