Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Украіны запатрабавала ад Расеі вярнуць захопленыя караблі


Міністэрства замежных справаў Украіны накіравала Расеі ноту з патрабаваньнем вярнуць караблі Ваенна-марскіх сілаў Украіны, захопленыя ў Чорным моры ў лістападзе мінулага году.

Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Украіны Вадзім Прыстайка ў Кіеве на прэсавай канфэрэнцыі з міністрам замежных спраў Эстоніі Урмасам Рэйнсалу.

У ноце ўтрымліваецца патрабаваньне да Расеі пазначыць каардынаты і час перадачы караблёў.

Намесьніца кіраўніка МЗС Украіны Алена Зэркаль напісала ў Фэйсбуку, што раней Украіна прынамсі сем разоў зьвярталася да Расеі з падобным патрабаваньнем, але не атрымлівала адказу.

Міжнародны трыбунал ААН па марскім праве ў траўні пастанавіў, што Расея павінная вярнуць караблі, аднак Масква заявіла, што не прызнае юрысдыкцыю трыбуналу ў дадзеным выпадку. Масква сьцьвярджае, што ўкраінскія караблі парушылі яе марскія межы.

25 лістапада 2018 году расейскія памежнікі затрымалі ўкраінскія катэры «Бердзянск» і «Нікапаль» і буксір «Яны Капу», якія спрабавалі прайсьці ў Азоўскае мора праз Керчанскую пратоку. Былі затрыманыя 24 украінскіх вайскоўцаў — экіпажы гэтых караблёў. Яны правялі 9 месяцаў у маскоўскім СІЗА і ў пачатку верасьня ўвайшлі ў лік асобаў, якія былі абмененыя Ўкраінай і Расеяй па формуле «35 на 35». Караблі ж па-ранейшаму ўтрымліваюцца Расеяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG