Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыміналу не пабачылі — завялі адміністрацыйную справу за «голую акцыю» мастака


Мастак Аляксей Кузьміч ў галерэі НЦСМ

Два тыдні таму міліцыя адмовілася заводзіць крымінальную справу супраць мастака Аляксея Кузьміча, на якога напісалі скаргу за «голую акцыю» 3 кастрычніка. Але 25 лістапада Кузьміч апублікаваў на Facebook фота пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэньні.

Цяпер Аляксея Кузьміча, мяркуючы па пратаколе, вінавацяць у «дробным хуліганстве» (арт. 17.1 КаАП РБ), за што могуць аштрафаваць на суму ад 51 да 765 рублёў (ад 2 да 30 базавых велічыняў).

«У мінулы чацьвер мяне выклікалі чарговы раз у міліцыю для дадатковых сьведчаньняў, — кажа Кузьміч. — І там мне расказалі, што нейкі грамадзянін напісаў на мяне скаргу ўва ўсе магчымыя інстанцыі, у КДБ, у сілавыя структуры, хіба што ў Адміністрацыю Прэзыдэнта не напісаў. Ён паскардзіўся, што я зганьбіў гонар Рэспублікі Беларусь, напісаў, што мяне трэба пасадзіць і на псыхіятрычнае прымусовае лекаваньне адправіць».

Аляксея Кузьміча вінавацяць у яўнай непавазе да грамадзтва, але мастак сьцьвярджае, што ніякага злога намеру адносна грамадзтва ня меў: пытаньні ў яго выключна да сыстэмы культуры ў Беларусі і, у прыватнасьці, да Міністэрства культуры і падуладных яму інстытутаў.

«І я не разглядаю свае дзеяньні як цынічныя, — кажа Аляксей. — Але быць цынікам — мне здаецца, гэта не парушэньне заканадаўства».

Паводле Кузьміча, на выставе грамадзянін ня быў і інфармацыю аналізаваў па фота і відэа. Таксама да справы далучылі папярэднія заяўкі супрацоўнікаў НЦСМ. Аўтар скаргі і супрацоўнікі НЦСМ на судзе будуць выступаць разам.

«Цалкам магчыма, што гэта ўвогуле чалавек, які выконвае нечую замову, таму што там нават фармулёўкі аднолькава гучаць часам, — мяркуе Кузьміч. — Так любы чалавек можа напісаць на любога чалавека заяўку, але чамусьці гэта так сур’ёзна ўспрынята. Дагэтуль ніхто не зьбіраўся заводзіць на мяне адміністрацыйную справу. Міліцыя напісала (у адмове аб завядзеньні крымінальнай справы. — РС), што там відаць склад адміністрацыйнай справы, але самі яны нічога ініцыяваць ня будуць. А тут раптам зьяўляецца чалавек, празь якога яны яе ініцыююць».

Па зьвестках Кузьміча, суд будзе прыкладна праз два тыдні. У судзе яго мае прадстаўляць адвакат Сяргей Зікрацкі, справу вядзе той жа сьледчы Тупкоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG