Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі патэлефанаваў Пуціну, нагадаў пра газ і маёмасьць з затрыманых караблёў


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

З ініцыятывы ўкраінскага боку вечарам 25 лістапада прайшла тэлефонная размова кіраўнікоў Украіны і Расеі Ўладзіміра Зяленскага і Ўладзіміра Пуціна.

Паводле Офісу прэзыдэнта Ўкраіны, Зяленскі «падкрэсьліў важнасьць нядаўняга вяртаньня ўкраінскіх караблёў Расеяй». Тыдзень таму Расея перадала Ўкраіне тры караблі, захопленыя ў лістападзе 2018 году ў Керчанскай пратоцы. Але ўкраінцы недалічыліся на караблях шмат якога абсталяваньня і зброі — «паздымалі нават пляфоны, разэткі і ўнітазы».

Зяленскі ў тэлефанаваньні «падкрэсьліў неабходнасьць вяртаньня ўсёй зброі, тэхнікі і дакумэнтацыі на борт гэтых судоў», адзначае ягоны Офіс. У час тэлефанаваньня абмеркавалі таксама «пытаньне газавых перамоваў у трохбаковым фармаце Украіна-Расея-Эўразьвяз».

На сайце Крамля факт званка пацьвярджаецца: адзначана, што размова адбылася «з улікам заплянаванага на 9 сьнежня 2019 году ў Парыжы саміту ў „нармандзкім фармаце“» і прайшла «з ініцыятывы ўкраінскага боку».

Караблі, адзначае прэс-служба Пуціна, «былі выкарыстаныя ў ходзе правакацыі» — пра недахоп нейкага абсталяваньня на іх пасьля вяртаньня ня згадваецца.

Газавая праблематыка была абмеркаваная падрабязна, дадаюць у Крамлі; абмяркоўваліся прапановы як транзыту, так і аднаўленьня наўпроставых паставак расейскага газу ва Ўкраіну; «дамоўлена аб працягу кантактаў на розных узроўнях».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG