Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі рэкордны рост пратэставай актыўнасьці ў 2019 годзе, — сацыёлягі


Затрыманьне на мітынгу падчас выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу. Масква, 27 ліпеня

Сацыёлягі адзначаюць вялікі рост пратэставай актыўнасьці ў Расеі ў 2019 годзе: у трэцім квартале ў краіне прайшло больш за 580 пратэстаў, а з пачатку году — 1443, і гэта рэкордны паказьнік за апошнія некалькі гадоў. Штогод у Расеі праходзіць ад 1200 да 1500 вулічных пратэстаў, адзначаюць дасьледнікі.

Пра гэта «Коммерсанту» расказалі ў Цэнтры сацыяльна-працоўных правоў (ЦСПП), спэцыялісты якога штоквартальна публікуюць даклад «Як пратэстуюць расейцы».

Самымі папулярнымі прычынамі пратэсту ў Расеі ў ліпені–верасьні 2019 году сталі звальненьні лекараў, экалягічная сытуацыя ў Шыесе (акцыі супраць праекту вывазу маскоўскага сьмецьця ў Архангельскую вобласьць) і выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу. Таксама ў дакладзе згадваюцца акцыі ў падтрымку шамана ў Бураціі, які ішоў «выганяць дэмана з Пуціна», і страйк апэратараў кранаў у Казані.

Двума непратэставымі рэгіёнамі Расеі па-ранейшаму застаюцца Чукотка і Чачня. У астатніх рэгіёнах траціну акцыяў пратэсту складаюць адзінкавыя і масавыя пікеты.

Паводле аўтаркі дакладу Ганны Очкінай, пікеты ў 2019 годзе «у прынцыпе сталі новым інструмэнтам сацыяльнага і працоўнага пратэсту», прычым «пратэст мяняецца, прымаючы форму бестэрміновага пікету, рэгулярных пікетаў у мэтро» (з 1 лістапада праходзяць штопятніцы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу).

У сьнежні адбудзецца штогадовая сустрэча прэзыдэнта Расеі з чальцамі Рады правоў чалавека, дзе кіраўнік камісіі грамадзянскіх свабодаў і грамадзянскай актыўнасьці Мікалай Сванідзэ мае намер расказаць аб пратэстах у краіне ў 2019 годзе. Як сказаў Сванідзэ «Коммерсанту», «сёлета колькасьць расейскага пратэсту перайшла ў якасьць, у тым ліку з прычыны незадаволенасьці моладзі бракам сацыяльных ліфтаў і афіцыёзнай хлусьнёй».

«Акрамя таго, у 2019 годзе мы сутыкнуліся з такой зьявай, як „цэхавы пратэст“: лекары, настаўнікі, навукоўцы, акторы аб’ядноўваліся між сабой і стваралі пры гэтым нейкі адзіны пратэст», — адзначыў Сванідзэ, удакладніўшы, што даклад прэзыдэнту аб пратэстах «яшчэ не гатовы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG