Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова жыхароў ЗША выступае за імпічмэнт Трампу, палова — супраць


Дональд Трамп

Насельніцтва ЗША падзялілася амаль папалам. 49 адсоткаў амэрыканцаў выступаюць за адхіленьне 45-га прэзыдэнта Дональда Трампа ад улады, 47 працэнтаў — супраць.

Пра гэта сьведчаць апублікаваныя ў пятніцу вынікі апытаньня сумеснага Washington Post — ABC News.

Аналягічную ацэнку дае усярэдні вынік іншых сацыялягічных апытаньняў, паказвае сайт RealClearPolitics.

Супраць імпічмэнту выступаюць 82% рэспубліканцаў, за — 82 адсотка дэмакратаў, адзначаецца ў апытаньні WP/ABC. Сярод амэрыканцаў, якія ня залічаюць сябе да прыхільнікаў дзьвюх партый, супраць «звальненьня» Трампа 49 адсоткаў насельніцтва, за — 47 адсоткаў.

У чацьвер Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША большасьцю галасоў прагаласавала за парадак працэдуры імпічмэнту 45-га прэзыдэнта краіны Дональда Трампа. Рэзалюцыю падтрымалі 232 з 431 кангрэсмэна з правам голасу, у тым ліку 231 дэмакрат і адзін незалежны дэпутат. Усё рэспубліканцы, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні, выказаліся супраць.

Дэмакраты абвінавачваюць Трампа ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і спробе выкарыстаць кіраўніка іншай дзяржавы — прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага для ўмяшаньня ў перадвыбарчую кампанію ў ЗША. Трамп і яго прыхільнікі поўнасьцю адмаўляюць абвінавачваньні.

Згодна з Канстытуцыяй, сьледзтва па справе аб імпічмэнце вядзе ніжняя палата Кангрэсу. Яна павінна зацьвердзіць абвінаваўчае заключэньне простай большасьцю галасоў і перадаць яго ў Сэнат, які выканае функцыі суду. Дзьве траціны сэнатараў — 67 чалавек павінны прызнаць прэзыдэнта вінаватым. Большасьць у верхняй палаце належыць рэспубліканцам, для зацьвярджэньня імпічмэнту як мінімум 20 з іх павінны будуць прагаласаваць у падтрымку абвінавачаньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG