Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці на 12 гадоў турмы асудзілі студэнтку, якая забіла нованароджаную дачку


Суд над Юлдуз Хайдаравай. Фота Tut.by

31 кастрычніка суд у Берасьці абвясьціў вырак 29-гадовай грамадзянцы Туркмэністану Юлдуз Хайдаравай, якую абвінавачвалі ў забойстве дачкі, паведамляе Tut.by.

Суд прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.

Падчас суду Хайдарава прызнала сябе вінаватай і папрасіла пакараць яе «па ўсёй строгасьці закону».

Цела дзяўчынкі знайшлі 15 траўня на беразе ракі Мухавец. Як выявілася, гэта дачка жанчыны, якую раней шукаў пэдыятар, бо ня мог трапіць да яе ў кватэру і атрымаць праз тэлефон зьвесткі пра дзіця. 28-гадовая Юлдуз Хайдарава нарадзілася ў шматдзетнай сям’і ў туркмэнскай вёсцы. У Беларусі яна вучылася ва ўнівэрсытэце.

Жанчына нарадзіла дачку 17 сакавіка, не данасіўшы яе. Гэта была другая ейная цяжарнасьць, першую вырашылі перапыніць, бо з партнэрам «думалі пра кар’еру».

Хайдарава казала, што хлопец спачатку прапанаваў зрабіць аборт і другі раз, а пасьля падумаў, што гатовы стаць бацькам. Але да родаў зноў перадумаў — пара разышлася.

Пасьля здарэньня Хайдарава давала блытаныя паказаньні і называла некалькі вэрсіяў зьнікненьня дачкі, але ўрэшце заявіла, што выпадкова прыспала дачку (прыдушыла ў сьне). А цела пакінула на беразе ракі, бо спужалася адказнасьці. Сьледчыя ня вераць гэтай вэрсіі і лічаць, што жанчына задушыла дачку падушкай.

На мінулым тыдні Берасьцейскі суд агучыў вырак у справе аб забойстве 8-месячнай дзяўчынкі ў Лунінцы. Маці дзяўчынкі Натальлі Колб прызначылі максымальнае для жанчынаў пакараньне ў 25 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Ейнаму сужыцелю Віктару Сяргелю, якога прызналі ўдзельнікам забойства, прысудзілі сьмяротнае пакараньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG