Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Францыі заявіў пра «сьмерць мозгу» NATO


Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

Эўропа больш ня можа спадзявацца на абарону ЗША як саюзьніка па NATO. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон у інтэрвію брытанскаму часопісу The Economist. «Мы перажываем "сьмерць мозгу" NATO», — сказаў Макрон.

Паводле прэзыдэнта Францыі, Эўропа стаіць на краі бездані і павінна пачаць думаць пра сябе як пра самастойную геапалітычную дзяржаву. Макрон заявіў, што напярэдадні саміту NATO ў снежні, альянсу трэба праясьніць стратэгічныя мэты, а Эўропе варта нарошчваць уласную абарону.

Камэнтуючы нядаўнюю турэцкую апэрацыю на поўначы Сырыі, прэзыдэнт Францыі адзначыў, што ЗША не ўзгадняюць свае дзеяньні з партнэрамі па NATO. «І мы зьяўляемся сьведкамі агрэсіі з боку іншага партнэра па NATO, Турэччыны, у галіне, дзе нашы інтарэсы пастаўленыя на карту без ўзгадненьня», — дадаў Макрон.

Францускі лідэр таксама заклікаў Расею пачаць сур’ёзны дыялёг з Эўропай і раскрытыкаваў эўрапейскую палітыку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

Упершыню амэрыканскі прэзыдэнт не падзяляе ідэю «эўрапейскага праекту», — адзначыў Макрон. «Гэта адбываецца тады, калі Эўропа сутыкаецца з умацаваньнем Кітаю і аўтарытарнымі рэжымамі ў Расеі і Турэччыне», — сказаў Макрон. Ён дадаў, што Эўразьвяз аслаблены Брэксытам.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Меркель у адказ на словы прэзыдэнта Францыі заявіла: «NATO застаецца асновай асноў нашай бясьпекі».

Раней Макрон неаднаразова заяўляў, што прыярытэтам для Францыі зьяўляецца будаўніцтва адзінай эўрапейскай абароны пры супрацоўніцтве з NATO.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG