Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў Эўразьвязе: дапамога Кіеву залежала ад расьсьледаваньня справы сына Байдэна


Гордан Сондланд
Гордан Сондланд

Аднаўленьне амэрыканскай вайсковай дапамогі Ўкраіне, прыпыненай мінулым летам прэзыдэнтам Трампам, залежала ад расьсьледаваньня дзейнасьці ў гэтай краіне Хантэра Байдэна, сына былога віцэ-прэзідэнта і цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнты ЗША.

Такое папярэджаньне зрабіў украінскім уладам амэрыканскі пасол у ЭЗ Гордан Сондланд. Пра гэта гаворыцца ў дапаўненьнях да паказаньняў Сондланда у Кангрэсе, апублікаваных у аўторак.

Выступаючы на слуханьнях у Кангрэсе некалькі тыдняў таму, Содланд сышоў ад адказу на пытаньне аб прычынах прыпыненьня дапамогі, спаслаўшыся на тое, што ня памятае ўсіх абставінаў тых падзей.

У апублікаваным у аўторак дакумэнце, дзе пасол удакладняе свае паказаньні, гаворыцца, што 1 верасьня сёлета ён паведаміў Андрэю Ермаку, памочніку прэзыдэнта Ўкраіны Уладзіміра Зяленскі, што «аднаўленьне амэрыканскай дапамогі, хутчэй за ўсё, не адбудзецца да таго часу, пакуль Украіна ня зробіць публічнай антыкарупцыйнай заявы, якую мы абмяркоўвалі некалькі тыдняў». Гаворка ішла аб заяве, у якой павінна была быць згаданая кампанія «Бурисма», дзе адным з дырэктараў быў сын былога віцэ-прэзыдэнта і цяперашняга кандыдата ў прэзыдэнта Джо Байдэна.

Паводле словаў Сондланда, які, на ўказаньне Дональда Трампа, займаўся каардынацыяй ўкраінскай палітыкі ў адміністрацыі Трампа, сам прэзыдэнт нічога не казаў яму пра ўмовы аднаўленьня вайсковай дапамогі. Ён толькі сказаў у тэлефоннай размове: «Я хачу, каб Зяленскі зрабіў тое, што правільна». Сондланд, паводле яго слоў, «выказаў здагадку», што расьсьледаваньне «Бурисмы» — гэта тое, чаго жадае прэзыдэнт.

Некалькі камітэтаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША шукаюць адказ на пытаньне, ці выкарыстаў прэзыдэнт Трамп пагрозу прыпыненьня вайсковай дапамогі Ўкраіне і магчымасьць правядзеньня амэрыкана-ўкраінскага саміту, патрабуючы ад Кіева, расьсьледаваньня дзеяньняў у гэтай краіне Хантэра Байдэна, сына свайго палітычнага суперніка. Станоўчы адказ на гэтае пытаньне можа, як лічыцца, стаць падставай для імпічмэнту прэзыдэнта.

Пакуль паказаньні Кангрэсу далі больш за дзесятак дыпляматаў і супрацоўнікаў адміністрацыі Трампа, якія мелі дачыненьне да фарміраваньня ўкраінскай палітыкі ЗША. Усе яны ў большай ці меншай ступені паказвалі на прыкметы існаваньня такога ціску на Кіеў, які аказваўся, галоўным чынам, па неафіцыйных каналах праз Рудзі Джуліяні, асабістага адваката Дональда Трампа. Але ні ў кога зь іх няма сьведчаньняў прамога ўмяшаньня прэзыдэнта ЗША ў гэты працэс.

У аўторак былі таксама апублікаваныя паказаньні былога спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта Трампа ў Кіеве Курта Ўолкера, які заявіў, што ў яго няма дадзеных пра тое, што амэрыкана-расейскі саміт быў абумоўлены правядзеньнем антыкарупцыйнага расьсьледаваньня ва Ўкраіне.

Паводле словаў прадстаўніка Белага дому Стэфані Грышэм, паказаньні пасла Сондланда сьведчаць аб тым, што «існуе яшчэ менш падстаў для незаконнага імпічмэнту», чым здавалася раней. Яна падкрэсьліла, што Сондланд выказаў здагадку, што аднаўленьне дапамогі залежыць ад расьсьледаваньня справы Байдэна, ня вызначыўшы, што зьяўляецца крыніцай такіх здагадак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG