Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Расеі ня вераць, што жанчына — чалавек». Заліна Маршанкулава пра сучасны фэмінізм


Заліна Маршанкулава
Заліна Маршанкулава

27 кастрычніка ў Менску зь лекцыяй выступіла фэмактывістка і блогерка Заліна Маршанкулава, якая сёлета здабыла вядомасьць, прапанаваўшы «перасесьці з іголкі мужчынскага ўхваленьня на мужчынскі твар» у рэклямнай кампаніі Reebok.

У Маршанкулавай буйны паслужбовы сьпіс: яна кіраўнічая партнэрка незалежнага выдавецкага дому «Маміхлапінатана», аўтарка тэкстаў для Snob. ru, Tjournal. ru, TheVillage. ru і W-O-S. ru, стваральніца сайту «Breaking Mad», які штодзень акумулюе самыя абсурдныя навіны сьвету, і тэлеграм-каналу «Жаночая ўлада» з 30 тысячамі падпісантаў.

«Было так добра, пакуль не прыйшлі фэміністкі» — так называецца лекцыя, у якой Заліна акрэсьліла стэрэатыпы і памылкі, зь якімі штодня сутыкаюцца сучасныя фэміністкі.

Свабода сабрала самыя трапныя цытаты.

Пра традыцыйныя каштоўнасьці

«Людзі ў Расеі вераць ува ўсё: у зялёных чалавечкаў, у астралёгію, у прыкметы, закапваюць дзярмо пад бярозай, каб быць прыгажэй, а ў тое, што жанчына — чалавек, ня вераць.

Мы спрабуем у Расеі прасунуць закон супраць хатняга гвалту. І калі ты кажаш фразу: «Давайце ня біць жанчын і дзяцей» — напэўна, ня можа быць дыскусіі на гэтую тэму. Але яна ёсьць! Самы цікавы камэнтар на тэму хатняга гвалту: «фэміністкі хочуць прасунуць закон пра хатні гвалт таму, што яны хочуць, каб жанчыны без наступстваў забівалі мужчын».

Атрымліваецца, што традыцыйныя сямейныя каштоўнасьці — гэта гвалт. Няма гвалту — няма сям’і. Мы кажам: «А давайце паспрабуем зрабіць сям’ю, дзе ня будуць біць дзяцей і ня будуць біць жонак?» — «Не, ну гэта супярэчыць традыцыйным каштоўнасьцям. А калі дзіця ня слухаецца?»

У нас толькі нядаўна дазволілі жанчынам працаваць машыністкамі ў мэтро, пару месяцаў таму. У мяне раней пыталі: «Заліна, як думаеце, чаму жанчынам нельга працаваць машыністамі мэтро?» — «Ну, таму што жанчына баіцца ў цемры, яна заплача і зьбяжыць». Я думала, што мы так жартуем. А пасьля я прачытала камэнтар афіцыйнага прадстаўніка — і ён так і сказаў, толькі сур’ёзна! Тыпа, цемра вельмі кепска адбіваецца на псыхалягічным стане жанчыны, і яна пасьля ня зможа нараджаць.

На жаль, інстытут сям’і забіла нават ня я — ён забіў сам сябе. Таму што гэта эвалюцыя, таму што цывілізацыя разьвіваецца і калі раней мы жылі грамадой, сем’ямі — гэта было таму, што трэба было выжываць. Цяпер такой неабходнасьці няма, таму ўсё руйнуецца, ломіцца, а інстытут сям’і выкінуўся ў акно — сам.

Пра сэксісцкую рэкляму

Аказалася, што «пісі» і «сісі» не прадаюць, таму што чалавек запамінае, што было нейкае абяцаньне сэксу, але сэксу не адбылося, застаецца непрыемны асадак, нейкі падман. І чалавек абсалютна не запамінае, што рэклямавалі. То бок, беляшы, на якіх былі грудзі, ён не запомніць, хутчэй за ўсё.

Танныя сюжэты, дзе ёсьць круты мужык і вакол яго безаблічныя цёлачкі, падабаецца толькі неплацежаздольным падлеткам.

У мяне ёсьць сяброўка, яна топ-мэнэджэр у кампаніі. І ў яе ёсьць падрадчыкі, рэклямныя агенцтвы. І яны зрабілі жудасную рэкляму, дзе быў жарт, які зводзіўся да таго, што жанчына ня можа быць кіраўніцай. То бок, яны працуюць на жанчыну-кіраўніцу, якая дае ім грошы, і неяк не падумалі і зрабілі сэксісцкую рэкляму. Натуральна, яна іх звольніла.

Пра працу

Калі ў жанчыны нешта не атрымліваецца ў так званай «мужчынскай» сфэры, ёй кажуць: «Ты дурніца, авечка! Ты жанчына», калі ў мужчыны нешта не атрымліваюцца, яму кажуць: «Паспрабуй яшчэ!»

Галоўная праблема ў Расеі — гэта жэнаненавісьніцтва ад саміх жанчын. Яны думаюць як? Калі ў мяне нешта атрымалася, значыць, я такая разумная, а ў астатніх жанчын не атрымліваецца, таму што яны тупыя. Таму я намагаюся працаваць менавіта з кіраўніцамі-жанчынамі і тлумачыць ім: «Калі ласка, бяры на працу жанчын таксама!». Бо шмат кіраўніц-жанчын бяруць на працу мужчын, таму што лічаць, што жанчыны ня здолеюць.

Пра біялёгію

Калі праводзілі іспыт па матэматыцы сярод хлопчыкаў і дзяўчынак у краіне, дзе ўсё добра з правамі жанчын, дзяўчынкі выканалі заданьне лепей, чым хлопчыкі. А ў краіне, дзе моцная патрыярхальная культура, дзяўчынкі справіліся горш. Гэта не біялягічная прычына. Жаночы мозг адрозьніваецца ад мужчынскага толькі памерам, але, зноўку ж, выдатныя дасьледчыкі пастанавілі, што памер мозгу не ўплывае на талент і на інтэлект.

У жанчын часьцей сустракаецца «сындром самазванца». Чаму жанчыны не патрабуюць большы заробак? Па сацыялягічнай прычыне, а не як мужчыны часта кажуць: «Жанчыны ад прыроды больш сарамлівыя» Не! Гэта не прырода, гэта сацыялёгія.

Ніякіх інстынктаў у чалавека не існуе, і мацярынскі інстынкт — гэта ад вераваньня, што жанчына ня можа не хацець нараджаць, у яе тыпе закладзены мацярынскі інстынкт. Але гэтага няма. Ніякага тэрміновага, унутранага, прыроднага патрабаваньня няма. Ёсьць мацярынскія паводзіны.

Пра казкі

Чаму я заўжды ненавідзела Папялушку? А ў дзяцінстве я яшчэ ня ведала, што я фэміністка. Але ты расьцеш, маленькая дзяўчынка, і думаеш: а дзе яшчэ ролевыя мадэлі, калі ты нарадзілася ня з членам? А іх няма! Ёсьць толькі мужчынскі сусьвет, вакол якога круцяцца жанчыны ў прыгожых сукенках. Няма ролевай мадэлі для дзяўчынкі, якая не прынцэса. Альбо харошая, добрая, паслухмяная, альбо ты сьцерва, ведзьма.

Сёньня фэміністкі займаюцца рэпрэзэнтацыяй — гэта калі мы пераасэнсоўваем усю сусьветную літаратуру, мастацтва, філязофію за тыя часы, калі ня ведалі, што жанчына — чалавек. Але гэта ня значыць, што мы спалім усе кнігі, дзе жанчына — абслуга ў членацэнтрычным сьвеце. Няхай яно застанецца, але зараз мы можам усё гэта рэпрэзэнтаваць.

Няма больш такой сюжэтнай лініі, што прынцэса чакае, калі яе выратуюць, і яна пойдзе туды, куды скажа прынц, і будзе жыць яго жыцьцём. Гэта вельмі істотна — паказваць дзяўчынкам, што ты — гэта ты, і тваё жыцьцё не сканчаецца на тваім партнэры, што каханьне прыходзіць і сыходзіць, а ты ў сябе застаесься назаўжды.

Пра фэмінізм

Я вельмі сьмяюся, калі так званыя крытыкі фэмінізму кажуць: «Вось, на Захадзе фэміністкі мужыкоў лінчуюць!» Ці абмяркоўваюць гендэрна нэўтральныя прыбіральні. А мы жывем там, дзе клітары адразаюць. Нам зараз пакуль не да гэтага. Мы ніколі не дажывем ні да якой трэцяй хвалі, у нас усё яшчэ ня ведаюць, што жанчына — чалавек.

Тры гады таму на любую гісторыю са згвалтаваньнем жанчыны пісалі: «Сама вінаватая, шлюха». Мы ўсім фронтам разнастайных фэміністак прапрацавалі ўсё гэтае анляйн-асяродзьдзе, і цяпер усе ведаюць, што такое слатшэймінг, вікцімблэймінг.

Нехта думае, што «прафэсарка» — гэта прыніжальна. А ведаеце, чаму? Таму што ў сьвядомасьці ўсё, што ў жаночым родзе, — гэта легкадумнае і тупое, і гэта зафіксавалася ўжо ў мазгах, гадамі зафіксаванае, мільёнамі год! Таму фэмінітывы выклікаюць такую адмову, у тым ліку і ў жанчын: «Я не якая-небудзь прафэсарка, я прафэсар!»

Калі б вы пачулі, што зімой цёпла, а летам холадна, вы б сказалі: «Гэта няпраўда». Тое ж самае робяць фэміністкі, яны кажуць: «Гэта няпраўда. Месца жанчыны паўсюль».

Выступ Заліны Маршанкулавай арганізавала пляцоўка 34mag.net, за падзеямі якой можна сачыць у Telegram.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG