Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Балівіі пасьля пратэстаў пагадзіўся правесьці новыя выбары


Пратэсты ў Балівіі пачаліся пасьля таго, як Найвышэйшы выбарчы суд краіны паведаміў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 20 кастрычніка, абвясьціўшы пераможцам Эва Маралеса.

Прэзыдэнт Балівіі Эва Маралес пагадзіўся ануляваць афіцыйныя вынікі першага тура выбараў прэзыдэнта і правесьці новае галасаваньне. Яго заява прагучала на фоне масавых пратэстаў апазыцыі, якая не прызнала яго перамогу, заявіўшы пра фальсыфікацыі.

Маралес таксама пагадзіўся распусьціць выбарчую камісію і сфармаваць яе нанова.

Раней Арганізацыя амэрыканскіх дзяржаваў рэкамэндавала зьвярнуцца менавіта да такіх крокаў, каб выявіць сапраўдную волю выбаршчыкаў. Пакуль незразумела, пагодзіцца апазыцыя з прапановай, ці пратэсты працягнуцца.

У ноч на 10 лістапада пратэстоўцы заблякавалі працу дзяржаўных СМІ Балівіі. Натоўпы людзей узялі ў аблогу офісы агульнанацыянальнай радыёстанцыі Radio Patria Nueva і агульнанацыянальнага тэлеканалу Bolivia TV у найбуйнейшым горадзе краіны Ла-Пасе.

У МЗС Балівіі назвалі пратэстоўцаў «групамі радыкалаў», абвінавацілі іх у нападзе на журналістаў і нежаданьні пачаць палітычны дыялёг, каб «вярнуць краіну да міру, абараніць дэмакратыю, вяршэнства права і адзінства балівійцаў».

Пратэсты ў Балівіі пачаліся пасьля таго, як Найвышэйшы выбарчы суд краіны абвясьціў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбыліся 20 кастрычніка. Паводле дадзеных суду, Эва Маралес, які балятуецца ў прэзыдэнты ўжо чацьвёрты раз, атрымаў крыху больш за 47% галасоў, а яго галоўны апанэнт, былы журналіст Карлас Мэса, — 36,5%.

Адрыў больш чым на 10% дазволіў абвясьціць Маралеса пераможцам у першым туры. Мэса не прызнаў вынікаў, заявіў аб масавых фальсыфікацыях і заклікаў сваіх прыхільнікаў выйсьці на вуліцы, патрабуючы правядзеньня другога туру.

У выніку ў некалькіх гарадах Балівіі пачаліся сутыкненьні паміж пратэстоўцамі і паліцыяй, ахвярамі якіх сталі сама меней тры чалавекі.

Маралес абвясьціў рэжым надзвычайнага становішча і абвінаваціў апазыцыю ў спробе арганізаваць дзяржаўны пераварот. Пазьней ён прапанаваў пратэстоўцам сесьці за стол перамоваў.

Напярэдадні Карлас Мэса апублікаваў відэазварот, у якім адмовіўся ад перамоваў зь дзейнай уладай. «Мне няма пра што размаўляць з Маралесам і ягоным урадам», — заявіў ён, назваўшы апанэнтаў ашуканцамі.

Эўразьвяз запатрабаваў ад уладаў Балівіі правесьці другі тур прэзыдэнцкіх выбараў. Яго правядзеньне лічаць найлепшым варыянтам для пераадоленьня крызісу і ў ААН.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG