Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніца амбасады ЗША: «Цяпер мяч на вашым баку. Мы чакаем ад Беларусі рэформаў»


Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур
Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур

Часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур заявіла, што Беларусі трэба пазбавіцца эканамічнай залежнасьці ад Расеі. Таксама яна паабяцала спрыяньне ЗША, што да ўступленьня Беларусі ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, павелічэньня інвэстыцый. Аднак толькі пры ўмове тэрміновага правядзеньня ў Беларусі эканамічных рэформаў.

Пра інтэграцыю з Расеяй: «Ёсьць шмат дэзынфармацыі і недахоп транспарэнтнасьці»

Выступаючы на Кастрычніцкім эканамічным форуме, Джэніфэр Мур сказала, што Беларусь цяпер на скрыжаваньні.

«Шчыра кажучы, некаторыя пабойваюцца і з асьцярожнасьцю глядзяць на інтэграцыю паміж Беларусьсю і Расеяй: якія вынікі гэта будзе мець, у тым ліку, што да беларускага сувэрэнітэту і эканамічнага разьвіцьця.

Канечне, ёсьць шмат дэзынфармацыі, і недахоп транспарэнтнасьці, і нявызначанасьць. Аднак перамовы Беларусі і Расеі не павінны адцягваць увагу ад разуменьня істотнага. Трэба вызначыць унутраныя рэзэрвы эканамічнага росту і адыйсьці ад эканомікі, якая грунтуецца на залежнасьці і экспарце, арыентавацца на спажыўца.

Неабходна ўраўняць умовы як для ўнутраных, так і замежных інвэстараў. Канечне, гэта даволі складана, і ёсьць неабходнасьць правядзеньня рэформаў. Беларусь, такім чынам, павінна думаць, як пабудаваць моцны і актыўны сярэдні кляс», — перакананая часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі Джэніфэр Мур.

Джэніфэр Мур высока ацаніла беларускі Дэкрэт аб лічбавай эканоміцы, назваўшы яго «цудоўнай ідэяй». Аднак, на яе думку, каб дасягнуць вынікаў, патрабуюцца «даволі разумныя структурныя рэформы».

Джэніфэр Мур, часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі, з прадстаўніком амбасады Швайцарыі Клодам Альтэрматам
Джэніфэр Мур, часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі, з прадстаўніком амбасады Швайцарыі Клодам Альтэрматам

«Улічваючы камуністычнае мінулае, уступленьне Беларусі ва УГА будзе няпростым»

Другім выклікам Джэніфэр Мур назвала інвэстыцыі ў Беларусь. Адзначыла яна і важнасьць уступленьня краіны ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю.

«Беларускаму экспарту будзе лягчэй выходзіць на міжнародны рынак. Будзе магчымасьць вырабу больш канкурэнтнай прадукцыі, зьменшацца бар’еры, тарыфы і квоты. Ад УГА Беларусь атрымае абарону», — кажа Джэніфэр Мур.

Яна таксама адзначыла, што Беларусь апошнія два гады актыўна супрацоўнічае са Злучанымі Штатамі, зь іншымі партнэрамі.

«Цяпер, скажам так, мяч на вашым баку. І мы чакаем, што і далей будуць зроблены крокі ў актывізацыі рэформаў.

Улічваючы камуністычнае мінулае і пэўную спадчыннасьць, якая адлюстроўваецца ў кіраваньні эканомікай, уступленьне ва УГА будзе няпростым», — заўважыла Джэніфэр Мур.

На яе думку, уступленьне ва УГА — гэта не палітычны працэс, гэта, хутчэй, тэхнічнае пытаньне.

«Аднак ёсьць яшчэ пераменная свайго кшталту: гэта палітычная воля да лібэралізацыі гандлю і рэформаў. Сябры УГА хочуць пабачыць, наколькі прыхільнае беларускае кіраўніцтва да ідэй лібэральнага гандлю і рынку. Таму ўступленьне ва УГА можа разглядацца як адзін з элемэнтаў стымуляцыі ўнутраных рэформаў. Спадзяюся, што так і будзе», — выказала надзею Джэніфэр Мур.

Яна запэўніла, што Беларусь можа разьлічваць на Злучаныя Штаты.

«Па ходу руху наперад мы дапаможам Беларусі падобныя зьмены зрабіць, каб усе прадпрыемствы — прыватныя, дзяржаўныя, унутраныя, замежныя — маглі б канкураваць у роўных умовах. Гэта тычыцца адпаведных цэнавых рэгуляцый. І, канечне, трэба аблягчыць рэжым функцыянаваньня бізнэсу і гандлю. Калі будуць роўныя ўмовы, тады зьявяцца новыя магчымасьці і для амэрыканскіх прадпрымальнікаў працаваць у Беларусі».

Кастрычніцкі эканамічны форум у Менску, 1 лістапада 2019 году
Кастрычніцкі эканамічны форум у Менску, 1 лістапада 2019 году

«Амэрыканская бізнэс-супольнасьць — краевугольны камень нашых двухбаковых адносінаў»

Амэрыканскія інвэстыцыі ідуць на карысьць і ЗША, і Беларусі, адзначыла Джэніфэр Мур. І абгрунтавала:

«Амэрыканскія кампаніі заводзяць добрасуседзкія адносіны, яны ствараюць доўгатэрміновыя ўмовы для працаўладкаваньня беларусаў, стымулююць эканамічны рост і эканамічнае разьвіцьцё, пашырэньне праслойкі сярэдняга клясу. Амэрыканскія кампаніі — памнажальнік для прыватных інвэстыцый: туды, куды яны прыходзяць, прыходзяць і іншыя прыватныя інвэстыцыі, бо яны, па сутнасьці, знак якасьці самога клімату.

Амэрыканскія кампаніі выкарыстоўваюць такія бізнэс-практыкі, якія ахоўваюць навакольнае асяродзьдзе, і сацыяльную адказнасьць, яны ўзаемадзейнічаюць зь мясцовымі лідэрамі і мясцовымі супольнасьцямі, яны паважаюць унёсак з боку кадраў, ламаюць стэрэатыпы і працуюць на прасоўваньне перавагаў усіх супрацоўнікаў, абараняючы пры гэтым сацыяльна адчувальныя групы», — кажа часовая павераная.

На яе думку, амэрыканскія кампаніі часьцяком фармуюць наступнае пакаленьне лідэраў, прадпрымальнікаў, наватараў. Яна таксама адзначае, што бачыць прыкметы таго, што беларускія дзяржаўныя ўлады прыслухоўваюцца да словаў бізнэс-лідэраў.

«Але неабходна зрабіць больш, і як мага хутчэй. Беларусь зараз мае ўсе магчымасьці для рэалізацыі свайго патэнцыялу. Далучэньне да УГА, разумныя рэформы дзяржаўнага і прыватнага сэктару — фактары гэтага. ЗША гатовыя аказаць падтрымку Беларусі ў ажыцьцяўленьні гэтых крытычных будучых крокаў на карысьць усяго беларускага народу», — запэўніла Джэніфэр Мур.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG