Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробкі, Пуцін і жыльлё: Пра што людзі прасілі прэтэндэнтаў у дэпутаты


Перадвыбарчы пікет у Менску
Перадвыбарчы пікет у Менску

7 кастрычніка — апошні дзень збору подпісаў для тых, хто хоча стаць кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Не пазьней як у гэты дзень трэба здаць і ўсе дакумэнты аб рэгістрацыі. Свабода распытала самых цікавых прэтэндэнтаў пра пікеты, размовы зь людзьмі і вынікі кампаніі па зборы подпісаў.

«Людзі мала цікавяцца гэтымі выбарамі»

Яўген Шаўко
Яўген Шаўко

Яўген Шаўко, старшыня рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, абраў за сваё вылучэньне 1424 подпісы (для вылучэньня трэба тысяча).

«Уражаньне невясёлае. Я чакаў, што будзе прасьцей зьбіраць подпісы. Людзі некуды бягуць, занятыя сваімі справамі, нічога ня хочуць падпісваць, кажуць, што ўжо нікому ня вераць. Што да маёй кандыдатуры, то ставіліся нармальна. Многія кажуць — маўляў, малайчына, разумеем твае мэты і падтрымаем», — сказаў Свабодзе Яўген Шаўко.

Ці будзе рэгістрацыя кандыдатаў празрыстай, Яўген казаць не бярэцца, але верыць, што сабраныя подпісы будуць разглядаць аб’ектыўна. Свае подпісы ён ужо аддаў у выбарчую камісію для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

«Мне трэба падрыхтавацца, каб адказваць на пытаньні»

Марыя Васілевіч танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам, архіўнае фота
Марыя Васілевіч танчыць з Аляксандрам Лукашэнкам, архіўнае фота

«Міс Беларусь» Марыя Васілевіч адразу кажа Свабодзе, што «не гатовая без падрыхтоўкі адказваць на пытаньні» і «трэба загадзя дамовіцца на інтэрвію». Пра колькасьць подпісаў кажа толькі, што «іх дастаткова», не ўдакладняючы колькасьці. Подпісаў, нагадаем, трэба тысяча.

Раней Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў Марыі Васілевіч узначаліць калгас, а Лідзія Ярмошына сказала, што «ў парлямэнт павінны ісьці людзі больш сталыя». Цяпер Марыі 21 год, гэтага дастаткова, каб быць дэпутаткай.

Зьбіраць подпісы за «Міс Беларусь» дапамагала БРСМ.

«Людзям на заводах ужо сказалі, за каго галасаваць»

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Ганна Канапацкая падала ў выбарчую камісію 1200 подпісаў за сваё вылучэньне кандыдаткай у дэпутаты. Былая дэпутатка кажа, што падчас збору подпісаў яе пазнавалі, але выбарамі цікавіліся мала.

«Да выбараў няма ні інтарэсу, ні даверу. Але ратавала тое, што людзі ведалі мяне за час дэпутацтва. Маладыя людзі мяне пазнавалі. Людзі сталага ўзросту былі ўдзячныя за нейкае добраўпарадкаваньне па акрузе, а маладыя — за заканадаўчую працу. Але ўжо задзейнічаны адміністрацыйны рэсурс дзяржавы. Людзям з заводаў, настаўнікам ужо сказалі, за каго галасаваць», — кажа Канапацкая.

Сярод праблемаў, пра якія казалі людзі, яна называе жыльлёвыя праблемы, праблемы даходаў.

«Людзей цікавіць іх даход»

Алена Анісім
Алена Анісім

Былая дэпутатка Алена Анісім цяпер вылучаецца шляхам збору подпісаў, у яе іх 1068. На яе думку, «ажыятажу вакол выбараў цяпер няма». А людзей цікавяць «іх даходы і ўзровень жыцьця».

«Ёсьць ажыятаж у прэтэндэнтаў у дэпутаты. А ў людзей няма. Людзі гавораць пра свае асабістыя праблемы. Глябальныя праблемы, як то пагроза незалежнасьці, іх мала турбуюць. Пытаюцца пра рост цэнаў, пра сваіх дзяцей гавораць, пра іх вучобу. Узьнікаюць пытаньні школьнага харчаваньня ды іншае», — дзеліцца ўражаньнямі Алена Анісім.

«Подпісы не сабралі»

У Моладзевым блёку, які аб’ядноўвае 9 розных кандыдатаў, Свабодзе прызнаюцца, што неабходнай тысячы подпісаў не сабраў ніводзін кандыдат. Таму вылучацца яны вырашылі ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). У каманду Моладзевага блёку ўваходзяць

  • актывіст кампаніі Legalize Belarus Стас Шашок,
  • выпускніца БДМУ, беларуска з этыёпскімі каранямі Алана Гебрэмарыям,
  • Даніла Лаўрэцкі,
  • блогер Яўген Каравулаў,
  • Аляксей Пахілка,
  • Мікіта Краснакуцкі,
  • Аляксей Лазараў,
  • Міхаіл Варанцоў з Магілёва і
  • Ўлад Сыса зь Берасьця.

Ва ўсіх кандыдатаў блёку ў праграмах значыцца шэраг супольных праблем, якім яны хочуць даць рады як дэпутаты:

  • Перагляд антынаркатычнай палітыкі ўладаў.
  • Закон аб адтэрміноўках, які не дае студэнту права другі раз браць адтэрміноўку ад войска.
  • Прымусовае разьмеркаваньне бюджэтнікаў пасьля ўнівэрсытэту.

«Людзі спадзяюцца, што іх выратуе Пуцін»

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў

Рыгор Кастусёў, старшыня партыі БНФ, які таксама зьбіраў подпісы за сваё вылучэньне, у выніку будзе вылучацца ад партыі. Такіх прэтэндэнтаў усяго 50. Колькі ў яго сабрана подпісаў, ён нават не лічыў.

«Праблем падчас збору подпісаў не было, не было адмоўнай рэакцыі з боку людзей. Але важна, што ўзрастаюць спадзяваньні на Ўладзіміра Пуціна, асабліва гэта заўважна ва ўсходніх раёнах Беларусі. Яны спадзяюцца, што Пуцін прыйдзе і ўратуе іх, навядзе парадак. І гэта ня толькі сярод простых людзей, а сярод рэгіянальнага чынавенства, сілавікоў. Людзі спадзяюцца, што з прыходам Расеі ўздымуцца заробкі», — кажа Рыгор Кастусёў.

Ён непакоіцца, што хваля спадзяваньняў на Пуціна будзе расьці далей углыб краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG