Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін ініцыяваў выхад з міжнароднай дамовы аб правах цывільнага насельніцтва падчас войнаў


Пуцін у сібірскай тайзе. Ілюстрацыйнае фота

Уладзімір Пуцін унёс на разгляд у Дзярждуму законапраект аб выхадзе Расеі з міжнароднай дамовы, па якой раней СССР прызнаваў кампэтэнцыі камісіі па расьсьледаваньні парушэньняў правоў мірных грамадзян пры ўзброеных канфліктах.

У тлумачальнай запісцы да законапраекту сказана, што прычынамі адмовы прызнаваць кампэтэнцыю камісіі зьяўляюцца «істотна большыя рызыкі цяперашняй міжнароднай абстаноўкі» і «рызыкі злоўжываньня паўнамоцтвамі камісіі ў палітычных мэтах з боку нядобрасумленных дзяржаваў». Пра якія менавіта злоўжываньні і дзяржавы ідзе гаворка, у дакумэнце не сказана.

Асобна адзначаецца, што ў складзе камісіі не было прадстаўніка Расеі, а ўрад краіны штогод плаціў унёскі ў яе бюджэт.

Пагадненьне аб прызнаньні кампэтэнцыі міжнароднай камісіі па расьсьледаваньні парушэньняў гуманітарнага права пры ўзброеных канфліктах было ратыфікавана Савецкім Саюзам у 1977 годзе. Сама камісія была заснавана ў рамках Чацьвёртай Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне цывільнага насельніцтва ў мірны час у 1949 годзе.

У 1993 годзе Рада бясьпекі ААН уключыла Чацьвёртую Жэнэўскую канвэнцыю ў склад агульнапрынятых нормаў міжнароднага права, зрабіўшы дакумэнт абавязковым для выкананьня ўсімі краінамі, залучанымі ў ваенныя канфлікты, незалежна ад таго, ці падпісаная канвэнцыя.

Адзін з галоўных пунктаў канвэнцыі абавязвае ваюючыя бакі падзяляць мірнае насельніцтва ад непасрэдных удзельнікаў баявых дзеяньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG