Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар духоўнай акадэміі расказаў, чаму прыхаджане супраць службаў на беларускай мове


Архімандрыт Сяргей (Віталь Акімаў), архіўнае фота
Архімандрыт Сяргей (Віталь Акімаў), архіўнае фота

Архімандрыт Сергій (Віталь Акімаў), рэктар Менскай духоўнай акадэміі, даў інтэрвію расейскаму выданьню «Православие и мир», у якім выказаўся пра службы па-беларуску і пра беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву.

Як расказаў Акімаў, у Менску сапраўды ёсьць група прыхільнікаў богаслужбаў на беларускай мове: яны ўдзельнічаюць у беларускамоўных літургіях у розных храмах некалькі разоў на месяц, маюць сваіх чытальнікаў і пеўчых.

Ён сьцьвярджае, што сам ня супраць службаў на беларускай ці расейскай мовах (цяпер у праваслаўных храмах служаць на царкоўнаславянскай), бо «богаслужэньне павінна быць зразумелым людзям», але сумняваецца, ці гатовыя да гэтага прыхаджане. Акімаў называе такія прычыны:

  • «Тыя, хто гучна выступае і змагаецца за беларускую мову ў набажэнстве, самі на гэтыя набажэнствы ня ходзяць» і ня будуць хадзіць.
  • У катэдральным саборы спрабавалі ладзіць чытаньні Эвангельля і Апостальскіх пасланьняў па-беларуску, але «група прыхаджанаў выступіла катэгарычна супраць»: «пісалі пратэставыя лісты, нават да нас у храм прыходзілі з абурэньнямі». Чытаньні адмянілі, «каб не бянтэжыць людзей».
  • «Штучная зьмена» мовы ў набажэнстве прывядзе да «лішняга канфлікту», а «значная частка пастаянных прыхаджанаў сыдзе туды, дзе ладзяцца звыклыя набажэнствы». Але «калі людзі будуць размаўляць на беларускай мове і праяўляць гатоўнасьць наведваць беларускія набажэнствы, то з часам сытуацыя зьменіцца».
  • На пачатку 1990-х у Беларусі, кажа ён, была «грубая, гвалтоўная беларусізацыя», якая «выклікала ў людзей нэгатыўную рэакцыю», і «многія галасавалі за Лукашэнку менавіта таму, што ён гарантаваў вольнае хаджэньне расейскай мовы». Цяпер моўная сытуацыя ў краіне «спакойная» — ня тое, што ва Ўкраіне, дадае архімандрыт.
  • «Праблема беларускай мовы ў тым, што яна з цэлага шэрагу прычынаў існавала як мова сельскай мясцовасьці і была недастаткова зьвязаная з гарадзкой культурай». У выцясьненьні беларускай мовы вінаватая ўрбанізацыя, а не «мінулая ці сучасная ўлада».
  • Хоць нацыянальная мова — гэта «багацце і здабытак народу», «любая мова — гэта найперш сродак камунікацыі», а «наяўнасьць нейкай агульнай, адзінай мовы адкрывае дадатковыя сфэры для стасункаў людзей» (каторая маецца на ўвазе, царкоўнаславянская ці расейская, з цытаты незразумела. — РС).

Асобныя выкладчыкі духоўнай акадэміі размаўляюць па-беларуску, але архімандрыт лічыць, што «тут ёсьць небясьпека»: «калі студэнт яшчэ не засвоіў расейскую багаслоўскую тэрміналёгію, то пры спробе паралельна засвоіць аналягічную беларускую тэрміналёгію могуць узьнікаць блытаніна ды іншыя цяжкасьці».

Слова «аўтакефалія», кажа ён, для звычайных вернікаў «мала што значыць», а размовы пра аўтакефалію цяпер ідуць з «палітычным падтэкстам».

У адрозьненьне ад мітрапаліта Паўла, архімандрыт Сергій сьцьвярджае, што «дзякуючы падтрымцы дзяржавы» БПЦ цалкам забясьпечвае сябе сьвятарамі і царкоўнымі служкамі, не залежыць у гэтым ад Расеі і іншых краінаў.

***

Архімандрыт Сяргей (Віталь Акімаў) нарадзіўся ў 1973 годзе ў Бабруйску (кажа, з Расеяй і Ўкраінай мае «кроўныя сувязі»), адвучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі і Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі, выкладаў у ЭГУ, затым у БДУ. З 1999 году выкладаў у Менскай духоўнай сэмінарыі, у 2012 годзе стаў прарэктарам, у канцы 2014 году пастрыжаны ў мантыю і прызначаны рэктарам, у 2015-м стаў архімандрытам.

Пачынаючы з Раства Хрыстовага 2019 году ў царкве Кірыла Тураўскага пры духоўнай акадэміі адбываюцца рэгулярныя службы на беларускай мове. Цяпер гэта апошняя нядзеля месяца, у 10.30 раніцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG