Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Крамлі добра ведаюць пра сумнеўную баяздольнасьць беларускага войска»


Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, палітоляг Андрэй Ягораў тлумачыць, чаму Лукашэнка зноў загаварыў пра «пагрозу NATO», і адказвае, ці ўздымаецца зноў пытаньне расейскай ваеннай базы ў Беларусі.

Сьцісла:

  • Ня варта ствараць паўнавартасную базу NATO ў Польшчы, каб ня выклікаць сымэтрычнага адказу Расеі.
  • Стратэгія Захаду разьлічаная на тое, каб не ствараць, як падчас «халоднай вайны», рэальную сыстэму супрацьдзеяньня.
  • «Пагроза NATO» нерэальная, і так яна і ўспрымаецца беларускім насельніцтвам, людзей гэта мала хвалюе.

— Апошнімі днямі назіраецца актыўны абмен палітычнымі заявамі паміж кіраўніцтвам Беларусі і кіраўніцтвам Літвы і NATO ў сувязі з тым, што ў 2020 годзе пройдуць вучэньні NATO Defender-2020. У межах вучэньняў ЗША маюць намер адпрацаваць хуткае перакідваньне сваіх войскаў праз Атлянтычны акіян і Нямеччыну ў Польшчу і краіны Балтыі. У Літву ўжо прыехаў кантынгент вайскоўцаў NATO, а таксама вайсковая тэхніка — як паведамляецца, 30 танкаў.

Гэта выклікала і актыўныя заявы Аляксандра Лукашэнкі, і выбух беларускай прапаганды супраць «агрэсіўнага NATO». Чаму Лукашэнка адрэагаваў менавіта такім чынам?

— Я думаю, што найперш такая дэманстратыўная рэакцыя Лукашэнкі зьвязаная з сыгналам, адрасаваным Усходу. Гэткая дэклярацыя саюзьніцкай пазыцыі, традыцыйная эксплюатацыя міталёгіі пра «фарпост» Расеі на Захадзе, абарону рубяжоў «саюзнай дзяржавы» і гэтак далей. Зноў падаецца сыгнал, што мы ня проста так карыстаемся расейскімі субсыдыямі, а яшчэ абараняем «саюзную дзяржаву».

— Ці ўдаецца Лукашэнку пераканаць Маскву, што «мы, Беларусь, самі справімся, і ваша дапамога нам ніяк не патрэбная»?

— Думаю, Крэмль Лукашэнка ні ў чым пераканаць ня здолее, бо там добра ведаюць пра баяздольнасьць беларускага войска і магчымасьць супрацьстаяць нейкім пагрозам, пра ролю Беларусі ў нейкай «агульнай абароне». Таму такія выказваньні Лукашэнкі арыентаваныя хутчэй на расейскія СМІ і грамадзкую думку ў Расеі, якая павінна атрымліваць нейкія пазытыўныя пасылы наконт таго, што Беларусь прытрымліваецца
сваіх саюзьніцкіх абавязаньняў, разам з Расеяй супрацьстаіць «агульнаму ворагу». У выніку гэтая расейская грамадзкая думка мае пазытыўна глядзець на Беларусь і нэгатыўна — на магчымы сцэнар інкарпарацыі Беларусі.

— Часам нават незалежныя аналітыкі, калі абмяркоўваюць нейкія крокі NATO (магчымы «форт Трампа» ў Польшчы, павелічэньне вайсковай прысутнасьці ва Ўсходняй Эўропе), кажуць пра тое, што гэтыя крокі могуць паставіць афіцыйны Менск у няёмкае становішча і прымусіць нешта адказваць. Ці лічыце вы, што думка афіцыйнай Беларусі ніяк ня ўлічваецца падчас прыняцьця такіх рашэньняў? Магчыма ж, беларуская дыпляматыя па нейкіх каналах даносіць да Захаду думку — «не рабіце таго ці гэтага, вы нас ставіце ў пэўнае становішча?»

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

— Я думаю, кіраўніцтва NATO ва ўсіх стратэгічных разьліках улічвае магчымае супрацьдзеяньне Расеі і ролю Беларусі пры нарошчваньні кантынгенту NATO на ўсходніх рубяжах Эўразьвязу. І тут, я думаю, ёсьць такія разьлікі, што, магчыма, ня варта ствараць паўнавартасную базу ў Польшчы, каб ня выклікаць сымэтрычнага адказу Расеі. Гэта не абавязкова база ў Беларусі, але і магчымыя іншыя дзеяньні — перанакіраваньне ракетаў, узмацненьне заходніх груповак войскаў.

Хутчэй, стратэгія Захаду разьлічаная на тое, каб не ствараць, як падчас «халоднай вайны», рэальную сыстэму супрацьдзеяньня, а хутчэй абазначаць натаўскую вайсковую прысутнасьць на памежжы магчымых сутыкненьняў. Самая гэтая прысутнасьць выконвае функцыю стрымліваньня варожасьці, бо ў такім выпадку гэта будзе сутыкненьне з ЗША, чаго наўрад ці каму хочацца.

— Лукашэнка ў сваёй рэакцыі кажа дзіўную фразу — «Ня дай бог другі Чарнобыль. Эўропа яго не перажыве». Дзіўна, што за Беларусь у выпадку «другога Чарнобыля» ён як бы не хвалюецца. А палохае менавіта Эўропу.

— Натуральна, ён палохае Эўропу. Але тут, магчыма, намёк, што розныя гібрыдныя пагрозы і напружаньне ў гэтым рэгіёне могуць выражацца, сярод іншага, у правакаваньні тэхнагенных катастрофаў. Таму — «менш напружаньня, больш бясьпекі». Можа, тут быў такі пасыл.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

— Шырокая прапагандысцкая кампанія супраць гэтых вучэньняў зараз разгарнулася ў беларускай дзяржаўнай прэсе. Як бы вы гэта патлумачылі — з улікам таго, што апошнія гады працягваецца працэс «нармалізацыі» адносінаў з Захадам? Ці тут ёсьць сувязь з выбарчай кампаніяй, ці варта палохаць народ старой «пагрозай NATO»?

— Ня думаю, што гэта зьвязана з выбарамі. Бо ўладам няма неабходнасьці «нагнятаць» унутраную сытуацыю. Тым больш «пагроза NATO» нерэальная, і так яна і ўспрымаецца беларускім насельніцтвам, людзей гэта мала хвалюе.

Цяпер гэтая антызаходняя рыторыка ня надта і ўплывае на стасункі Беларусі з Эўразьвязам і ЗША. Бо ўся структура гэтых адносін выбудоўваецца такім чынам, што бакі імкнуцца разумець адзін аднаго, у тым ліку браць пад увагу розныя кантэксты, у якіх выступае рыторыка. І Захад разумее, што гэтая рыторыка — хутчэй знак, адрасаваны Расеі, а не рэальныя варожыя адносіны да Захаду.

Што да канкрэтна Літвы, то тут адносіны сапраўды моцна сапсаваныя, так што тут уладам можна казаць што заўгодна.

— Ці дае разьмяшчэньне войскаў у Літве нейкія падставы Расеі патрабаваць ад Менску большага ўдзелу ў агульных вайскова-стратэгічных справах? Ці Менску ўдасца адбівацца ад гэтых памкненьняў Масквы?

— Вядома, Беларусі варта адбівацца ад гэтага. Менск добра разумее, што вобраз нэўтралітэту стварае для Беларусі вельмі выгадны імідж, які канвэртуецца ў пэўныя выгады ад пашырэньня супрацоўніцтва з Захадам. Страціць гэта — азначае страціць усе гэтыя выгады. Таму Беларусь будзе адбівацца настолькі, наколькі можа гэта рабіць.

Ці ўдасца гэта? Складана сказаць, бо ўся гэтая вайскова-стратэгічная сэрыя ўпісваецца ў фармат «паглыбленай інтэграцыі», якая абавязкова будзе закранаць сфэры бясьпекі.

Застаецца спадзявацца, што ў беларускага кіраўніцтва хопіць волі, рэсурсаў і розуму не здаваць сувэрэнітэт, не ісьці на сумнеўны гандаль з Расеяй. Бо ў стратэгічнай пэрспэктыве Беларусь тут страціць усё, і наўрад ці нешта атрымае.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG