Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа пра імпічмэнт Трампа: словы амбасадара ва Ўкраіне назвалі «выбуховымі»


Уільям Тэйлар

Часовы павераны ЗША ва Ўкраіне Ўільям Тэйлар заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьвязваў аказаньне дапамогі Ўкраіне з расьсьледаваньнем адносна ягоных палітычных апанэнтаў.

Пра гэта паведамляе Голас Амэрыкі са спасылкай на ўступнае слова Тэйлара падчас закрытага слуханьня трох камітэтаў Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 22 кастрычніка што да расьсьледаваньня магчымага імпічмэнту прэзыдэнта Трампа.

Некаторыя дэпутаты Дэмакратычнай партыі кажуць, што паказаньні часовага паверанага ЗША ва Ўкраіне Ўільяма Тэйлара ствараюць дадатковыя праблемы для Дональда Трампа.

Кангрэсмэн-дэмакрат Стывен Лінч заявіў, што паказаньні Тэйлара сталі «пераломным момантам» і выклікалі зьдзіўленьне.

«Гэта вырашальныя сьведчаньні. Я думаю, што яны могуць усё паскорыць. Мы можам атрымаць больш адказаў, чым новых пытаньняў», — цытуе Лінча журналіста Шымон Пракупец.

Па словах журналіста CNBC Гарэта Хэйка, дэпутаты, якія прысутнічалі падчас паказаньняў Тэйлара, назвалі іх «вартымі даверу і трывожнымі». Адзначаецца, што дыплямат падрабязна акрэсьліў сваю сувязь з Украінай, і дадзеныя паказаньні шмат у чым грунтуюцца на яго ўласных запісах.

Уільям Тэйлар займаў пасаду амбасадара ЗША ва Украіне ў 2006–2009 гадах, а ў чэрвені 2019 года зноў узначаліў пасольства ЗША ў Кіеве, цяпер у статусе часовага паверанага.

«Многія дэмакраты, такія як кангрэсмэн Лью, называюць паказаньні Тэйлара выбуховымі. Кангрэсмэн Эспаят назваў Тэйлара самым важным сьведкам. Дэмакраты пэўныя адносна гэтага. Рэспубліканцы гавораць менш за дэмакратаў, — напісаў у твітары палітычны журналіст Кайл Чэні. — Ніхто ня кажа, што паказаньні Тэйлара апраўдваюць Трампа, нават калі вы спытаеце».

Назіральнікі адзначаюць, што падчас паказаньняў Тэйлар нібыта агучыў інфармацыю, якая можа выклікаць дадатковыя пытаньні да папярэдніх сьведак адносна амэрыканскіх і ўкраінскіх чыноўнікаў.

У канцы жніўня амэрыканскія СМІ пісалі пра загад прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа перагледзець вайсковую дапамогу Ўкраіне. The New York Times паведамляла са спасылкай на свае крыніцы, што рашэньне аб прыпыненьні дапамогі было прынята ў пачатку ліпеня.

Да сярэдзіны верасьня Вашынгтон разблякаваў пакет фінансавай дапамогі для Ўкраіны.

Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША расьсьледуе імпічмэнт прэзыдэнта. Прычынай стала тэлефонная размова Трампа з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у ліпені. Дэмакраты кажуць, што Трамп аказаў ціск на ўкраінскія ўлады, каб расьсьледаваць дзейнасьць ва Ўкраіне Хантэра Байдэна, сына ягонага палітычнага апанэнта і імавернага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году ад дэмакратаў Джо Байдэна, а таксама ўдзел украінцаў у выбарах у ЗША ў абмен на абноўленую ваенную дапамогу.

Сам Трамп адкідае ўсе абвінавачваньні і называе тое, што адбываецца, чарговым паляваньнем на вядьмарак. Зяленскі неаднаразова заяўляў, што не адчуваў ніякага ціску падчас размовы з Трампам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG