Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Apple выдаліла праграму для дэманстрантаў у Ганконгу са сваёй крамы


Праграма HKmap.live

Кампанія Apple выдаліла з Apple Store праграму для адсочваньня месцазнаходжаньня паліцыі ў Ганконгу. Карпарацыя заявіла, што праграма HKmap.live нясе пагрозу як для паліцыянтаў, так і для саміх жыхароў аўтаномнага рэгіёну Кітаю.

Apple выдаліла праграму пасьля крытыкі з Пэкіну. Кітайскія ўлады заявілі, што праграма «спрашчае ўдзел у беспарадках і, у прыватнасьці, дапамагае радыкальна настроеным актывістам нападаць на паліцыянтаў».

Распрацоўнік праграмы ў адказ заявіў, што праграма ня ставіць пад пагрозу бясьпеку паліцыянтаў і насельніцтва — толькі аб’ядноўвае кантэнт з агульнадаступных запісаў у сацсетках.

Пры гэтым у праграмы ёсьць мадэратары, якія выдаляюць тыя паведамленьні, што могуць справакаваць супрацьпраўныя дзеяньні, сьцьвярджаецца ў твітэры кампаніі.

Стваральнік праграмы назваў рашэньне Apple палітычным і накіраваным на ўцісканьне правоў чалавека ў Ганконгу.

Прадстаўнікі Кітаю на запыт агенцтва Reuters наконт выдаленьня праграмы HKmap.live з Apple Store не адказалі.

Пратэстоўцы на вуліцах Ганконгу – парасоны дэманстрантаў ужо сталі сымбалям дэмакратыі
Пратэстоўцы на вуліцах Ганконгу – парасоны дэманстрантаў ужо сталі сымбалям дэмакратыі

Гэта ня першы выпадак, калі заходнія карпарацыі і кампаніі спрабуюць пазьбегнуць канфліктаў з кітайскімі ўладамі. 7 кастрычніка ўжо адбыўся скандал у сувязі з твітам амэрыканскага трэнэра баскетбольнай каманды «Houston Rockets» наконт пратэстаў у Ганконгу, які выдаліла NBA.

У той жа дзень амэрыканская кампанія Blizzard адхіліла ад спаборніцтваў прафэсійнага кібэргульца ў ейную картачную стратэгію Hearthstone і анулявала ягоныя выйгрышы за тое, што ён 7 кастрычніка выказаўся ў падтрымку пратэстаў у Ганконгу, якія трываюць з пачатку лета, і такім чынам парушыў правілы турніру.

  • Актыўныя пратэсты ў Ганконгу пачаліся летам. Дэманстранты патрабавалі адклікаць з гарадзкога парлямэнту законапраект, які дазваляе выдаваць людзей, падазраваных у крымінальных злачынствах, судам кантынэнтальнага Кітаю. Улады прыпынілі разгляд законапраекту, але пратэстоўцы запатрабавалі поўнага яго скасаваньня.
  • Да восені сьпіс патрабаваньняў пашырыўся — цяпер актывісты дамагаюцца захаваньня аўтаноміі гораду і адстаўкі пракітайскай гарадзкой адміністрацыі.
  • Ганконг перайшоў пад сувэрэнітэт КНР у 1997 годзе — да гэтага ён быў кароннай тэрыторыяй Вялікай Брытаніі. Гораду гарантаваная шырокая аўтаномія ў межах мадэлі «Адна краіна — дзьве сыстэмы», якая будзе дзейнічаць да 2047 году. Жыхары асьцерагаюцца, што кітайскія ўлады паспрабуюць скасаваць аўтаномію раней за гэты тэрмін, і ня ведаюць, што іх чакае пасьля спыненьня тэрміну дамовы зь Лёнданам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG