Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве судзяць сына цыганскага барона. Працэс закрыты


Суд Ленінскага раёну Магілёва

У Магілёве судзяць прадстаўніка цыганскай дыяспары Міхаіла Бараноўскага, якога затрымалі неўзабаве пасьля міліцэйскіх рэйдаў, што праводзіліся ў траўні ў раёнах кампактнага пражываньня цыганоў і былі зьвязаныя з пошукамі зьніклага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча.

Чаму працэс закрыты?

Міхаіла Бараноўскага (вядомага пад мянушкай «Ромка») абвінавачваюць у незаконным абароце наркатычных рэчываў (ч.3 арт. 328 КК), парушэньні правілаў дарожнага руху і эксплюатацыі транспартных сродкаў (ч. 5, арт. 317 КК), а таксама ва ўхіленьні ад выкананьня прысуду аб пазбаўленьні права займацца пэўнай дзейнасьцю (417 арт. КК).

Разглядаюць справу ў Ленінскім судзе Магілёва ад 26 лістапада на закрытым працэсе. У Магілёўскім абласным судзе паведамілі, што такую пастанову вынесла судзьдзя «ў мэтах захаваньня зьвестак, атрыманых у ходзе апэратыўна-вышуковай дзейнасьці».

Відэа з затрыманьнем Міхаіла Бараноўскага было разьмешчана на сайце Міністэрства ўнутраных спраў 22 траўня. У прэс-рэлізе ведамства ён названы цыганскім баронам. Паводле міліцэйскага паведамленьня, Бараноўскага затрымлівалі з удзелам ДАІ і АМАП.

Родныя: міліцыянты казалі, што арыштоўваюць за гутарку з журналістамі

Міхаіл Бараноўскі і ягоная сям’я жывуць у магілёўскім пасёлку Чапаеўка, мясьціне кампактнага пражываньня цыганоў. Ягоныя родныя кажуць, што ён сын памерлага цыганскага барона і такога статусу, як бацька, ня мае.

Бараноўскі, двое ягоных сыноў і яшчэ дзясяткі іншых прадстаўнікоў цыганскай дыяспары ў ноч з 16 на 17 траўня былі затрыманыя, калі міліцыя адпрацоўвала вэрсію пра датычнасьць цыганоў да выкраданьня магілёўскага інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Пасьля двух сутак зьняволеньня ўсіх выпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.

Паводле родных Бараноўскага, калі яго «бралі» другі раз, то міліцыянты нібыта сказалі яму, што арыштоўваюць за гутарку з журналістамі.

Натальля Качанава абяцала разабрацца

23 траўня магілёўскія цыганы заявілі, што кіраўніца прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальля Качанава выбачылася перад імі за некарэктныя дзеяньні падчас расьсьледаваньня справы аб сьмерці інспэктара ДАІ Яўгена Патаповіча. Родныя Бараноўскага казалі пасьля сустрэчы з чыноўніцай, што яны задавалі пытаньне пра яго затрыманьне і яна паабяцала разабрацца.

Факт масавага затрыманьня прадстаўнікоў цыганскай дыяспары не прызналі ані Сьледчы камітэт, ані Міністэрства ўнутраных спраў. Там казалі, што з цыганамі, магчыма, праводзілі гутаркі.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG