Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 месяц у СІЗА. Гісторыя асуджанага прадпрымальніка, якога вызвалілі пасьля «лібэралізацыі» заканадаўства


Прадпрымальнік Уладзімер Патапаў

Сёлета набылі моц зьмены ў Крымінальны кодэкс. На волю вышлі прадпрымальнікі, асуджаныя паводле «эканамічных» артыкулаў. Адзін зь іх падзяліўся са Свабодай сваімі ўражаньнямі ад сьледзтва і суду.

Цяпер кодэкс больш ня лічыць крымінальнымі злачынствамі:

  • парушэньне парадку адкрыцьця рахункаў за межамі (артыкул 224);
  • перашкоды законнай прадпрымальніцкай дзейнасьці (артыкул 232);
  • ілжэпрадпрымальніцтва (артыкул 234);
  • парушэньне антыманапольнага заканадаўства (артыкул 244);
  • дыскрэдытацыю дзелавой рэпутацыі канкурэнта (артыкул 249).

Артыкул «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць» выкладзены ў новай рэдакцыі. Пад крымінальную адказнасьць трапляе толькі прадпрымальніцкая дзейнасьць, якая ажыцьцяўляецца без спэцыяльнага дазволу (ліцэнзіі), з атрыманьнем прыбытку ў буйным і асабліва буйным памеры.

Гісторыя «злачынных груп», якія нібыта пастаўлялі «санкцыйныя» тавары ў Расею

У красавіку гомельская міліцыя рапартавалі аб вынясеньні прысуду дзьвюм арганізаваным групам, якія займаліся пастаўкамі турэцкіх і ўкраінскіх санкцыйных тавараў у Расею. Па вэрсіі міліцыі, сьледзтва і суду, індывідуальныя прадпрымальнікі арганізаваліся ў злачынную групу, каб закупляць у Турэччыны садавіну, а ва Ўкраіне сыры, і пастаўляць у Расею.

«З 2016 па 2017 год у Расею групай былі пастаўлены 154 партыі мандарынаў, вінаграду, гранатаў і сыроў на суму ня менш за 4,2 мільёна даляраў», — інфармавала міліцыя.

Суд пакараў прадпрымальнікаў пазбаўленьнем волі на тэрмін ад 3 да 6 гадоў.

З матэрыялаў справы
З матэрыялаў справы

19 ліпеня набылі моц зьмены ў закон, і ўчорашнія асуджаныя паводле часткі 3 артыкулу 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць) выйшлі на волю «з чыстым сумленьнем».

Адзін са «злачыннай групы» — індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер Патапаў — расказаў Свабодзе пра абставіны крымінальнай справы.

«У нашай справе быў палітычны падтэкст»

Уладзімер атрымаў 3 гады пазбаўленьня волі. 25 ліпеня, пасьля дэкрыміналізацыі прадпрымальніцкага артыкулу, яго разам зь іншымі прадпрымальнікамі вызвалілі.

«Затрымалі мяне ў кастрычніку 2017 году. На той момант якраз ішлі спрэчкі Расеі і Беларусі з нагоды ўвозу санкцыйных тавараў. Калі схапілі прадпрымальнікаў, якія займаліся, як я, увозам турэцкай садавіны, мы прыйшлі да высновы, што справа мае палітычны падтэкст. Пэўна, адыграла ролю жаданьне беларускіх уладаў паказаць Расеі барацьбу з «санкцыёнкай», — кажа Уладзімер.

Суразмоўца тлумачыць, што займаўся мытным афармленьнем садавіны з Турцыі, быў зарэгістраваны як ІП, плаціў усе падаткі.

«Груба кажучы, я рабіў паслугі мытнага агента. Аформіў груз, аддаў яго, падаткі заплаціў і паказаў іх. Тут незразумелы момант — чаму нам інкрымінавалі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, калі я быў „законны“ ІП, плаціў падаткі? Мяне год да затрыманьня правяраў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў і не знайшоў парушэньняў», — зазначае прадпрымальнік.

21 месяц і адзін дзень у СІЗА за турэцкія мандарыны і гранаты

Увагу дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў прыцягнуў той факт, што «абаротка» па ІП Уладзімера выявілася досыць вялікай. Дэпартамэнт правяраў, ці прадпрымальнік пазьбягаў ад выплаты падаткаў або займаўся лжэпрадпрымальніцтвам. Афіцыйнае заключэньне 2 кастрычніка 2017 году было, што складу злачынстваў у дзеяньнях прадпрымальніка няма, справу спынілі.

Аднак ужо 25 кастрычніка 2017 году Ўладзімера затрымалі ў Менску супрацоўнікі праваахоўных органаў. Яго пасадзілі ў СІЗА, абвінавацілі ў «незаконным прадпрымальніцтве», «упісалі» ў арганізаваную групу.

«У мяне былі прамыя дамовы з турэцкім пастаўшчыком. Яны адпраўляюць мне груз, я яго абавязаны правесьці праз мытнае афармленьне — пры дапамозе мытні, вядома. Меў дамову з „Белмытсэрвісам“, якім дапамагаў афармляць дакумэнты. Пасьля афармленьня грузу я сыходзіў. З кожнай машыны плаціў падатак. Тое, што машыны ехалі нібыта на Расею, у судзе не даказалі ані апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы, ані сьледзтва. Усё было толькі са слоў сьледчага. Груба кажучы, гэта тысяча машын. Як яны маглі непрыеметна пракрасьціся на тэрыторыю Расеі?», — дзівіцца прадпрымальнік.

Артыкул 233 дазваляў увесь абарот прызнаць за прыбытак. У выніку групе прадпрымальнікаў прад’явілі спачатку больш за 15 мільёнаў даляраў шкоды, потым — больш за 4 мільёны.

«Ніхто не лічыў, што я купіў машыну яблыкаў, панёс выдаткі, унёс свае грошы, потым прадаў. Тут жа няма такога прыбытку, што нам палічылі ў прыбытак кошт усіх машын», — заўважыў Уладзімер.

У СІЗА ён правёў 21 месяц і адзін дзень.

«Справа мела палітычны акцэнт, што тут скажаш. Хоць, вядома, непрыемна, што на нас яны вырашылі зрабіць паказальны працэс», — падкрэсьліў былы абвінавачаны.

З матэрыялаў справы
З матэрыялаў справы

Суд заявіў пра парушэньні з боку сьледзтва

Падчас працяглага сьледзтва і суду Ўладзімер Патапаў спрабаваў даказаць сваю невінаватасьць — паказваў на парушэньні закону, пісаў скаргі і хадайніцтвы.

Суд Чыгуначнага раёну Гомля, які разглядаў гэтую справу, вынес прыватную пастанову ў адрас Сьледчага камітэту і пракуратуры за парушэньні Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

З матэрыялаў справы
З матэрыялаў справы

«Дапушчаныя ў справе парушэньні працэсуальнага закону, павярхоўная і выбіральная ацэнка сабраных доказаў прывялі да парушэньня правоў абвінавачаных», — зрабіў выснову суд.

З матэрыялаў справы
З матэрыялаў справы

«Калі чалавек прыносіць грошы дзяржаве — няправільна хапаць яго і „адціскаць“ бізнэс»

21 месяц у СІЗА не прайшоў бясьсьледна для Ўладзімера і ягонай сямʼі. На момант затрыманьня дачцэ было два з паловай гады. Вялікія грошы пайшлі на адвакатаў.

Цяпер Уладзімер на раздарожжы. За два гады ў краіне шмат што зьмянілася — законы, попыт.

«Трэба неяк зарабляць. У мяне як індывідуальнага прадпрымальніка няма падстаў спыняць дзейнасьць — усё плаціў спраўна. Аднаўлю ІП і буду глядзець, куды рухацца, — кажа мужчына. — Крыўды ў мяне няма, але асадак застаўся. З другога боку, вінаваціць сыстэму складана. Быў такі артыкул — вось яго і ўжывалі. Былі рэальныя недапрацоўкі, што абарот ішоў за прыбытак. Калі цябе затрымліваюць, у галаве бязладзьдзе: сьледчы прысьпешвае, абяцае, што „ўсё роўна артыкул дэкрыміналізуюць і пойдзеце дадому“, пачынаеш даваць яму паказаньні такія, якія яму патрэбны..».

Патапаў лічыць, што беларускае заканадаўства трэба мяняць у бок дэкрыміналізацыі эканамічных злачынстваў.

«Эканоміка краіны ў пэўнай ступені залежыць ад дробнага бізнэсу. Ня трэба душыць падаткамі, адціскаць бізнэс за нейкія парушэньні, арыштоўваць маёмасьць. Таму што немагчыма ўсе законы ведаць. Калі чалавек прыносіць прыбытак дзяржаве, плаціць падаткі, трэба разьбірацца больш дасканала, а не адразу саджаць у турму», — лічыць Уладзімер.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG