Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржаўныя сацыёлягі крытыкуюць расейскае дасьледаваньне


Пратэст каля амбасады Расеі ў Менску, архіўнае фота

Інстытут сацыялёгіі акадэміі навук Беларусі выступіў з адмысловым камэнтаром наконт сацыялягічнага дасьледаваньня, якое нядаўна правялі сацыёлягі Цэнтру прасторавага аналізу міжнародных адносінаў Інстытуту міжнародных дасьледаваньняў Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных адносінаў (МГИМО).

Адзін з закідаў на адрас расейскіх сацыёлягаў з боку адмыслоўцаў з беларускай акадэміі навук — тое, што расейцы не атрымалі акрэдытацыі ў Беларусі, якой патрабуе закон.

Аднак гэты закід уяўляецца як мінімум спрэчным і па форме, і па зьмесьце.

Па форме — расейскія сацыёлягі рабілі апытаньне праз тэлефанаваньні. Тэлефанавалі, магчыма, з Расеі, так што ўзьнікае, як мінімум, пытаньне, што такое апытаньне на тэрыторыі Беларусі.

Але ёсьць і зьмястоўныя пярэчаньні. Калі ў Беларусі ўводзілася абавязковая акрэдытацыя сацыялягічных дасьледаваньняў, многія адмыслоўцы крытыкавалі гэтае заканадаўчае палажэньне, гаворачы, што гэта парушае свабоду навуковай думкі і ставіць дасьледаваньні пад кантроль беларускіх уладаў.

Тая ж Расея — зусім ня ўзор акадэмічнай свабоды, але там падобных абмежаваньняў няма, як няма іх і ў іншых краінах сьвету. Там якасьць сацыялягічных апытаньняў ацэньвае па выніках навуковая супольнасьць у цэлым, а ня выбраныя ўладамі адмыслоўцы.

Сацыёлягі цэнтру пры МГИМО і праводзілі апытаньне ў Беларусі з Расеі паводле расейскіх законаў. Беларусь і Расея пакуль яшчэ не аб’ядналіся ў адзіную дзяржаву, адпаведна і беларускія законы — як добрыя, гэтак і недарэчныя, не зьяўляюцца абавязковымі для расейцаў.

У Беларусі абавязковая акрэдытацыя сацыялягічных цэнтраў была ў 2016 годзе выкарыстаная для разгрому і спыненьня працы Незалежнага инистытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД). Пасьля гэтага ніводны сацыялягічны цэнтар, які працуе ў Беларусі, не публікаваў, напрыклад, рэйтынгі беларускіх палітыкаў і ацэнкі насельніцтвам дзейнасьці прэзыдэнта.

Што тычыцца дасьледаваньня цэнтру пры МГИМО, то камэнтар інстытуту сацыялёгіі НАН тычыцца ня столькі вынікаў ўласна дасьледаваньня, колькі яго інтэрпрэтацыяў у друку. Да сацыёлягаў маскоўскага цэнтру могуць быць прэтэнзіі, але яны не пісалі і не сьцьвярджалі, што беларусы гатовыя да зьліцьця з Расеяй.

У камэнтары гаворыцца: «Гучныя заявы аб тым, што дзевяць з дзесяці беларусаў хочуць саюзу з Расеяй (і ўжо тым больш домыслы пра ўключэньне Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыі) не адпавядаюць ня толькі апублікаваным на сайце МГИМО вынікам, але і дадзеным сацыялагічных службаў, якія маюць акрэдытацыю і стала якія працуюць на тэрыторыі Беларусі».

Пярэчаньні наконт саюзу ад прадстаўнікоў інстытуту сацыялёгіі гучаць даволі дзіўна і крыху камічна. Беларуская афіцыйная сацыялёгія дзесяцігодзьдзямі казала пра тое, што пераважная большасьць беларускага народу адданая братэрству і адзінству з Расеяй і расейскім народам.

Колішні дырэктар інстытуту сацыялёгіі НАН Ігар Катляроў аналітычны артыкул аб дынаміцы беларуска-расейскіх адносінаў завяршаў узьнёслымі словамі. «Нягледзячы на ўсе прошукі ворагаў ніхто ніколі не разарве, не разбурыць буларуска-расейскае братэрства, не разарве шчыльныя братэрскія сувязі. Пра гэта гавораць і апытаньні грамадзкай думкі».

Спадар Катляроў і цяперз, пасьля адстаўкі з пасады дырэктара інстытута сацыялёгіі, застаецца гуру беларускай афіцыйнай сацыялёгіі.

Але кан’юнктура мяняецца, і цяпер той самы інстытут сацыялёгіі ўжо кажа пра тое, што, аказваецца, палова беларусаў за незалежную Беларусь і за адно партнэрскія адносіны з Расеяй.

А як жа братэрства, якое ніхто не разарве і не разбурыць? Братэрства, па ідэі — адносіны ўсё ж больш шчыльныя, чым адно партнэрскія. Няшмат часу спатрэбілася, каб разарваць і разбурыць.

З палітычнага пункту гледжаньня, зразумела, добра, што інстытут сацыялёгіі цяпер кажа, што беларусы ня хочуць ахвяраваць сваёй незалежнасьцю. Гэта асабліва своечасова ў сьвятле інтэграцыйных плянаў, кульмінацыя якіх можа адбыцца нават на гэтым тыдні.

Зьяўленьне такой заявы — паказьнік, што беларускія ўлады, Лукашэнка, хутчэй за ўсё ня пойдуць на тое, каб ахвяраваць істотнай доляй нацыянальнага сувэрэнітэту.

Але ўражвае гатоўнасьць афіцыйных сацыёлягаў хуценька паварочвацца на 180 градусаў усьлед за вярхоўнай палітычнай воляй. Добра, калі гэты паварот — на карысьць беларускай незалежнасьці. Аднак флюгеры і навука маюць мала агульнага паміж сабой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG