Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія зноў адклала галасаваньне па Brexit. Дэманстранты патрабуюць паўторнага рэфэрэндуму

абноўлена

Барыс Джонсан у парлямэнце 19 кастрычніка. Фота: : Reuters
Барыс Джонсан у парлямэнце 19 кастрычніка. Фота: : Reuters

У палаце абшчын брытанскага парлямэнту 19 кастрычніка праходзяць дэбаты па пагадненьні аб умовах Брэкзыту— выхаду Брытаніі з Эўразьвязу. Парлямэнт упершыню ад 1982 году засядае ў суботу.

​Дэпутаты вырашылі, што ўрад прэм'ер-міністра Барыса Джонсана павінен спачатку прыняць заканадаўства, неабходнае для выхаду з Эўразьвязу, а затым выносіць на галасаваньне праект угоды з Брусэлем.

Гэта параза для прэм'ер-міністра Барыса Джонсана, які разьлічваў на ўхваленьне дамовы аб Брэкзыце ўжо сёньня.

Джонсан заявіў, што ня мае намеру весьці з ЭЗ перамовы аб адтэрміноўцы Брэкзыту з 31 кастрычніка на больш позьні тэрмін і ўжо ў панядзелак прапануе неабходныя законапраекты для ўхваленьня.

Дэбаты трансьлююцца ў жывым эфіры.

У Лёндане праходзіць масавая дэманстрацыя праціўнікаў Брэкзыту. Яе ўдзельнікі патрабуюць адмовіцца ад ухваленьня пагадненьня аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ і вынесьці пытаньне аб Брэкзыце на паўторны рэфэрэндум.

Пагадненьне, якое абмяркоўвае парлямэнт, ЭЗ і Брытанія заключылі два дні таму. Адно з ключавых пытаньняў, па якім доўгі час не ўдавалася прыняць рашэньне, — мытная мяжа Ірляндыі (якая застаецца ў ЭЗ) і Паўночнай Ірляндыі (якая зьяўляецца часткай Брытаніі).

Згодна з падпісаным пагадненьнем, Паўночная Ірляндыя выйдзе з мытнай прасторы ЭЗ разам з астатнімі часткамі Брытаніі, але тавары, якія будуць пастаўляцца з Брытаніі ў Паўночную Ірляндыю, будуць абкладацца падаткамі па стаўцы ЭЗ і павінны будуць адпавядаць патрабаваньням ЭЗ. Але калі гэтыя тавары будуць прададзеныя менавіта ў Паўночнай Ірляндыі, а ня пойдуць у Ірляндыю або іншыя краіны ЭЗ, то паўночнаірляндзкі бізнэс, які іх атрымае, будзе мець падатковыя льготы ад брытанскага ўраду. У Эўразьвязе выказвалі занепакоенасьць заблытанасьцю гэтых правілаў і рызыкай павелічэньня кантрабандных патокаў, але прэм’ер-міністар Брытаніі Барыс Джонсан пераканаў прадстаўнікоў ЭЗ, што здолее рэалізаваць плян.

Выхад з Эўразьвязу быў заплянаваны на 31 кастрычніка 2019 году, і тое, што пагадненьне не было зацьверджанае 19 кастрычніка, азначае, што прэмʼер Джонсан павінен у чарговы раз прасіць аб адтэрміноўцы. Аднак ён абяцаў гэтага не рабіць і вывесьці краіну з ЭЗ да прызначанай даты «любой цаной».

Рэфэрэндум аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ прайшоў тры гады таму, у чэрвені 2016-га, прыхільнікі выхаду перамаглі з перавагай у некалькі адсоткаў. Прэмʼер-міністар Тэрэза Мэй не змагла дамагчыся адабрэньня парлямэнтам пагадненьня, якое яна заключыла з Эўразьвязам, і была вымушаная сысьці ў адстаўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG