Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На перадвыбарчую сустрэчу з дыпляматам Савіных, якога падтрымаў Лукашэнка, ніхто не прыйшоў


Андрэй Савіных

На перадвыбарную сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кадравым дыпляматам Андрэем Савіных, якога падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, ніхто не прыйшоў. Пра гэта сам Савіных паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку вечарам 6 лістапада, суправадзіўшы тэкст фатаграфіяй, дзе ён з разьведзенымі рукамі на фоне пустой актавай залі.

«Ігар Барысаў, вы не адзінокі! «Шлях кандыдата ня высланы ружамі». 6 лістапада напярэдадні доўгіх выхадных, плюс лівень, мне не ўдалося сабраць людзей на сустрэчу. Мая памылка. Няправільна выбраў дзень. Але ўпэўнены, «заўтра будзе лепш, чым учора», — напісаў кандыдат.

Далей у камэнтарах да паста Савіных адзначыў: «На жаль, пераацаніў сваю прывабнасьць, сказалі б праўдалюбы, якіх я сілком прыкаваў да сваёй старонкі... Гэта карысны ўрок».

«Бывае такое, гэта нармальна!» — адрэагаваў старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч, які таксама балятуецца ў Палату прадстаўнікоў.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, да якога зьвяртаўся Савіных, напісаў: «Зачотна:) З пачуцьцём гумару ў вас усё добра! Давайце перададзім эстафэту з пустой заляй Ліліі Ананіч (былы міністар інфармацыі, якая ідзе ў дэпутаты. — БелаПАН.). У яе ўжо 57 сустрэч з выбаршчыкамі пры поўных залях:)))))))» У адказ Савіных заклікаў: «Не зайздросьціце. Памятайце народную мудрасьць пра двух нябітых за аднаго бітага».

Дыплямат згадаў Барысава ў сувязі з тым, што 4 лістапада той апублікаваў у «Фэйсбуку» сваю фатаграфію таксама з разьведзенымі рукамі на фоне амаль пустой залі (у кадры бачны яшчэ адзін чалавек). Здымак палітык суправадзіў камэнтаром:

«Сустрэчы з выбаршчыкамі без адміністрацыйнага рэсурсу выглядаюць прыкладна так. Учора абвесткі з запрашэньнямі на сустрэчу былі разьвешаны амаль на 70 бліжэйшых да месца сустрэчы з кандыдатам у дэпутаты пад’ездах. Усё больш люблю беларусаў, якія разумеюць, што да чаго. За апошнія 25 год улада так змагалася з апазыцыяй, што перамагла не толькі яе, але і сябе саму, бо, як кажуць разумныя людзі: апазыцыя — гэта люстэрка ўлады».

Савіных балятуецца ў Менску па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96, Барысаў — па сталічнай Коласаўскай акрузе № 106, Гайдукевіч — па сталічнай Каліноўскай акрузе № 108, Ананіч — па Барысаўскай сельскай акрузе № 63.

12 верасьня падчас кадравых прызначэньняў Аляксандр Лукашэнка павітаў намер былога пасла ў Турэччыны і прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных удзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. У ліку іншых быў прызначаны новы пасол у Турэччыны і па сумяшчальніцтве ў Іраку. Гаворачы аб яго папярэдніку, Лукашэнка адзначыў:

«Савіных вырашыў паўдзельнічаць у выбарах. Вядома, гэта добра падрыхтаваны чалавек. Дыпляматы павінны быць у парлямэнце». «Тым больш арганізоўваць трэба будзе дыпляматычную працу», — дадаў Лукашэнка.

56-гадовы Андрэй Савіных працаваў паслом у Турэччыне і па сумяшчальніцтве ў Іраку з сакавіка 2014 году. Да гэтага двойчы займаў пасаду прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў — з сакавіка 2003 па люты 2005 года і з красавіка 2010-га па сьнежань 2013-га. У перапынку паміж працай на гэтай пасадзе быў намесьнікам сталага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве.

Выбары ў ПП НС пройдуць 17 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG