Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае пра атрутніка «Навічком» і генэрала ГРУ за ягонай сьпінай


Інтэрвію «Руслана Башырава» і «Аляксандра Пятрова» расейскаму тэлеканалу RT, 13 верасьня 2018
Інтэрвію «Руслана Башырава» і «Аляксандра Пятрова» расейскаму тэлеканалу RT, 13 верасьня 2018

Радыё Свабода і дасьледная група Bellingcat знайшлі ў адкрытых крыніцах новыя фотаздымкі расейскага выведніка Анатолія Чапігі, які, на думку ўладаў Вялікабрытаніі, пад імем «Руслан Башыраў» спрабаваў атруціць у Солсбэры рэчывам «Навічок» Сяргея і Юлію Скрыпалёў, а таксама стаў прычынай сьмерці жыхаркі брытанскага горада Эймсбэры Дон Стэрджэс.

Вынікі расьсьледаваньня апублікаваныя на сайце расейскай службы Свабоды.

Гэтыя здымкі пацьвярджаюць сувязь з расейскай вайсковай выведкай і самога Чапігі, і генэрал-маёра Андрэя Авяр'янава, камандзіра вайсковай часткі 29155, пра якую тыдзень таму пісала выданьне The New York Times.

Знойдзеныя здымкі Чапігі былі зробленыя за паўгоду да атручваньня Скрыпалёў на вясельлі дачкі Авяр'янава, у гатэлі, які знаходзіцца на беразе возера за 15 хвілін язды ад базы «Сенеж» расейскіх «сіл спэцыяльных апэрацый». Чапіга ня быў выпадковым госьцем на гэтым вясельлі: адзін зь дзяцей будучага «Руслана Башырава» удзельнічаў у вясельнай цырымоніі.

Міністэрства абароны Расеі лічыць за лепшае не афішаваць асобу Авяр'янава: на стэндзе да 100-годдзя Ташкенцкай вышэйшай агульнавайсковай вучэльні, якую ён скончыў, замест фатаграфіі — пусты чорны сылюэт, замест прозьвішча — яго першыя і апошнія літары, і нават замест года выпуску — пытальнікі. Тым ня менш, Радыё Свабода і Bellingcat у выніку сумеснага расьследаваньня высьветлілі некаторыя дэталі яго біяграфіі, якія пацьвярджаюць сувязь Авяр'янава з ГРУ.

Расьследаваньне на месцы атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў, Солсбэры, Вялікабрытанія
Расьследаваньне на месцы атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў, Солсбэры, Вялікабрытанія

Несакрэтная сакрэтная частка і яе камандзір

Аб вайсковай часцы 29155, якая ў публікацыі The New York Times названая «сакрэтным падразьдзяленьнем ГРУ для ўчыненьня дывэрсійных апэрацый у Эўропе», Радыё Свабода пісала яшчэ ў ліпені 2018 году. Тады мы зьвярнулі ўвагу на той факт, што ў сакавіку 2012 году загадам былога міністра абароны Расеі Анатолія Сердзюкова вайскоўцы аднаго з структурных падразьдзяленьняў гэтай частцы былі ўзнагароджаныя штомесячнай надбаўкай да заробку «за асаблівыя дасягненьні ў службе».

Нароўні зь імі ўзнагароджваньне закранула яшчэ дзьве часткі: камандаваньня «Сіл спэцыяльных апэрацый» у падмаскоўным Сенежы (в/ч 99450) і «хакерскай» часткі ГРУ 74455, супрацоўнікі якой былі прызнаныя амэрыканскімі ўладамі вінаватымі ва ўмяшаньні ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША ў 2016 годзе.

Паводле неафіцыйных дадзеных, частка 29155 зьяўляецца цэнтрам падрыхтоўкі спэцыялістаў ГРУ, гэта значыць па сутнасьці трэніровачнай базай — аднак пасьля падзей 2013-2014 году ва Ўкраіне і напярэдадні анэксіі Крыму, як мяркуе Радыё Свабода, мэты і задачы, да якіх рыхтавалі супрацоўнікаў ГРУ ў падразьдзяленьнях частцы 29155, маглі стаць значна больш спэцыфічнымі.

Раней пра сувязь гэтай часткі з апэрацыямі ГРУ ў Эўропе сьведчыў толькі той факт, што ў адным зь яе падразьдзяленьняў рэгулярна бываў меркаваны кіраўнік апэрацыі ў Солсбэры, Дзяніс Сяргееў. Цяпер у нас ёсьць яшчэ адзін доказ гэтай сувязі.

Галоўным героем публікацыі The New York Times, у якой частка 29155 «засьвяцілася» у другі раз, стаў яе камандзір Андрэй Авяр'янаў, нібыта ўзнагароджаны ў студзені 2015 году званьнем Героя Расіі.

Як вынікае з расейскага рэестру юрыдычных асоб, Авяр'янаў узначаліў гэтую частку двума гадамі раней, у красавіку 2013 году. У публікацыі амэрыканскага выданьня прыводзіцца фрагмэнт фатаздымка Авяр'янава, нібыта зробленай на вясельлі яго дачкі ў 2017 годзе. У артыкуле таксама сьцвярджаецца, што госьцем на вясельлі дачкі Авяр'янава быў Анатолій Чапіга — расейскі выведнік, якога ўлады Вялікабрытаніі разам з Аляксандрам Мішкіным лічаць адным з выканаўцаў атручваньня Скрыпалёў. Сапраўдныя асобы Чапігі і Мішкіна, якія дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пад псэўданімамі Руслана Башырава і Аляксандра Пятрова, удалося раскрыць дзякуючы расьследаваньням Bellingcat, расейскага выданьня The Insider і Радыё Свабода. Расейскія ўлады, а таксама самі «Пятроў» і «Башыраў» сьцвярджаюць, што былі ў Солсбэры ў якасьці звычайных турыстаў, а ў Расеі займаюцца продажам спартовага харчаваньня.

Радыё Свабода пасьля амаль тыднёвых пошукаў знайшло відэазапісы і фотаздымкі вясельля дачкі Авяр'янава, а таксама пацьвердзіла той факт, што Авяр'янаў — чыё імя ня значыцца ні ў адным афіцыйным сьпісе Герояў Расеі — сапраўды, як і Чапіга, зьяўляецца ўладальнікам гэтай узнагароды.

Вясельле насупраць базы «Сіл спэцыяльных апэрацый»

Нягледзячы на тое, што некалькі расейскіх выданьняў і незалежных экспэртаў сьцвярджалі, што нічога сакрэтнага ў асобе Андрэя Авяр'янава няма, інфармацыю пра яго прыйшлося зьбіраць літаральна па дробачках. З дапамогай базы дадзеных у адкрытым доступе мы здолелі ўстанавіць, што Андрэй Авяр'янаў, год нараджэньня якога адпавядаў інфармацыі The New York Times пра яго выпуск ў 1988 годзе з Ташкенцкай вышэйшай агульнавайсковай вучэльні, у канцы 90-х гадоў жыў у вёсцы Рамено непадалёк ад Сызрані. Гэта дазволіла Радыё Свабода і Bellingcat ідэнтыфікаваць профілі ў сацыяльных сетках некалькіх яго сваякоў з Самарскай вобласьці, а на адным з гэтых профіляў знайсьці яшчэ адзін здымак Авяр'янава, зроблены ў 2012 годзе ў кампаніі двух ягоных братоў.

Андрэй Авяр'янаў у 2012 годзе, фрагмэнт фатаздымка
Андрэй Авяр'янаў у 2012 годзе, фрагмэнт фатаздымка

Пацьвердзіўшы такім чынам, што гаворка ідзе менавіта пра Авяр'янава з публікацыі The New York Times, мы празь некалькі дзён знайшлі рахунак яго дачкі, а ў акаўнтах яе сяброў — фатаграфіі з таго самага вясельля, якое адбылася ў канцы ліпеня 2017 году. Аказалася, што Анатолій Чапіга прысутнічаў на ім з усёй сваёй сямьёй — жонкай і двума дзецьмі, адзін зь якіх удзельнічаў у вясельнай цырымоніі. Гэта атрымалася высьветліць дзякуючы здымкам і відэазапісам, якія апублікаваныя адным з прафэсійных фатографаў, якія працавалі на вясельлі, і на сайце расейскага вясельнага агенцтва Zvonova Wedding, якое арганізоўвала ўрачыстасьць.

Сам Андрэй Авяр'янаў, камандзір часткі 29155, таксама прысутнічае на шматлікіх фотаздымках і відэа зь вясельля. Цікава, што арганізавана яна была ў буцік-гатэлі «Сэнэшаль», разьмешчаным на беразе Сенескага возера, на процілеглым беразе ад базы «Сенеж» расейскіх «Сіл спэцыяльных апэрацый». Да месца, дзе ў 2013 годзе разьмясцілася асноўная частка па падрыхтоўцы так званых «зялёных чалавечкаў», ад гэтага гатэля 15 хвілін язды на машыне ці некалькі хвілін на катэры.

Як вынікае з фота рассадкі гасьцей, апублікаванай фатографам, які працаваў на вясельлі, яшчэ за паўгоду да атручваньня Скрыпалёў Анатолій Чапіга ўжо спрабаваў схаваць сваю асобу: на стэндзе ён пазначаны як «Аляксей Чапіга», хаця ўсе астатнія яго сямейнікі прысутнічаюць там пад сваімі сапраўднымі імёнамі. На стэндзе ёсьць таксама псэўданім іншага «солсбэрыйскага атрутніка», Аляксандра Пятрова, аднак знайсьці яго на здымках нам не ўдалося.

Андрэй Авяр'янаў вядзе дачку на вясельлі, дзе прыстунічаў Анатолій Чапіга
Андрэй Авяр'янаў вядзе дачку на вясельлі, дзе прыстунічаў Анатолій Чапіга

Анатолій Чапіга на вясельлі дачкі Андрэя Авяр'янава
Анатолій Чапіга на вясельлі дачкі Андрэя Авяр'янава

Дасьледная група Bellingcat здолела знайсьці таксама яшчэ адно пацьверджаньне таго факту, што камандзір вайсковай часткі 29155 Андрэй Авяр’янаў зьвязаны з ГРУ і «Сіламі спэцыяльных апэрацый». У дадатку GetContact, які паказвае, як той ці іншы чалавек запісаны ў тэлефонных кнігах іншых абанэнтаў, мабільны нумар Авяр'янава запісаны як «Сенеж», «Андрэй Авяр’янаў» і «Андрэй Крым».

Радыё Свабода, у сваю чаргу, змагло пацьвердзіць наяўнасьць у Авяр'янава званьня Героя Расеі, якое, паводле нашай вэрсіі, ён мог атрымаць менавіта за ўдзел у апэрацыі па анэксіі Крыму, а таксама трох ордэнаў Мужнасьці. У наступным разьдзеле гэтага расьследавання мы раскажам падрабязней пра асобу Андрэя Авяр'янава.

Тры вайны Андрэя Авяр'янава

Андрэй Уладзіміравіч Авяр’янаў пакінуў ня надта прыкметны лічбавы сьлед. Больш за тое, ёсьць прыкметы, што ён быў да некаторай ступені сьвядома замецены. Жонка (паводле дадзеных Bellingcat — магчыма, ужо былая) і дачка Авяр'янава карыстаюцца акаўнтамі «Укантакце» зь іншымі, прычым рознымі прозьвішчамі, пры гэтым назва акаўнту дачкі ў інстаграме сугучная менавіта бацькаваму прозьвішчу, верагодна, у жыцьці яна карыстаецца менавіта ім. Генэрал-маёра можна выявіць на адзіным фота ў розных сацсетках яго шматлікіх сваякоў.

Радыё Свабода вывучыла некалькі дзясяткаў акаўнтаў аднакурсьнікаў Авяр'янава па Ташкенцкай вайсковай вучэльні, у тым ліку старонкі людзей, якіх ён шукаў у гасьцявых кнігах, гэта значыць ведаў асабіста — разьведчык не патрапіў ні на адзін здымак сустрэч выпускнікоў, ён не адзначаны і нt названы па імені ні на адным зь вялікай колькасьці фотаздымкаў часоў навучаньня.

І ўсё ж такі на адной з сустрэч выпускнікоў вучэльні Авяр’янаў прысутнічаў як мінімум віртуальна. 23 ліпеня 2018 году ў тэатры Савецкай арміі і на Сувораўскай плошчы ў Маскве прайшлі ўрачыстасьці, прысьвечаныя 100-годдзю вучэльні. Радыё Свабода вывучыла шматлікія фота- і відэазапісы, зробленыя на гэтым сьвяце, і ў адным з ролікаў выявіла разьмешчаны ў тэатральным холе стэнд, азагалоўлены «Выпускнікі вучэльні — удзельнікі войнаў і ваенных канфліктаў, якія загінулі, і памерлыя пры выкананьні службова-баявых задач». На стэндзе ёсьць таблічка без фота, якая расказвае пра выпускніка па імені «А. В», Героя Расеі і кавалеры трох ордэнаў Мужнасьці. Радыё Свабода мяркуе, што гаворка ідзе менавіта пра Авяр'янава, а згадка яго на стэндзе «загінуўшых і памерлых» — памылка ці сьвядомая дэзінфармацыя. На карысьць гэтай вэрсіі сьведчыць тое, што на стэндзе ёсьць фатаграфіі і іншых вайскоўцаў, якія жывыя дагэтуль — напрыклад, палкоўніка Сяргея Вароніна.

Меркаваны аватар Андрэя Авяр'янава на стэндзе выпускнікоў Ташкенцкай вайсковай вучэльні
Меркаваны аватар Андрэя Авяр'янава на стэндзе выпускнікоў Ташкенцкай вайсковай вучэльні

Інфармацыя на зьвязаных з вучэльняй форумах у інтэрнэце дазваляе аднавіць некаторыя дэталі ягонай біяграфіі. Напрыклад, з тэксту пра загінулага выпускніка Батыра Гараева можна даведацца, што Авяр’янаў нарадзіўся ў Ашгабаце, жыў у 1-м вайсковым гарадку і вучыўся ў расейскай школе.

Авяр’янаў зрабіў два запісы пра хваробу і гібель генэрал-маёра Хасанша Баксанава: «Вельмі шчыльна пераплеценыя лёсы нашыя! І яго ведаюць, паважаюць і любяць многія нашы выпускнікі, хто служыў у Аўгане і Таджыкістане!» — пісаў Авяр’янаў. Баксанаў быў камандзірам разьведнага ўзводу падчас вайны ў Аўганістане.

Удзел Авяр'янава ў лёсе Баксанава намякае на тое, што яны былі знаёмыя і служылі разам, хутчэй за ўсё — у Аўганістане, дзе, па дадзеных крыніц Bellingcat, Авяр’янаў атрымаў адну з сваіх баявых узнагарод.

Яшчэ адзін запіс Авяр'янава — і зноў аб памяці іншага афіцэра — дае падставы для высновы, што ён служыў і на Балканах. Авярʼянаў паўдзельнічаў у складаньні біяграфічнай даведкі на ўкраінскага падпалкоўніка Віктара Сьліўнога, які загінуў 11 жніўня 1993 году на тэрыторыі Югаславіі ў Босьніі. Мяркуючы па тэксьце, Авяр’янаў праходзіў службу ў складзе міратворчага кантынгенту на Балканах, па выніках якой мог атрымаць яшчэ адзін з трох, як мяркуецца, наяўных у яго ордэнаў Мужнасьці. Трэці ордэн Авяр’янаў мог атрымаць за службу Чачні.

У артыкуле The New York Times сьцвярджаецца, што генэрал Авяр’янаў жыве ў сьціплым доме савецкай пабудовы. Сапраўды, адзін з адрасоў выведніка, якія ўдалося выявіць у наяўных у інтэрнэце базах дадзеных — маскоўская кватэра ў доме па адрасе вуліца Народнага апалчэньня, 52 корпус 2. Гэта пяціпавярховы будынак, як мяркуецца, інтэрнат ГРУ. Але наўрад ці менавіта тут Авяр’янаў захоўвае сваю калекцыю зброі. У яго ёсьць і іншы маскоўскі адрас, у Паўднёвым Тушыне. Гэты дом у акружаным паркамі ўтульным мікрараёне на прэстыжным захадзе Масквы — панэльная шматпавярхоўка, не «элітная нерухомасьць», але і не старая хрушчоўка.

Высновы

Расьследаваньне Радыё Свабода і Bellingcat пацьвярджае дадзеныя The New York Times пра знаёмства Анатолія Чапігі і камандзіра часткі 29155 Андрэя Авяр'янава і зьяўляецца яшчэ адным доказам, што Чапіга — не «бізнэсовец, які займаецца спартовым харчаваньнем», а шчыльна зьвязаны з ГРУ чалавек. Больш за тое, фота і відэа з вясельля дачкі Авяр'янава даюць падставы меркаваць, што Чапіга і Авяр’янаў сябруюць семьямі, магчыма, іх шчыльнае знаёмства пачалося яшчэ на адной з чачэнскіх войнаў, дзе, як мяркуецца, служылі абодва. Калі верыць дадзеным крыніцы The New York Times, Авяр’янаў атрымаў званьне Героя Расеі ў студзені 2015 году, усяго толькі праз месяц пасьля Чапігі, верагодна, за ўдзел у крымскіх падзеях, дзе яны з Чапігам таксама маглі працаваць разам.

Мы ня можам адназначна пагадзіцца з высновай The New York Times пра тое, што менавіта вайсковая частка 29155 зьяўляецца «цэнтрам плянаваньня і арганізацыі апэрацый ГРУ за мяжой», такіх, як атручэньне Сяргея Скрыпаля. Не выключана, што в/ч 29155, у прыватнасьці, база ў раёне Сходня, выкарыстоўваецца для трэніроўкі байцоў ГРУ, у тым ліку, для замахаў і іншых апэрацый у Эўропе, паколькі на гэтай базе часта бываў Дзяніс Сяргееў, яшчэ адзін удзельнік апэрацыі па атручваньня Скрыпалёў. У той жа час, прызначаны камандзірам часткі 29155 у 2013 годзе Андрэй Авяр’янаў, мяркуючы па ўсім, мае дачыненьне да камандаваньня Сіл спэцыяльных апэрацый у Сенежы.

Авяр’янаў, яго сябра Анатолій Чапіга, а таксама Пятроў-Мішкін, які магчыма таксама прысутнічаў на вясельлі дачкі Авяр'янава, і іншыя байцы ГРУ могуць складаць пазаведамасную групу, спэцыяльна падабраную зь разьведчыкаў зь вялікім вопытам і знаёмых паміж сабой і падпарадкаваных наўпрост кіраўніцтву Міністэрства абароны.

Мы мяркуем, што акцэнт павінен быць зроблены не на канкрэтным падразьдзяленьні, якое ўваходзіць у структуру ГРУ, а на асобных людзях, у тым ліку на ўдзельніку чатырох ваенных канфліктаў, кавалеру трох ордэнаў Мужнасьці, героі Расеі генэрал-маёры Андрэі Авяр'янаве. Па дадзеных Bellingcat і выданьня The Insider у апошнія гады Авяр’янаў рэгулярна наведваў Эўропу, асабліва часта — Вену. Магчыма, ён асабіста ўдзельнічаў у падрыхтоўцы і ўчыненьні эўрапейскіх апэрацый ГРУ, у тым ліку, пакуль невядомых.

P. S.

Радыё Свабода накіравала ў прэсавую службу міністэрства абароны РФ пытаньні пра Андрэя Авяр'янава і вайсковай частцы 29155. Мы прасілі пацьвердзіць, ці ён фігуруе на фатаграфіі ў артыкуле The New York Times, пацьвердзіць або абвергнуць інфармацыю аб прысваеньні Авяр'янаву званьня Героя Расеі, удакладніць задачы, ускладзеныя на частку 29155, а таксама паведаміць, ці зьяўляецца Анатолій Чапіга службоўцам гэтай часткі. На момант публікацыі гэтага матэрыялу мы не атрымалі адказаў з ведамства, аднак пасьля таго, як мы адправілі гэты запыт, фатаграфіі і відэа вясельля дачкі Авяр'янава з Інстаграму, якія дазволілі нам знайсьці новыя здымкі Анатолія Чапігі, былі выдаленыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG