Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка згадаў, як прэзыдэнта ЗША хацелі зрабіць кіраўніком Саюзнай дзяржавы

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам і першай лэдзі Гілары Клінтан

Аляксандар Лукашэнка 18 кастрычніка расказаў, як разам з Барысам Ельцыным прапаноўваў 42-му прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану стаць кіраўніком Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, піша БелТА.

Падчас наведваньня Акадэміі кіраваньня ў Менску, Лукашэнка згадаў, як сустрэўся ў кулюарах міжнароднага саміту з тагачаснымі прэзыдэнтамі ЗША і Расеі Білам Клінтанам і Барысам Ельцыным. Магчыма, Лукашэнка меў на ўвазе саміт кіраўнікоў дзяржаў АБСЭ 1999 году. Паводле Лукашэнкі, Клінтан тады якраз зьбіраўся пакідаць сваю пасаду.

«Я Ельцыну кажу: „Слухай, Барыс, давай яму прапануем пасаду?“ — Ён на мяне глядзіць сур’ёзна: „Якую?“ — Я кажу: „У Саюзную дзяржаву яго возьмем кіраўніком, ён жа ў нас усё роўна з нашай падачы будзе вырашаць там праблемы“», — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго, Ельцын тады так гучна зарагатаў, што ўсе на іх зьвярнулі ўвагу, і Клінтан таксама засьмяяўся, хоць і не разумеў, пра што гаворка, а калі яму пераклалі словы Лукашэнкі, пачаў сьмяяцца яшчэ больш.

Вядомыя людзі як доказ уласнай значнасьці?

Як адзначаў палітоляг Валер Карбалевіч, Лукашэнка нярэдка выкарыстоўвае вядомых людзей у згадках сваёй біяграфіі як падмурак для дэманстрацыі ўласнай значнасьці, падвышэньня статусу.

  • У першыя часы прэзыдэнцтва Лукашэнка з захапленьнем апавядаў пра сваё блізкае знаёмства з апошнім кіраўніком СССР Міхаілам Гарбачовым. Выглядала, што дырэктар саўгасу быў амаль што дарадцам прэзыдэнта. Пазьней Лукашэнка стаў ацэньваць Гарбачова як слабога кіраўніка СССР, «размазьню».
  • Нешта падобнае адбылося зь першым прэзыдэнтам РФ Барысам Ельцыным. Лукашэнка спачатку выхваляўся блізкасьцю да эліты суседняй краіны, ганарыўся сваёй дасьведчанасьцю і дачыннасьцю да таго, што адбываецца ў Крамлі. Пазьней Лукашэнка стаў казаць, што ён «падзараджаў» Ельцына.
  • У красавіку 2009 году беларускі лідэр наведаў новага кіраўніка Рускай праваслаўнай царквы патрыярха Кірыла. Вярнуўшыся дадому, прэзыдэнт не хаваў свайго захапленьня асобай і розумам патрыярха. Пазьней Лукашэнка казаў, што яго падказкі «адкрывалі вочы» патрыярху.


Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG