Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэксыка дала палітычнае прыстанішча былому прэзыдэнту Балівіі Маралесу


Былы прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес (у цэнтры), які пайшоў у адстаўку 10 лістапада

Улады Мэксыкі далі палітычнае прыстанішча прэзыдэнту Балівіі Эва Маралесу, які пайшоў у адстаўку, гаворыцца ў заяве МЗС Мэксыкі.

Міністарка ўнутраных спраў Мэксыкі вырашыла задаволіць адпаведнае хадайніцтва Маралеса ў сувязі з «пагрозай ягонаму жыцьцю і асабістай недатыкальнасьці».

Як адзначаецца ў афіцыйнай заяве, «Лацінская Амэрыка стала сьведкай няўдалых і гвалтоўных падзеяў, падчас якіх парушаецца канстытуцыйны парадак, а абраныя дэмакратычным шляхам улады вымушаныя адмаўляцца ад усяго, каб абараніць сваё жыцьцё і бясьпеку».

Маралес вусна і пісьмова зьвярнуўся да ўладаў Мэксыкі з прашэньнем даць прыстанішча. Рашэньне даць яму яго прынята «з гуманітарных прычынаў і ў сілу надзвычайнай сытуацыі, зь якой ён сутыкнуўся ў Балівіі, дзе ягонае жыцьцё і недатыкальнасьць знаходзяцца пад пагрозай». Калі і якім чынам былы кіраўнік Балівіі прыбудзе ў Мэксыку, не паведамляецца.

Эва Маралес у «Твітэры» напісаў, што ўдзячны ўладам Мэксыкі, і паабяцаў у будучыні вярнуцца на радзіму «з большай сілай і энэргіяй».

Цягам аднаго дня, 10 лістапада, Эва Маралес, які два тыдні таму абвясьціў пра чацьвёртую перамогу на прэзыдэнцкіх выбарах у Балівіі, пагадзіўся на новае галасаваньне, а пазьней падаў у адстаўку. Усьлед за ім свае пасады пакінулі віцэ-прэзыдэнт Альвара Гарсія Лінэра, старшыні абедзвюх палат парлямэнту краіны, а таксама шэраг міністраў, іх намесьнікаў і губэрнатараў. Уладныя паўнамоцтвы ў Балівіі пасьля адстаўкі ўсяго вышэйшага кіраўніцтва краіны перайшлі да другога намесьніка старшыні сэнату Балівіі Жанін Аньес.

Акрамя таго, паліцыя арыштавала старшыню выбарчай камісіі Балівіі і яе намесьніка, якіх падазраюць у фальсыфікацыі і іншых злачынствах на прэзыдэнцкіх выбарах 20 кастрычніка.

Пасьля перамогі Маралеса на чарговых выбарах 20 кастрычніка ў Балівіі пачаліся масавыя пратэсты апазыцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсыфікацыі. Паводле афіцыйных вынікаў, Эва Маралес, які балятаваўся ў прэзыдэнты ўжо чацьвёрты раз, атрымаў крыху больш за 47% галасоў, а ягоны галоўны апанэнт, былы журналіст Карляс Мэса, — 36,5%.

Пасьля пачатку пратэстаў, якія перарасьлі ў сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, Маралес абвясьціў рэжым надзвычайнага становішча і абвінаваціў апазыцыю ў спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот. У сутыкненьнях загінулі сама меней тры чалавекі і больш за 300 былі параненыя. Паводле апазыцыі, у многіх рэгіёнах да антыўрадавых пратэстаў далучалася і паліцыя.

Хто такі Маралес

Тры тыдні таму Маралесу споўнілася 60 гадоў. Ён кіраваў краінай ад 2006 году і быў першым у гісторыі этнічным індзейцам на чале рэспублікі. У палітыку ён трапіў у 1997 годзе: на выбарах у парлямэнт ён атрымаў рэкордную падтрымку ў краіне. Да таго Маралес займаўся фэрмэрствам — вырошчваў коку і кіраваў нават рухам вытворцаў кокі ў Балівіі.

Маралес — палітык левага кірунку. Узначальваў Рух на карысьць сацыялізму, удзельнічаў у сялянскіх пратэстах супраць лібэральных урадаў.

Падчас сваёй першай прэзыдэнцкай кампаніі Маралес абяцаў сялянам, што скасуе забарону на разьвядзеньне кокі, якую ўвяла папярэдняя ўлада. Падчас ягонага прэзыдэнцтва дзяржава пачала кантраляваць нафтавыя і газавыя радовішчы. Дзякуючы гэтаму краіна ў тры разы павялічыла прыбытак ад эксплюатацыі сыравіны. За гэтыя грошы Маралес выстраіў шчодрую палітыку сацыяльнай дапамогі.

Пры Маралесе краіна багацела. Што не падабалася людзям?

Людзям не падабаліся аўтарытарызм, карупцыйныя скандалы і мэгаляманія Маралеса. Як лічаць экспэрты, ажно 80% грамадзкіх і прыватных СМІ ў Балівіі падпарадкаваныя ўраду.

У выніку падзеньня цаны на нафту многія сацыяльны праекты ў краіне былі згорнутыя, вырас дэфіцыт бюджэту.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG