Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень у грузавіку. Як на мяжы зь Беларусьсю ратуюць дзевяць тыграў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На прапускным пункце Карошчын з польскага боку польска-беларускай мяжы ужо шосты дзень стаіць грузавік зь дзесяцьцю тыграмі ў клетках. Грузавік кіраваўся з Італіі ў Расею. У Беларусь тыграў не ўпусьцілі праз адсутнасьць неабходных дакумэнтаў. Што будзе далей з гэтым грузам?

Свабода паразмаўляла зь Ярославам Нэстэровічам, памежным доктарам-вэтэрынарам у Карошчыне, каб праясьніць сытуацыю з тыграмі. Адзін зь іх здох, ня вытрымаўшы цяжкасьцяў падарожжа.

Яраслаў Нэстэровіч сказаў Свабодзе, што зьвяры стаяць на мяжы ад чацьвярга, 24 кастрычніка:

«Зьвярамі апякуюцца людзі, якія іх перавозяць: яны іх пояць, кормяць, і прыбіраюць у клетках. Цяпер мы робім усё магчымае, каб гэтых зьвяроў як мага хутчэй разгрузіць, бо яны ўжо знаходзяцца тыдзень у падарожжы. На жаль, разгрузіць іх можна толькі ў адпаведных умовах, а гэткія ўмовы могуць забясьпечыць толькі працаўнікі заапарку. Цяпер да нас едуць адмыслоўцы па „вялікіх катах“ з заапарку ў Познані, у тым ліку доктар-вэтэрынар, які спэцыялізуецца ў апецы над тыграмі. Калі прыедуць, будзем прымаць далейшыя рашэньні».

Спадар Нэстэровіч сказаў, што груз з тыграмі выехаў з Італіі, з ваколіц Рыму, 22 кастрычніка, і кіраваўся ў Дагестан у Расейскай Фэдэрацыі:

«У дакумэнтах, да якіх я меў доступ, не было адзначана, навошта вязуць тыграў у Дагестан, больш за 5 тысяч кілямэтраў ад Рыму. Праўдападобна, гэта цыркавыя зьвяры. Але ці едуць яны туды ў цырк, я ня ведаю».

Беларуска-польская мяжа
Беларуска-польская мяжа

Нэстэровіч адзначыў, што перавозчыкі мелі патрэбныя ў такіх выпадках дакумэнты CITES (Канвэнцыя аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, якія знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня), якія дазваляюць на вываз тыграў з Эўразьвязу і ўвоз іх у Расейскую Фэдэрацыю. Але на беларускай мяжы аказалася, што кіроўцы грузавіка ня маюць уязных візаў у Беларусь. З гэтай прычыны іх завярнулі зь Беларусі першы раз. Тыграў узяўся перавозіць грамадзянін Расеі, але падчас беларускага вэтэрынарнага кантролю аказалася, што зьвяры ня маюць патрэбных італьянскіх вэтэрынарных сэртыфікатаў.

«І гэтых сэртыфікатаў няма па сёньняшні дзень. У сувязі з гэтым мы працуем над тым, каб як мага хутчэй дастаць тыграў з грузавіка, каб яны апынуліся ў лепшых умовах, каб маглі пабегаць».

Нэстэровіч ня змог сказаць, якім можа быць лёс тыграў на аўтастаянцы ў Карошчыне на польска-беларускай мяжы.

«У чацьвер, 24 кастрычніка, калі тыгры першы раз выяжджалі з Польшчы ў Беларусь, яны былі ў вельмі добрым стане. Але яны ўжо тыдзень у грузавіку. Таму ўчора мы пачалі званіць у розныя заапаркі ў Польшчы і іншыя арганізацыі, якія маглі б гэтых зьвяроў разгрузіць і прыняць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG