Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка, Цімашэнка і Вакарчук заклікалі ўкраінцаў выйсьці на Майдан перад сустрэчаю «нармандзкае чацьвёркі»


Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне партыі «Эўрапейская салідарнасьць», «Бацькаўшчына» і «Голас» зьвярнуліся да ўкраінцаў з заклікам выйсьці на плошчу Незалежнасьці 8 сьнежня перад сустрэчай «нармандзкай чацьвёркі».

Сустрэча на тэму ўрэгуляваньня крызісу на Данбасе з удзелам Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі заплянаваная на 9 сьнежня ў Парыжы.

Фатакопію заявы партыяў апублікаваў у фэйсбуку былы старшыня Вярхоўнай Рады дэпутат Андрэй Парубій. Дакумэнт падпісалі лідэры партыяў — былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, былая прэм’ер-міністарка Юлія Цімашэнка і лідэр партыі «Голас», фронтмэн музычнага гурту «Океан Ельзи» Сьвятаслаў Вакарчук.

Аўтары заявы, у прыватнасьці, заклікалі не ісьці на кампрамісы і не праводзіць выбараў у самаабвешчаных «рэспубліках» Данбасу да выкананьня ўмоваў бясьпекі, не адмаўляцца ад эўраатлянтычнага курсу і не спыняць міжнародных судовых працэсаў супраць Расеі.

У рамках перамоваў «нармандзкай чацьвёркі» заплянаваная першая асабістая сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Ўладзіміра Пуціна і Ўладзіміра Зяленскага. Зяленскі, стаўшы прэзыдэнтам Украіны, паабяцаў скончыць вайну на ўсходзе краіны і пагадзіўся на адвод украінскіх войскаў. Ягоныя крытыкі лічаць, што ён робіць занадта шмат саступак Маскве.

У кастрычніку ва Ўкраіне прайшлі акцыі пратэсту, выкліканыя тым, што Зяленскі пагадзіўся прыняць «формулу Штайнмаера» — прапанову аб парадку ўступленьня ў дзеяньне асаблівага статусу асобных раёнаў Данбасу, некаторыя называюць гэты крок «капітуляцыяй».

Паводле ААН, ахвярамі вайны на ўсходзе Ўкраіны ўжо сталі каля 13 тысяч чалавек. Кіеў абвінавачвае Маскву ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў на Данбасе. Расея ўсе абвінавачваньні ў свой адрас адкідае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG