Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі амбасадаў Беларусі маюць беларускамоўныя сайты? Адной карцінкай


Беларуская мова на сайтах беларускіх амбасадаў у сьвеце.

Якія беларускія амбасады маюць сайты на беларускай мове? Дыпляматычныя прадстаўніцтвы якіх дзяржаваў у Беларусі маюць беларускамоўныя інтэрнэт-старонкі? Палічылі і зьвярнуліся па камэнтар да Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Якія амбасады Беларусі вядуць інтэрнэт-старонкі па-беларуску

Беларусь мае блізу 60 дыпляматычных прадстаўніцтваў у розных дзяржавах сьвету. Пераважная большасьць зь іх мае сайт на расейскай мове і на мове краіны знаходжаньня. І толькі 13 беларускіх амбасадаў маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў.

  • У Азіі толькі амбасада Беларусі ў Інданэзіі мае беларускамоўную старонку.
  • У Афрыцы і Паўночнай Амэрыцы беларускамоўнай старонкі ня мае ніводнае дыпляматычнае прадстаўніцтва Беларусі.
  • У Паўднёвай Амэрыцы беларускамоўную інтэрнэт-старонку мае амбасада Беларусі ў Эквадоры.
  • У Эўропе беларускамоўныя старонкі маюць амбасады Беларусі ў Аўстрыі, Бэльгіі, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыне, Латвіі, Літве, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Францыі і Эстоніі.

Якія дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў

Беларускамоўныя старонкі маюць амбасады Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Казахстану, Латвіі, Літвы, Нямеччыны, Польшчы, Славаччыны, ЗША і Чэхіі.

Цікавыя факты

МЗС Беларусі: Актыўна працуем над выпраўленьнем сытуацыі

Анатоль Глаз
Анатоль Глаз

Чаму ня ўсе прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой маюць беларускамоўныя вэрсіі сваіх сайтаў? Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз патлумачыў Свабодзе, што такая сытуацыя ўтварылася з тэхнічных прычынаў:

— Міністэрства замежных справаў і дыпляматы ў сваёй працы актыўна карыстаюцца дзьвюма дзяржаўнымі мовамі, старонка міністэрства ў інтэрнэце вядзецца на трох мовах. Наша старонка — гэта ўзор для іншых дзяржаўных установаў. Гэтак жа і брыфінгі прэс-сакратара МЗС мы стараемся даваць на дзьвюх дзяржаўных мовах. Гэты недахоп з асобнымі старонкамі некаторых нашых установаў за мяжой нам вядомы. Прычыны маюць выключна тэхнічны характар. І мы зараз актыўна працуем над выпраўленьнем сытуацыі.

Паводле Анатоля Глаза, дыпляматычныя прадстаўніцтвы робяць беларускамоўныя старонкі сайтаў самі, бо працаўнікі добра валодаюць беларускай мовай: «Паступова над гэтым працуем, адзін за другім мы будзем уводзіць беларускую мову на тых сайтах, дзе яе яшчэ не хапае».

Уладзімер Макей: Наша мова характарызуе нас як сталую нацыю

Уладзімер Макей падчас прыёму у МЗС для амбасадараў і прадстаўнікоў дыпмісій зь семʼямі. 2019 год.
Уладзімер Макей падчас прыёму у МЗС для амбасадараў і прадстаўнікоў дыпмісій зь семʼямі. 2019 год.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей неаднаразова выказваўся ў падтрымку беларускай мовы:

— Наша мова шчыра характарызуе нас як сталую нацыю са сваім сьветапоглядам і мэнталітэтам, адлюстроўвае досьвед, каштоўнасьці, традыцыі беларускага народу. Яна зьяўляецца важнай прыметай этнічнай самасьвядомасьці беларусаў і істотным падмуркам дзяржаўнасьці.

Уладзімер Макей адзначае, што на беларускай мове ў Беларусі гавораць менш людзей, чым на расейскай, і таму беларускай трэба надаваць больш увагі:

— Калі мы хочам захаваць нацыю, народ, дзяржаву, то гэта само сабой разумеецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG