Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Балівійская сэнатарка абвясьціла сябе часовым прэзыдэнтам пасьля адстаўкі і ўцёкаў Маралеса


Балівійская сэнатарка Жанін Аньес (у цэнтры) абвясьціла сябе часовым прэзыдэнтам, 12 лістапада 2019 году
Балівійская сэнатарка Жанін Аньес (у цэнтры) абвясьціла сябе часовым прэзыдэнтам, 12 лістапада 2019 году

Балівійская сэнатарка Жанін Аньес абвясьціла сябе часовым прэзыдэнтам гэтай паўднёваамэрыканскай краіны нягледзячы на адсутнасьць кворуму, паведамляе Reuters.

Заканадаўцы ад левай партыі былога прэзыдэнта Эва Маралеса байкатавалі паседжаньне, дзе яе зацьвярджалі.

Раней Канстытуцыйны суд Балівіі заявіў, што пераход улады адбываецца з прычыны адстаўкі прэзыдэнта, таму рашэньне сэнату не патрабуецца. Такім чынам, ён пацьвердзіў пераход паўнамоцтваў прэзыдэнта Балівіі да Жанін Аньес.

Былы прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес, які пайшоў у адстаўку 10 лістапада, 12 лістапада прызямліўся ў Мэксыцы, улады якой далі яму палітычнае прыстанішча. Рашэньне даць прыстанішча Маралесу ў Мэксыцы патлумачылі «гуманітарнымі прычынамі і надзвычайнай сытуацыяй, зь якой ён сутыкнуўся ў Балівіі, дзе ягонае жыцьцё і недатыкальнасьць знаходзяцца пад пагрозай».

Цягам аднаго дня, 10 лістапада, Эва Маралес, які два тыдні таму абвясьціў пра чацьвёртую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Балівіі, пагадзіўся на новае галасаваньне, а пазьней падаў у адстаўку. Усьлед за ім свае пасады пакінулі віцэ-прэзыдэнт Альвара Гарсія Лінэра, старшыні абедзвюх палат парлямэнту краіны, а таксама шэраг міністраў, іх намесьнікаў і губэрнатараў. Уладныя паўнамоцтвы ў Балівіі пасьля адстаўкі ўсяго вышэйшага кіраўніцтва краіны перайшлі да другога намесьніка старшыні сэнату Балівіі Жанін Аньес.

Акрамя таго, паліцыя арыштавала старшыню выбарчай камісіі Балівіі і яе намесьніка, якіх падазраюць у фальсыфікацыі і іншых злачынствах на прэзыдэнцкіх выбарах 20 кастрычніка.

Пасьля перамогі Маралеса на чарговых выбарах 20 кастрычніка ў Балівіі пачаліся масавыя пратэсты апазыцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсыфікацыі. Паводле афіцыйных вынікаў, Эва Маралес, які балятаваўся ў прэзыдэнты ўжо чацьвёрты раз, атрымаў крыху больш за 47% галасоў, а ягоны галоўны апанэнт, былы журналіст Карляс Мэса, — 36,5%.

Пасьля пачатку пратэстаў, якія перарасьлі ў сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, Маралес абвясьціў рэжым надзвычайнага становішча і абвінаваціў апазыцыю ў спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот. У сутыкненьнях загінулі сама меней тры чалавекі і больш за 300 былі параненыя. Паводле апазыцыі, у многіх рэгіёнах да антыўрадавых пратэстаў далучалася і паліцыя.

Хто такі Маралес

Тры тыдні таму Маралесу споўнілася 60 гадоў. Ён кіраваў краінай ад 2006 году і быў першым у гісторыі этнічным індзейцам на чале рэспублікі. У палітыку ён трапіў у 1997 годзе: на выбарах у парлямэнт ён атрымаў рэкордную падтрымку ў краіне. Да таго Маралес займаўся фэрмэрствам — вырошчваў коку і кіраваў нават рухам вытворцаў кокі ў Балівіі.

Маралес — палітык левага кірунку. Узначальваў Рух на карысьць сацыялізму, удзельнічаў у сялянскіх пратэстах супраць лібэральных урадаў.

Падчас сваёй першай прэзыдэнцкай кампаніі Маралес абяцаў сялянам, што скасуе забарону на разьвядзеньне кокі, якую ўвяла папярэдняя ўлада. Падчас ягонага прэзыдэнцтва дзяржава пачала кантраляваць нафтавыя і газавыя радовішчы. Дзякуючы гэтаму краіна ў тры разы павялічыла прыбытак ад эксплюатацыі сыравіны. За гэтыя грошы Маралес выстраіў шчодрую палітыку сацыяльнай дапамогі.

Пры Маралесе краіна багацела. Што не падабалася людзям?

Людзям не падабаліся аўтарытарызм, карупцыйныя скандалы і мэгаляманія Маралеса. Як лічаць экспэрты, ажно 80% грамадзкіх і прыватных СМІ ў Балівіі падпарадкаваныя ўраду.

У выніку падзеньня цаны на нафту многія сацыяльны праекты ў краіне былі згорнутыя, вырас дэфіцыт бюджэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG