Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распрацоўніку відэагульняў адпомсьцілі, зрабіўшы ягонага пэрсанажа сымбалем ганконскіх пратэстаў


Звычайны выгляд Мэй — пэрсанажа гульні Overwatch

Кампанія адхіліла прафэсійнага гульца за падтрымку пратэстаў у Ганконгу — цяпер іншыя гульцы спрабуюць зрабіць так, каб гульню кампаніі заблякавалі ў Кітаі.

Амэрыканская кампанія Blizzard адхіліла ад спаборніцтваў прафэсійнага гульца ў ейную картачную стратэгію Hearthstone і анулявала ягоныя выйгрышы за тое, што ён 7 кастрычніка выказаўся ў падтрымку пратэстаў у Ганконгу, якія трываюць з пачатку лета, і такім чынам парушыў правілы турніру.

Кібэрспартовец пад мянушкай Blitzchung, родам з Ганконгу, у афіцыйнай тайваньскай трансьляцыі, прысьвечанай гульні, зьявіўся ў масцы, уласьцівай пратэстоўцам, і агучыў лёзунг пратэстаў: «Вызваліце Ганконг! Рэвалюцыя нашага стагодзьдзя!»

Шмат якім гульцам гэта не спадабалася — маўляў, амэрыканская кампанія пайшла на саступкі аўтарытарнаму Кітаю, парушыла свабоду слова. Супраць рашэньня пратэставалі нават супрацоўнікі Blizzard. Карыстальнікі найвялікшага калектыўнага блогу сьвету Reddit прыдумалі хітры спосаб адпомсьціць.

У іншай гульні Blizzard, «стралялцы» Overwatch, ёсьць пэрсанаж-кітаянка Мэй — яе вырашылі зрабіць сымбалем ганконскіх пратэстаў у спадзяваньні, што гульню з такім сымбалем заблякуюць у Кітаі.

Мэй дамалёўваюць ганконскую сымболіку, парасоны і маскі, камбінуюць ейныя выявы з забароненымі ў Кітаі фота гвалтоўнага разгону пратэстаў 1989 году на плошчы Цяньаньмэнь і каляжамі зь Сі Цзіньпінам у вобразе Віні-Пыха. Дзясяткі пастоў атрымліваюць тысячы віртуальных «плюсаў» (самыя ўпадабаныя — сотні тысяч галасоў).

Праз гэта Blizzard можа страціць нямала грошай — на кітайскі рынак пускаюць далёка ня кожную замежную гульню, а Overwatch ёсьць адной з галоўных крыніц прыбыткаў Blizzard.

Афіцыйнай рэакцыі Blizzard ці кітайскіх уладаў на флэшмоб пакуль не было.

Некаторыя гульцы заклікалі байкатаваць гульні кампаніі і выдаляць свае ўліковыя запісы Blizzard, але распрацоўнік часова забараніў так сыходзіць ад яго.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG