Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лучыновіч: «Мне спатрэбіцца доўгае і цяжкае лячэньне». Ці адбудзецца суд над былым галоўным архітэктарам Менску?


Павал Лучыновіч, архіўнае фота
Павал Лучыновіч, архіўнае фота

1 лістапада ў Заводзкім раённым судзе Менску мае пачацца суд па абвінавачаньні ў атрыманьні хабару Паўла Лучыновіча, нядаўняга галоўнага архітэктара Менску. Але ці адбудзецца працэс?

«Ён і сядзець нармальна ня можа»

Павал Лучыновіч цяпер на лячэньні ў 5-м гарадзкім клінічным шпіталі. Туды высокапастаўлены гарадзкі чыноўнік трапіў 2 верасьня з паралічам ног і інфэкцыйным захворваньнем проста са сьледчага ізалятара на Валадарскага.

Стан здароўя Паўла Лучыновіча дагэтуль такі, што не дазваляе яму зьявіцца ў суд ды прысутнічаць на судовым паседжаньні. У гэтым карэспандэнт Свабоды пераканаўся сам, калі наведаў аддзяленьне гнойнай хірургіі 5-га шпіталя, дзе лечаць Паўла Лучыновіча.

Той ляжыць у маленькай палаце. За ім наглядаюць сваякі, побач з палатай пост мэдсясьцёр. У Лучыновіча вельмі бледны і схуднелы твар. Пад ім адмысловы ложак, які дазваляе падняць верхнюю частку тулава, каб сесьці. Паводле мэдыкаў, Лучыновіч не толькі ня ходзіць, але і сядзець бяз гэтага прыстасаваньня ня можа.

Павал Лучыновіч папярэдзіў карэспандэнта Свабоды, што гаварыць з журналістам ня будзе.

«Стан вы бачыце які, — сумна кажа Лучыновіч на пытаньне пра самаадчуваньне. — У лепшым выпадку мне спатрэбіцца доўгае і цяжкае лячэньне».

Пасьля гэтага Павал Лучыновіч просіць больш пытаньняў яму не задаваць, і мы разьвітваемся.

«Можа, былі катаваньні на „Валадарцы“?»

Да шпіталя Павал Лучыновіч амаль паўгода правёў на «Валадарцы». Ці ня там ён падчапіў інфэкцыю, якая стала прычынай ягонага цяперашняга стану?

Атрымаць адказ на гэтае пытаньне карэспандэнт Свабоды спрабаваў у адвакатаў Паўла Лучыновіча, якіх сустрэў у шпіталі, але яны адмовіліся размаўляць, спаслаўшыся на падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Без адказу засталося і пытаньне пра стаўленьне Лучыновіча да абвінавачаньня: прызнае віну ў хабары ці не прызнае?

«Гэта ўжо наўпрост тычыцца справы, а мы далі падпіску», — сказала адна з абаронцаў.

Ці можа працэс праходзіць без падсуднага?

Паводле прагнозу назіральнікаў, заўтра ў судзе адвакаты Паўла Лучыновіча прадставяць дакумэнты пра тое, у якім ён стане, і будуць хадайнічаць аб адкладаньні працэсу. Найбольш верагодны вынік — што суд перанясуць на няпэўны час, да выздараўленьня падсуднага. Але магчымы і іншы варыянт, сказалі карэспандэнту Свабоды ў Заводзкім судзе.

«Другі абвінавачаны ў суд будзе дастаўлены, таму тэарэтычна працэс могуць весьці і без Лучыновіча. Але гэта вырашыць судзьдзя, паглядзім», — сказала супрацоўніца суду Заводзкага раёну Менску.

Паўла Лучыновіча затрымалі ў сакавіку 2019 году на тэрыторыі Менскага раёну пры атрыманьні хабару ў 4 тысячы даляраў ад індывідуальнай прадпрымальніцы. Затрымлівалі чыноўніка супрацоўнікі Галоўнай управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй МУС.

Да інфармацыі пра затрыманьне Лучыновіча міліцыянты дадалі відэа, на якім супрацоўнік міліцыі пералічвае даляры, узятыя з крэсла аўтамабіля. Далей справу Лучыновіча вёў Сьледчы камітэт. Паводле абвінавачаньня, якое выстаўлена былому галоўнаму архітэктару сталіцы Паўлу Лучыновічу, яму пагражае 10 гадоў зьняволеньня за атрыманьне хабару ў вялікім памеры.

Калі стане вядома імя другога фігуранта справы?

Акрамя Лучыновіча, заўтра ў Заводзкім судзе будуць судзіць індывідуальную прадпрымальніцу, якая, паводле сьледзтва, перадала яму грошы за патрэбнае ёй узгадненьне будаўнічага праекту. Імя другой фігуранткі справы афіцыйна пакуль не называюць, у інфармацыі з суду абвінавачаная ў даваньні хабару Лучыновічу пазначаная літарай Г., але гэты сакрэт будзе раскрыты заўтра з пачаткам працэсу.

Неафіцыйная крыніца, на якую спасылаецца tut.by, сьцьвярджае, што да суду жанчына пад вартай. А вось Павал Лучыновіч, паводле той жа крыніцы, цяпер пад грашовым закладам. Карэспандэнт Свабоды пераканаўся, што Лучыновіча ў шпіталі адмыслова не ахоўваюць.

Павал Лучыновіч займаў пасаду старшыні Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менскага гарвыканкаму зь лютага 2015 году. Гэтая пасада з сакавіка вакантная, паведамілі Свабодзе ў камітэце.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG