Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля разносу Лукашэнкі для ўсіх школьнікаў зрабілі аднолькавае харчаваньне


Ілюстрацыйнае фота

У беларускіх школах забясьпечана аднолькавае харчаваньне для ўсіх дзяцей, паведаміла журналістам начальнік аддзела па арганізацыі харчаваньня Нацыянальнага інстытута адукацыі Люцыя Міхальчук, піша БЕЛТА.

«Асноўны момант, які тычыцца арганізацыі харчаваньня, — гэта прадстаўленьне адзіных рацыёнаў навучэнцам установаў агульнай сярэдняй адукацыі. Адзіныя рацыёны харчаваньня для дзяцей, якія сілкуюцца як за кошт сродкаў бюджэту, так і за кошт сродкаў бацькоў ці іншых законных прадстаўнікоў», — распавяла Міхальчук.

Цяпер, незалежна ад умоваў аплаты школьнікі 5-11 клясаў атрымліваюць адзіныя па кошце рацыёны, а дакладней – рацыён з двух комплексаў на выбар: адзін з супам, другі – без, патлумачыла прадстаўніца аддзелу арганізацыі гандлю і грамадзкага харчаваньня Галоўнага ўпраўленьня спажывецкага рынку Менгарвыканкаму Марына Дзьякава, піша Tut.by.

На просьбу журналістаў патлумачыць словы бацькоў, якія сьцьвярджаюць, што ў некаторых школах дзяцей працягваюць карміць па-рознаму, Дзьякава сказала, што гэта вынік блытаніны сьняданкаў з абедамі.

Паводле яе, у Менску большасьць «ільготнікаў» атрымліваюць двухразовае харчаваньне – сьняданак і абед, а дзеці, якія ядуць за кошт бацькоў, атрымліваюць толькі абед. Паколькі ў менскіх школах вельмі шмат дзяцей, разьмясьціць усіх разам у сталоўцы ў адзін прыём ежы немагчыма. Таму і могуць узьнікаць сытуацыі, калі «льготнікі» прыходзяць сьнедаць, а «платнікам» у гэты момант накрылі абед. У выніку школьнікі могуць атрымаць розныя стравы.

2 верасьня, калі Аляксандар Лукашэнка прыехаў на адкрыцьцё новай школы №93 у Менску, сярод іншага яму паказалі стравы са школьнага мэню. Там жа ўзьнялі пытаньне розьніцы ў падыходах да харчаваньня.

Харчаваньне бальшыні дзяцей у школах аплачваюць бацькі, але некаторыя катэгорыі вучняў, да прыкладу, са шматдзетных сем’яў, харчуюцца бясплатна. Школьнікам са шматдзетных семʼяў, як правіла, адводзяць асобныя месцы, а іхнія абеды адрозьніваюцца ад абедаў іншых вучняў. У «бясплатнікаў» мэню не такое разнастайнае, казалі бацькі. Лукашэнка заявіў, што ўсе дзеці павінны быць у роўных умовах.

«Не рабіце сабе сораму. Гэта дурасьць, пра якую я чую ў першы раз. Абавязкова ў роўных умовах!» — падкрэсьліў Лукашэнка.

Свабода наведала адну зь менскіх гімназій і пераканалася, што дзяцей і сапраўды кормяць па-рознаму: напрыклад, на сьняданак «бясплатнікаў» кармілі катлетай з макаронай і давалі кампот, а «платнікаў» — курынай адбіўной, запечанай пад памідорам і сырам, ды апэльсінавым сокам.

Першы — сьняданак для «платнікаў», другі — для дзяцей з шматдзетных семʼяў
Першы — сьняданак для «платнікаў», другі — для дзяцей з шматдзетных семʼяў

Пазьней стала вядома, што ўлады выдаткавалі зь бюджэту Менску да канца 2019 году выдзеляць дадатковыя 500 тысяч рублёў на харчаваньне школьнікаў-ільготнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG