Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошчы імя Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёве ня будзе — не дазваляе заканадаўства


«Статуя хакеіста», якую Аляксандру Лукашэнку падарыў кіраўнік Узбэкістану Шаўкат Мірзіёеў, 31 ліпеня 2019 году. Ілюстрацыйнае фота

З сатырычнай ініцыятывай па ўвекавечваньні кіраўніка дзяржавы зьвяртаўся ў Магілёўскі гарвыканкам і гарсавет жыхар абласнога цэнтру Аляксей Паўлоўскі. Ягоны зварот падтрымалі сваімі подпісамі 68 магілёўцаў.

У адказе Паўлоўскаму адпісалі, што ягоная ініцыятыва супярэчыць закону «Аб найменьні геаграфічных аб’ектаў». Згодна з артыкулам 16 «не дапускаецца ўвекавечваньне імён, што маюць заслугі перад дзяржавай і грамадзтвам, у найменьнях геаграфічных аб’ектаў пры іхным жыцьці».

Плошча, якой Паўлоўскі хоча надаць імя Лукашэнкі
Плошча, якой Паўлоўскі хоча надаць імя Лукашэнкі

Сам Аляксей Паўлоўскі зьбіраецца абскарджаваць рашэньне чыноўнікаў, паколькі лічыць «заслугі Лукашэнкі перад дзяржавай і грамадзтвам вартыя таго, каб яго імем назвалі плошчу і паставілі ягоны бюст».

«Калі ў кожным кабінэце вісіць партрэт Лукашэнкі, то чаму нельга яго ўшанаваць назваўшы плошчу ягоным імем, – абураецца Паўлоўскі. – Няўжо нельга зрабіць выключэньне. Ён 25 гадоў не вылазіць з тэлевізара і «дурыць» галовы людзям, а яму вераць. Акрамя таго, Лукашэнка з Магілёўскай вобласьці».

Аляксей Паўлоўскі
Аляксей Паўлоўскі

Аляксей Паўлоўскі прапануе назваць плошчу імем Лукашэнкі, якая перад Магілёўскім гарвыканкамам. Бюст жа паставіць у адмысловай нішы фасаднай сьцяны дыягнастычнага цэнтру, які на гэтай жа плошчы.

Ідэя ўвекавечыць Лукашэнку ў Паўлоўскага зьявілася пасьля ініцыятывы старшыні абласной арганізацыі вэтэранаў Анатоля Глаза назваць тую ж плошчу імем кіраўніка БССР Пятра Машэрава. Прапанову тапанімічная камісія пры гарвыканкаме не падтрымала, матывуючы гэта «неадпаведнасьцю маштабаў аб’екта і асобы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG