Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі ўвялі абавязковае сканаваньне твараў карыстальнікаў смартфонаў


Пратэстоўцы ў Ганконгу, ілюстрацыйнае фота
Пратэстоўцы ў Ганконгу, ілюстрацыйнае фота

З 1 сьнежня жыхары Кітаю для падлучэньня да мабільных сэрвісаў мусяць адсканаваць свае твары, паведамляе BBC.

Улады КНР шмат гадоў пасьлядоўна змагаюцца з ананімным выкарыстаньнем інтэрнэту. Паводле іх, гэта робіцца для абароны законных правоў і інтарэсаў грамадзян у кібэрпрасторы.

Для атрыманьня мабільнага нумара і раней патрабавалася пасьведчаньне асобы з фатаграфіяй. Цяпер фота будуць параўноўваць са сканам твару, каб пераканацца, што ўсе карыстальнікі прысутнічаюць у сетцы пад сапраўднымі імёнамі.

Кітай лічыцца сусьветным лідэрам у відэаназіраньні й тэхналёгіях распазнаваньня людзей па тварах.

Улады і СМІ расхвальваюць тэхналёгію распазнаньня твару як эфэктыўны сродак барацьбы са злачыннасьцю. Летась там шырока асьвятляўся выпадак, калі паліцыя змагла затрымаць падазраванага зламысьніка на канцэрце сярод 60 тысяч чалавек.

Джэфры Дын з Оксфардзкага ўнівэрсытэту кажа, што адной з прычын імкненьня Пэкіну ідэнтыфікаваць ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту і смартфонаў сапраўды можа быць барацьба з кібэрзлачыннасьцю. Але вельмі верагодны іншы матыў — узмацненьне кантролю над усякай актыўнасьцю насельніцтва.

«Яны спрабуюць павесіць шыльду на кожнага», — лічыць экспэрт.

Кітайскія мэдыя надаюць навіне мала ўвагі. Але сотні карыстальнікаў кітайскіх сацыяльных сетак выказалі заклапочанасьць.

«Пастаяннае назіраньне за людзьмі ўзмацняецца, — напісаў карыстальнік мікраблогаў Sina Weibo. — Чаго яны баяцца?»

Кітайскія ўлады даўно цэнзуруюць інтэрнэт, выдаляючы і блякуючы інфармацыю, якую, на іхную думку, грамадзянам ведаць і абмяркоўваць ня варта.

У правінцыі Сіньцзян, дзе больш як мільён мусульман-уйгураў зазнаюць прымусовае «перавыхаваньне», відэакамэры наладжаныя вылучаць у людзкой плыні ўйгурскія абліччы, пісала на пачатку 2019 году New York Times.

Незадаволенасьць паўсюдным укараненьнем тэхналёгіяў распазнаваньня твару ў Кітаі расьце, кажа Джэфры Дын. Пакуль асьцярогі выклікае пераважна магчымасьць крадзяжу зьвестак і камэрцыйных злоўжываньняў, але крытыкаваць пачынаюць і ўрад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG