Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьменшылі порцыі пасьля словаў Лукашэнкі? Харчаваньне ў школах па-ранейшаму адрозьніваецца


Ілюстрацыйнае фота

Чыноўнікі ад адукацыі адрапартавалі, што зь сярэдзіны верасьня ўсіх школьнікаў — і льготнікаў са шматдзетных сем’яў, і платнікаў — кормяць аднолькава. Дзеля гэтага зь бюджэту выдзелілі дадатковыя сродкі. Аднак у некаторых школах харчаваньне па-ранейшаму рознае: у платнікаў, да прыкладу, курыная адбіўная з грэчкай, у льготнікаў — хлебная катлета з макаронай.

2 верасьня Аляксандар Лукашэнка, адкрываючы новую сталічную школу, загадаў, каб усе школьнікі былі «ў роўных умовах» — атрымлівалі аднолькавыя сьняданкі і абеды.

«Не рабіце сабе сораму. Гэта дурасьць, пра якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!» — падкрэсьліў Аляксандар Лукашэнка.

Харчаваньне прыкладна паловы дзяцей у школах аплачваюць бацькі. Сёлета за адзін дзень харчаваньня дзіцяці ў школе бацькам давядзецца плаціць ад 2,5 да 3 рублёў.

Але некаторыя катэгорыі вучняў, да прыкладу, школьнікі пачатковых клясаў, са шматдзетных сем’яў, харчуюцца бясплатна — у сталіцы гэта 56% школьнікаў. Раней сьняданкі і абеды льготнікаў і платнікаў істотна розьніліся. Платнікаў кармілі больш разнастайна, часьцей давалі натуральнае мяса, а ня хлебныя катлеты, салаты з гародніны.

Аднак пасьля загаду Лукашэнкі з 5 верасьня мэню для ўсіх школьнікаў павінна было стаць аднолькавым. На гэта гарадзкія ўлады Менску выдзелілі дадатковую суму зь бюджэту на харчаваньне льготнай катэгорыі дзяцей — амаль 500 тысяч рублёў.

На сьняданак порцыі давялося крыху зьменшыць

У сярэднім на аднаго школьніка штодня ўлады будуць даплачваць па 30–37 капеек.

Такім чынам, абед для вучняў 6–10 гадоў павінен каштаваць ня больш за 2,11 рубля, 11–13 гадоў — 2,33 рубля, 14–17 гадоў — 2,44 рубля.

Калі школьнік атрымлівае і сьняданак, і абед, то сумы такія: для малодшых школьнікаў трэба ўкласьціся ў 3,15 рубля, для сярэдніх школьнікаў — у 3,53 рубля і для падлеткаў — у 3,71 рубля.

Кухар адной са сталічных гімназій прызналася, што, нягледзячы на невялікія датацыі, давялося крыху зьменшыць порцыі на сьняданак.

«Для самых малых дзетак на сьняданак і абед трэба ўкласьціся ў 3 рублі 15 капеек, абед каштуе 2 рублі 11 капеек. На сьняданак застаецца 1 рубель 4 капейкі. Для сярэдніх школьнікаў на сьняданак трэба ўкласьціся ў 1 рубель 19 капеек, для старэйшых — у 1 рубель 44 капейкі. Вось і вымушаныя былі зьменшыць крыху порцыі, каб укласьціся ў сьціплую суму», — прызнаецца кухар.

Ільготнікам двойчы сечаныя катлеткі, платнікам — натуральнае мяса. Гарнір аднолькавы — грэчка

У адной беларускамоўнай сталічнай гімназіі ўсіх дзяцей кормяць аднолькава, запэўніў шматдзетны бацька, у якога там вучацца трое дзетак. 1 кастрычніка на сьняданак была запяканка, абед можна было выбіраць з двух варыянтаў: ці малочны аўсяны суп і катлета з макаронай і памідорам, ці абед бяз супу: катлета з макаронай і памідорам і сок. Катлеты таксама можна было выбіраць: альбо сьвіную, альбо курыную.

А вось у другой менскай гімназіі, пра якую Свабода распавядала 3 верасьня, харчаваньне льготнікаў і платнікаў зноў розьнілася.

Як расказала 16-гадовая Даша са шматдзетнай сям’і, ільготнікаў па-ранейшаму кормяць асобна — у невялікім пакоі, які раней быў прызначаны для адпачынку пэрсаналу. Платнікі ж харчуюцца ў школьнай сталоўцы.

Ільготнікам 1 кастрычніка ў 11.15 на сьняданак давалі сьвіную катлету з макаронай і гарбату. Платнікі ў гэты час не ядуць.

У 13.15 кожнаму дасталася грэцкая каша і кавалак памідора. Да гэтага льготнікам падалі малочны суп, катлету, гарбату.

А платнікам — курыную адбіўную, салату з капусты і морквы, сок, — кажа Даша са шматдзетнай сям’і.

Сьняданак ільготнікаў 2 кастрычніка
Сьняданак ільготнікаў 2 кастрычніка
Абед ільготнікаў 2 кастрычніка
Абед ільготнікаў 2 кастрычніка
Сьняданак платнікаў 2 кастрычніка (які адбываецца ў абедзены час, а 13.15, але суп ніхто за грошы не замаўляе)
Сьняданак платнікаў 2 кастрычніка (які адбываецца ў абедзены час, а 13.15, але суп ніхто за грошы не замаўляе)

«Усё адно нас кормяць па-рознаму. У нас, напрыклад, амлет, а ў платнікаў — каша з катлетай. Сёньня ў нас двойчы былі катлеты (праўда, розныя: раніцай сьвіная, удзень — курыная). А платнікам давалі курыную адбіўную, запечаную пад сырам і памідорам. Часьцей за ўсё нас кормяць хлебнымі катлетамі, зрэдку даюць сасіскі, шаўрму, плоў. Я б не сказала, што школьнае мэню разнастайнае», — кажа Даша.

Пытаньні без адказаў

На пачатку 2019 года Камбінат школьнага харчаваньня Менску распрацаваў новыя стравы, якія паабяцалі дадаць у школьнае мэню. Гэта

  • «тэфтэлька мясная» у аўсяных шматках,
  • рыс «мазаіка» (з гароднінай),
  • аладкі «Апэтытныя»,
  • катлеты «Залатая рыбка» і «Выдатнік»,
  • шніцаль «Карпыч»,
  • запяканка «Пятруха» з курынага філе,
  • сырны пірог з рыкоты з сочывам,
  • «Бел-Нагетс»,
  • кебаб «Златка»,
  • рол «Маленькі Цэзар з сырам»,
  • каўбаскі «Пераменка»,
  • «Сячэнікі » з рыбы.

Аднак часьцей за ўсё школьнікаў кормяць звычайнымі катлетамі з рознымі гарнірамі.

На пытаньні «Свабоды», ці сапраўды крыху зьменшыліся порцыі і чаму ў школьных сталоўках няма абяцанага разнастайнага мэню, дырэктар Камбіната школьнага харчаваньня Менску Сяргей Васіленка адказваць адмовіўся, праз сакратарку параіў напісаць пісьмовы запыт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG