Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі самалёт зваліўся з палубы расейскага «Адмірала Кузьняцова»


«Адмірал Кузьняцоў»

Падчас пасадкі на расейскі цяжкі авіянясучы крэйсэр «Адмірал Кузьняцоў» па выкананьні баявой задачы ў Сырыі расейскі самалёт Су-33 зваліўся з палубы праз абрыў тросу аэрафінішэра, перадае РИА Новости са спасылкай на Міністэрства абароны Расеі. Пілёт выжыў, ён пасьпяхова катапультаваўся з самалёта.

Паводле зьвестак The Aviationist, здарэньне адбылося 3 сьнежня пры добрым надвор’і. Крыніцы выданьня ў расейскім Мінабароны паведамілі, што Су-33 разьбіўся пры другім заходзе на пасадку. Палёт праходзіў пры добрых умовах надвор’я. Як мяркуецца, ён ня змог зачапіцца за тросы аэрафінішара, даўжыні палубы не хапіла для тармажэньня, і самалёт упаў у мора.

Зьнішчальнік Су-33 Су-33 узьлятае з палубы «Адмірала Кузьняцова», ілюстрацыйнае фота
Зьнішчальнік Су-33 Су-33 узьлятае з палубы «Адмірала Кузьняцова», ілюстрацыйнае фота

Тры тыдні таму, 14 лістапада авіягрупа «Адмірала Кузьняцова» страціла першы самалёт — МіГ-29К. Паводле афіцыйнай вэрсіі, на зьнішчальніку адбылося «авіяцыйнае здарэньне», і ён зваліўся ў ваду ў некалькіх кілямэтрах ад крэйсэра.

Пазьней крыніцы «Газеты.ру» паведамлялі, што самалёты, якія сядаюць на палубу, пастаянна ірвуць тросы аэрафінішараў, якія выконваюць функцыю тармажэньня зьнішчальнікаў. Усяго іх ўсталявана чатыры.

«Першы зьнішчальнік зрабіў пасадку без заўваг. Другі МіГ-29КР зачапіўся за другі трос аэрафінішара, парваў яго і ў канчатковым выніку зачапіўся толькі за рэзэрвовы чацьвёрты трос. Падраны другі трос заблытаўся за трэці і зрабіў немагчымым выкарыстаньне яго пры пасадцы самалёта. Некаторы час прызямленьне самалётаў на авіяносец было ў прынцыпе немагчыма», — апісвала крыніца сытуацыю, якая склалася на караблі 14 лістапада.

Паводле крыніцы, пілёту МіГа, які заходзіў на пасадку, далі каманду заходзіць на другое кола. У зоне чаканьня ў самалёта адмовілі абодва рухавіка. Паводле папярэдняй вэрсіі, у іх перастала паступаць паліва.

«Адмірал Кузьняцоў» падышоў да берагоў Сырыі 12 лістапада, першыя баявыя вылеты самалёты зьдзейсьнілі 15 лістапада. На апублікаваных спадарожнікавых здымках авіябазы «Хмэймім» было відаць, што частка авіакрыла крэйсэра выконвае задачы з сушы, а не з авіяносца.

16 лістапада віцэ-прэзыдэнт Аб’яднанай суднабудаўнічай карпарацыі па ваенным караблебудаваньня Ігар Панамароў паведаміў, што пасьля выкананьня задач у Сырыі «Адмірал Кузьняцоў» будзе адпраўлены на рамонт і мадэрнізацыю.

Самалёты з «Адмірала Кузьняцова» бяруць удзел у расейскіх апэрацыях у сырыйскіх правінцыях Хомс і Ідліб. Расея сьцьвярджае, што авіяўдары скіраваныя на тэрарыстычную групоўку «Ісламская дзяржава» і баевікоў «Фронту Ан-Нусра». Сырыйскія актывісты паведамляюць аб аднаўленьні ўдараў па занятых паўстанцамі ўсходніх раёнах Алепа, у якіх гінуць таксама мірныя жыхары. Францыя патрабуе склікаць экстраннае пасяджэньне Рады Бясьпекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, каб абмеркаваць сытуацыю вакол бамбаваньняў Алепа.

Глядзець камэнтары (3)

Гэтая дыскусія закрытая.

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG