Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Які ж дурань захоча ажаніцца ў такіх умовах». У Расеі прайшлі пікеты супраць закону аб хатнім гвалце


Пратэст у Навасыбірску
Пратэст у Навасыбірску

У Маскве і Новасыбірску 23 лістапада прайшлі акцыі і пікеты «ў абарону традыцыйных духоўна-маральных каштоўнасьцяў і традыцыйных сем’яў, і недапушчэньня прыняцьця закону аб сямейна-бытавым гвалце ў Расеі».

Ўзгоднены пікет супраць прыняцьця законапраекту аб прафіляктыцы сямейна-бытавога гвалту прайшоў у Новасыбірску ў суботу. Яго ўдзельнікі выступалі супраць «зьнішчэньня інстытуту сямʼі», да чаго, на іх думку, можа прывесьці закон.

У пікеце ўзялі ўдзел каля 40 чалавек. Яны трымалі плякаты зь лёзунгамі «Сямʼя — малая царква», «Новасыбірск за сямʼю», «Абаронім сямʼю — выратуем Расею», «Разбурэньне сямʼі? Каму гэта выгадна?»

Адзін з арганізатараў пікету, Іван Квасьніцкі, лічыць закон аб хатнім гвалце дыскрымінацыяй па палавой прыкмеце: «Мужчына — заўсёды агрэсар, жанчына — заўсёды ахвяра. Яны хочуць зьмяніць само паняцьце «чалавек». Ён прывёў у прыклад сясьцёр Хачатурʼян, якія абвінавачваюцца ў забойстве бацькі, і прафэсара Сакалова, які забіў і расчляніў асьпірантку. «Ён агрэсар, таму што забіў ахвяру. А там яны забілі бацьку. Але ён іх вымусіў, каб яны яго забілі. Хітрасьць па вызначэньні», — лічыць Квасьніцкі.

«Калі закон уступіць у сілу, які ж дурань захоча ажаніцца ў такіх умовах», — заявіў Квасьніцкі. Ён дадаў, што закон — гэта «калька з Захаду».

Удзельнікі пікету лічаць, што закон у Расеі прасоўваюць радыкальныя фэмінісцкія арганізацыі на грошы ЭЗ. Актывісты бачаць праблему хатняга гвалту ў алькагалізьме: па іх дадзеных, 80% выпадкаў сямейных скандалаў адбываюцца ў стане апʼяненьня. Таму ў якасьці альтэрнатывы закону яны прапанавалі вярнуць сыстэму савецкіх лячэбна-працоўных прафілякторыяў. Такім чынам, на іх думку, вырашыцца праблема хатняга гвалту.

У Маскве на мітынг супраць закону аб хатнім гвалце выйшлі каля 200 чалавек, паведамляе Медуза. Афіцыйна арганізатары заяўлялі да паўтары тысячы ўдзельнікаў.

Мерапрыемства праходзіла ў парку «Сакольнікі». Сярод выступоўцаў быў у тым ліку протаіерэй Усевалад Чаплін.

Удзельнікам акцыі раздавалі ўлёткі, у якіх гаварылася, што закон аб хатнім гвалце — гэта першы зь пяці крокаў да выміраньня Расеі. Акцыя доўжылася ледзь больш за гадзіну.

9 ліпеня 2019 года Эўрапейскі суд па правах чалавека ўпершыню абавязаў Расею выплаціць кампэнсацыю жанчыне, што пацярпела ад хатняга гвалту. Акрамя таго, суд у Страсбургу прыняў яшчэ чатыры справы аб хатнім гвалце. Сярод іх справа Маргарыты Грачовай — жыхаркі Серпухова, якой муж адсек рукі.

Пасьля рашэньня суду ў Расеі зноў загаварылі пра неабходнасьць стварэньня закону аб прафіляктыцы гвалту ў семʼях. Праект такога дакумэнта ўжо ёсьць. Тры з паловай гады таму бытавыя пабоі ў Расеі перасталі быць злачынствам — за іх цяпер выпісваюць адміністрацыйныя штрафы. Праз год пасьля дэкрыміналізацыі колькасьць скаргаў на гвалт у сямʼі вырасла ўтрая. Расійскі амбудсмэн прызнала дэкрыміналізацыю памылкай.

19 лістапада ў Мінюсце РФ заявілі, што не разглядаюць хатні гвалт у якасьці «сурʼёзнай праблемы» ў Расеі, і лічаць, што яго маштабы «дастаткова перабольшаныя». Сваякоў загінулых ад хатняга гвалту жанчын абурыла гэтая пазыцыя.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У кастрычніку 2018 году пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі МУС адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб процідзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заявіў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а таксама расказаў, што ад яго «часта атрымліваў» старэйшы сын Віктар.

Паводле дадзеных МУС, у Беларусі за сем месяцаў 2019 году ад хатняга гвалту загінулі 55 чалавек, 4,5 тысячы хатніх скандалістаў былі прымусова адселеныя ад сям’і. У бліжэйшай пэрспэктыве гаворкі пра падрыхтоўку законапраекту аб процідзеяньні хатняму гвалту не ідзе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG