Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сумленьня ў мяне няма», — сьведка-амапавец на судзе над Севярынцам. Апазыцыянэра папярэдзілі за заклікі да акцыі 7 сьнежня

абноўлена

Павал Севярынец у Цэнтральным судзе Менску, 5 сьнежня
Павал Севярынец у Цэнтральным судзе Менску, 5 сьнежня

Паўла Севярынца аштрафавалі на 1275 рублёў за перадвыбарчую акцыю «Сход вольных людзей — 2», якая прайшла 16 лістапада ў Менску. Суд над апазыцыянэрам адбыўся 5 сьнежня ў Цэнтральным раённым судзе Менску.

Вяла працэс судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Аксана Акавітая. Палітык дамогся вядзеньня працэсу па-беларуску.

«Пратэставаць супраць фальсыфікацыі выбараў — гэта абавязак грамадзяніна. Тых, хто выйшаў на плошчу Свабоды, трэба ўшаноўваць як герояў Беларусі. А судзіць трэба тых, хто фальсыфікуе выбары», — гэтак Павал Севярынец патлумачыў суду свой удзел у мітынгу, які прайшоў за дзень да выбараў на плошчы Свабоды ў Менску.

16 лістапада а 19 гадзіне, пасьля «Сходу вольных людзей — 2» на плошчы Свабоды ў цэнтры Менску, ягоныя ўдзельнікі пайшлі да Цэнтарвыбаркаму на плошчу Незалежасьці, дзе некалькі кандыдатаў у дэпутаты ад апазыцыі спалілі свае кандыдацкія пасьведчаньні. Паводле назіральнікаў, у акцыі бралі ўдзел да 100 чалавек.

Сьведка-амапавец сказаў, што ня мае сумленьня

Сьведчылі супраць Паўла Севярынца амапаўцы Павел Чарнабай і Дзяніс Шарэц.

Чарнабай згадаў, што грамадзяне падчас шэсьця несьлі бел-чырвона-белыя сьцягі ды выкрыквалі лёзунгі. Шарэц пазнаў сярод удзельнікаў акцыі Паўла Севярынца. Абодва сьведкі сказалі, што ўдзельнікі акцыі выказвалі сваю пазыцыю што да выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Паводле сьведак, сход і шэсьце 16 лістапада былі несанкцыянаваныя. Павал Севярынец на гэта заявіў, што дазволы на сходы падчас перадвыбарчай кампаніі браць ня трэба. Таксама палітык спытаў у міліцыянтаў, ці далучацца яны 7 сьнежня да мітынгу ў абарону незалежнасьці Беларусі. Аднак пэўнага адказу ад сьведак не атрымаў.

Таксама палітык спытаў у сьведак, ці маюць яны сумленьне. Адзін зь міліцыянтаў не зразумеў пытаньня па-беларуску, другі адказаў, што ў яго «сумленьня няма».

Севярынца папярэдзілі пра адказнасьць за акцыю 7 сьнежня і адпусьцілі

Адразу пасьля судовага паседжаеньня па яго справе апазыцыйнага палітыка затрымалі. Як паведаміў Севярынец Свабодзе, у Фрунзенскім РУУС яго пад відэакамэру папярэдзілі аб адказнасьці за арганізацыю несанкцыянаванага мітынгу, склалі пратакол пра адказнсьць за заклікі да ўдзелу ў ім і адпусьцілі. Севярынец сказаў, што адмовіўся падпісваць гэты пратакол і заклікаў міліцыянтаў абараняць незалежнасьць Беларусі 7 сьнежня на Плошчы.

Днямі Севярынец праз фэйсбук заклікаў людзей выйсьці 7 сьнежня на мітынг у абарону незалежнасьці Беларусі — у гэты дзень у Сочы сустракаюцца кіраўнікі Беларусі і Расеі Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Як чакаецца, яны мусяць узгадніць падпісаньне пагадненьня аб паглыбленай інтэграцыі дзьвюх дзяржаваў.

На сустрэчу наконт акцыі 7 сьнежня ў Фрунзенскі РУУС Севярынца выклікалі яшчэ ўвечары 4 чысла, аднак ён адмовіўся прыехаць.

Іншыя прысуды

Адначасова ў Цэнтральным судзе пачаліся адміністрацыйныя працэсы над іншымі ўдзельнікамі акцыі 16 лістапада. Першай штраф у 765 рублёў атрымала актывістка Наста Гусева. Паводле сьведак-міліцыянтаў, дзяўчына брала ўдзел у несанкцыянаванай вулічнай акцыі, выкрыквала лёзунг «Жыве Беларусь» і зьбірала грошы на дапамогу палітвязьням.

Вольгу Мікалайчык і Арцёма Чарняка аштрафавалі на 1275 рублёў кожнага. Мікалайчык асудзілі за тое, што 13 лістапада раздавала праграмы кандыдатаў у дэпутаты ад незарэгістраванага руху «Эўрапейская Беларусь». Чарняка — за сход 8 лістапада. Яны ў суд не прыходзілі.

Таксама на 765 рублёў аштрафавалі лідэра «Маладога фронту» Дзяніса Ўрбановіча — за «хуліганства» падчас акцыі 8 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG