Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея вярнула Ўкраіне тры караблі, захопленыя год таму


Украінскія караблі выходзяць з Керчы, 17 лістапада 2019
Украінскія караблі выходзяць з Керчы, 17 лістапада 2019

Расея перадала Ўкраіне тры караблі, захопленыя ў лістападзе 2018 году ў Керчанскай пратоцы: гэта васковыя катэры "Нікополь" і "Бердянск", а таксама рэйдавы буксір "Яны Капу". Інфармацыю пра перадачу пацьвердзілі Міністэрства замежных спраў Расеі і прадстаўнікі вайскова-марскіх сіл Украіны.

25 лістапада 2018 году расейскія памежнікі захапілі ўкраінскія ваенныя катэры «Бердянск» і «Нікополь» і буксір «Яны Капу», якія спрабавалі прайсьці ў Азоўскае мора праз Керчанскую пратоку. Былі затрыманыя 24 украінскія вайскоўцы — экіпаж гэтых караблёў.

Маракі былі абвінавачаныя ў парушэньні расейскіх законаў і празь дзевяць месяцаў абмяняныя на арыштаваных ва Ўкраіне расейцаў. Караблі ўтрымліваліся ў Керчанскім порце ў анэксаваным Крыме.

Захопленыя Расеяй караблі ў Керчы ў лістападзе 2018 году
Захопленыя Расеяй караблі ў Керчы ў лістападзе 2018 году
  • У траўні Міжнародны трыбунал ААН па марскім праве пастанавіў, што Расея павінна вярнуць катэры і буксір ўкраінскаму боку.
  • Масква заявіла, што не прызнае юрысдыкцыю суда ў гэтым пытаньні. Кіеў ня менш за сем разоў зьвяртаўся да Масквы з патрабаваньнем вярнуць захопленую тэхніку.
  • Рашэньне трыбуналу не было выканана.

Асабістая зброя ўкраінскіх маракоў, а таксама рацыі і суднавыя дакумэнты застануцца ў Расеі. Яны выкарыстоўваюцца ў якасьці рэчавых доказаў у крымінальнай справе аб незаконным перасячэньні расейскай мяжы, заведзенай супраць абмяняных маракоў.

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG