Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За ўдзел у перадвыбарчых мітынгах актывістам прысудзілі штрафы да 1250 рублёў


Акцыя «Сустрэча свабодных людзей» 15 лістапада ў Менску
Акцыя «Сустрэча свабодных людзей» 15 лістапада ў Менску

2 сьнежня пачаліся працэсы супраць удзельнікаў масавых акцый, якія праходзілі ў сталіцы перад парлямэнцкімі выбарамі.

Мікалайчык, Кулакову і Багінскай — па 1250 рублёў штрафу

Вольгу Мікалайчык судзілі за ўдзел у акцыях 8 і 16 лістапада ў Менску. Леаніда Кулакова — за акцыю 16 лістапада.

Ніна Багінская ў суд не хадзіла. Актывістка мяркуе, што яе асудзілі за ўдзел у акцыі 16 лістапада, бо з Маскоўскага РАУС яна атрымала пратакол, складзены менавіта за 16 лістапада. «Хай робяць што хочуць, усё роўна, як я лічу, гэтая ўлада нелегітымная», — пракамэнтавала вынесены ёй штраф Ніна Багінская.

Працэсы прайшлі ў Першамайскім раённым судзе Менску.

Актывіста АГП аштрафавалі на 637 рублёў за мітынг Nexta

Дзяніса Красачку аштрафавалі на 25 базавых велічынь. Гэта 637 рублёў 50 капеек.

Дзяніс Красачка сказаў, што будзе абскарджваць пастанову суду.

«Ідзе паляваньне на актывістаў, якія дамагаюцца сумленных выбараў і не прызнаюць таго фарсу, які адбыўся 17 лістапада», — сказаў Свабодзе актывіст АГП.

Актывіста АГП Дзяніса Красачку асудзілі за акцыю, якая прайшла 8 лістапада на плошчы Свабоды. Напярэдадні сабрацца і абмеркаваць праблемы ў гэтым месцы заклікаў і блогер Nexta.

На плошчы Свабоды тады сабраліся каля 200 чалавек, сярод іх быў і сябра АГП Дзяніс Красачка. Пазьней стала вядома, што на актывіста склалі пратакол за правядзеньне несанкцыянаванага пікету.

Дзяніс Красачка сьцьвярджаў, што пікет праводзіўся ў межах перадвыбарчай кампаніі, яго заяўнікам быў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Мікалай Маслоўскі. Красачка перадаў суду адпаведныя дакумэнтальныя доказы. «А я ўдзельнічаў у пікеце як актывіст АГП, як давераная асоба іншых кандыдатаў», — сказаў суду Дзяніс Красачка.

Блогеру з Воршы Дзьмітрыю Казлову далі 20 базавых. У суд везьлі 9 гадзін

Судзьдзя Аршанскага суду Кацярына Мажэйка прызнала Дзьмітрыя Казлова вінаватым у закліку да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 15 лістапада на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Штраф — 510 рублёў (20 базавых велічыняў).

Дзьмітры Казлоў быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Але пасьля яго зьнялі з выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG