Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі прызначылі першы штраф за «фэйкавыя навіны»


Ілюстрацыйнае фота на тэму «фэйкавых навін»

Онлайн-выданьне «Момент истины» атрымала штраф на 200 тысяч рублёў, а яго галоўны рэдактар — на 60 тысяч рублёў. Такі штраф выданьню прызначыў суд Харашоўскага раёна Масквы.

Паводле высноў, зробленых у судзе, выданьне парушыла артыкул аб «злоўжываньні свабодай масавай інфармацыі».

У Харашоўскім судзе таксама адзначылі, што відэаматэрыялы, якія сталі прычынай для штрафу, яны атрымалі ад Раскамнагляду. Суд таксама заявіў, што абвінавачаныя на паседжаньне не прыйшлі.

Падставай для судовых працэсаў сталі некалькі відэаролікаў выданьня на YouTube — імі ў жніўні зацікавіўся Раскамнагляд. Адзін з ролікаў меў назву «Срочно! В России готовит революцию Майдан».

Уладзімір Пуцін у сакавіку 2019 году падпісаў закон аб пакараньні за распаўсюд «фэйкавых навін». За першае распаўсюджваньне «фэйкавай» інфармацыі грамадзянам пагражае штраф да 100 тысяч рублёў, а юрыдычным асобам — да 500 тысяч рублёў. За паўторнае парушэньне — да 300 тысяч для грамадзян ці да 1 мільёна для юрыдычнай асобы. Калі «фэйкавая навіна» прывяла да сьмерці чалавека, да шкоды здароўя ці да парушэньняў грамадзкага парадку — штраф да 400 тысяч і 1,5 мільёна рублёў адпаведна.

Адначасова з гэтым быў прыняты закон аб пакараньні за абразу органаў улады ў інтэрнэце. Абедзьве ініцыятывы выклікалі крытыку з прычыны магчымых парушэньняў свабоды слова.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG