Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом ня лічыць, што ў дзеяньнях Трампа ёсьць падставы для імпічмэнту


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Белы дом выступіў 3 лістапада ў абарону імкненьня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа дамагчыся ад Украіны расьсьледаваньня ў дачыненьні да былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна — аднаго з галоўных сапернікаў-дэмакратаў Трампа на выбарах 2020 году, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Нішто тут ня можа зьяўляцца сур’ёзным злачынствам або правінай», — заявіла CNN старшая памочніца Трампа Келіэн Конуэй, маючы на ўвазе падставы для імпічмэнту прэзыдэнта, названыя ў Канстытуцыі ЗША.

Аднак Конуэй сказала, што ёй невядома, ці патрабаваў Трамп першапачаткова, каб Кіеў расьсьледаваў дзейнасьць Джо Байдэна, ягонага сына Гантэра Байдэна, які працаваў ва ўкраінскай газавай кампаніі Burisma, а таксама разьвянчаную палітычную тэорыю, што менавіта Ўкраіна, а не Расея ўзламала кампутары Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ў спробе дапамагчы перамозе Трампа на выбарах 2016 году — і ўсё гэта ў абмен на разблякаваньне вайсковай дапамогі Ўкраіне ў памеры 391 мільён даляраў.

«Мне прыемна заявіць, што Трамп ніколі ня згадваў аб прынцыпе „паслуга за паслугу“ ці пра [выбары] 2020 году ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім у канцы ліпеня, — сказала Конуэй. — Давайце будзем сумленнымі. Пра што там (у тэлефоннай размове двух лідэраў) ня згадвалася, дык гэта пра ўтрыманьне дапамогі. Яны атрымалі гэтую дапамогу».

Дэмакраты аспрэчваюць сьцьвярджэньні Белага дома. Некалькі супрацоўнікаў адміністрацыі Трампа заявілі сьледчым Палаты прадстаўнікоў, што Трамп часова прытрымліваў грошы, выдзеленыя на дапамогу Кіеву ў барацьбе з прарасейскімі сэпаратыстамі на ўсходзе краіны ў спробе ўзмацніць ціск на Ўкраіну, з тым каб яна адкрыла расьсьледаваньне, якое магло б дапамагчы яму ў палітычным пляне.

Трамп заявіў у «Твітэры»: «Шмат людзей слухалі маю тэлефонную размову з украінскім прэзыдэнтам, калі яна адбывалася. Я ніколі ня чуў ніякіх скаргаў. Прычына ў тым, што яна была абсалютна дарэчная, я б сказаў, бездакорная. Рэспубліканцы ніколі не былі настолькі адзіныя, і мой рэйтынг ухваленьня сярод рэспубліканцаў складае сёньня 95%!»

Заява Конуэй прагучала празь некалькі дзён пасьля таго, як падкантрольная дэмакратам Палата прадстаўнікоў ухваліла працэдуру расьсьледаваньня ў пытаньні імпічмэнту Трампу ў сувязі зь ягонымі дзеяньнямі да Ўкраіны.

Амэрыканскае заканадаўства забараняе кандыдатам зьвяртацца па замежную дапамогу на выбарах і атрымліваць яе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG