Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Голубеў пра Лукашэнку на віленскіх барыкадах і запіс зьбіцьця дэпутатаў у 1995-м


Валянцін Голубеў, гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.
Валянцін Голубеў, гісторык, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня.

Гісторык, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Валянцін Голубеў — адзін з аўтараў дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі, прынятай у 1990 годзе, Валянцін Голубеў быў жорстка зьбіты падчас галадоўкі дэпутатаў ВС 12-га скліканьня супраць рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі ў 1995 годзе. Прапануем інітэрвію зь ім з архіваў Свабоды.

— У гэтай студыі перад вамі быў Сяргей Антончык, таксама дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня. Пасьля запісу я пачула вашу прыватную гутарку пра пэнсіі дэпутатаў, якія галасавалі за незалежнасьць. Сяргей Антончык спачатку меў пэнсію 1 мільён 200 тысяч рублёў (да дэнамінацыі), потым яму яе падвышалі некалькі разоў, і цяпер ён мае 220 рублёў пэнсію...

— А я маю 280 рублёў. Гэта працоўная пэнсія. Чамусьці яна зьменшылася ў параўнаньні зь іншымі маімі калегамі. Але хапае.

—​ Валянцін Фёдаравіч, адкажыце як гісторык, а ці магло б быць іначай — ці мог бы СССР існаваць і сёньня?

—​ Мог. Пра гісторыю нельга разважаць, магло быць так ці інакш. Але я думаю, што Савецкі Саюз мог існаваць толькі як цалкам паліцэйская дзяржава. Калі б былі ўжытыя вайсковыя, рэпрэсіўныя мэтады застрашваньня, магчыма, СССР праіснаваў бы 10, 15, можа, і 20 гадоў. Але гэта была б сапраўды паліцэйская дзяржава. Пайшлі працэсы нацыянальнага будаўніцтва балтыйскіх дзяржаў, першая іх падтрымала Грузія, потым, як ні дзіўна, Малдова, і толькі потым Украіна, Расея і Беларусь, і гэтыя працэсы сталі ўжо незваротнымі. Калі б улады СССР ужылі большыя рэпрэсіі, ці маглі б яны яшчэ ўтрымацца? Магчыма, маглі б. Мы бачым цяпер, што памкненьні да свабоды і дэмакратыі ў шмат якіх постсавецкіх краінах душацца з дапамогай сілы, прычым якраз у тых былых савецкіх рэспубліках, дзе больш засталося савецкасьці. І мы можам бачыць, што такім чынам Савецкі Саюз яшчэ пэўным чынам і жыве, але з дапамогай сілы.

—​ Як вы мяркуеце, а чаму ў Беларусі проста не была абвешчаная незалежнасьць, як гэта адбывалася ў многіх іншых постсавецкіх рэспубліках? Чаму ў нас такая складаная формула — наданьне сілы закону Дэклярацыі аб сувэрэнітэце? Чаму ў нас не праводзілі рэфэрэндуму аб незалежнасьці, як, напрыклад, ва Ўкраіне?

— Па вялікім рахунку, мы ішлі тым жа шляхам, як і ўсе саюзныя рэспублікі. Толькі балтыйскія дзяржавы гэта зрабілі раней, але ў іх было на што спасылацца. У іх былі да гэтага і дэклярацыі, і Канстытуцыі незалежных дзяржаў. У 1990 годзе якраз атрымалася, што Расея, Украіна (праўда, праз рэфэрэндум) і Беларусь адна за адной празь некалькі дзён заявілі пра тое, што мы хочам быць незалежнымі. Чаму не адразу? Таму што яшчэ існаваў Савецкі Саюз. Можна было толькі яшчэ сказаць, што мы зьбіраемся рабіць. Проста выйсьці з СССР — мэханізму, працэдуры не было. І добра, што мы прынялі гэтую дэклярацыю. Мы спачатку заявілі пра тое, чаго мы хочам, і пры першай магчымасьці мы зрабілі яе асноўным законам сваёй краіны.

—​ Вас называюць аўтарам гэтай дэклярацыі аб сувэрэнітэце...

—​ Я адзін з аўтараў. Аўтарам першага праекту дэклярацыі зьяўляецца Беларускі Народны Фронт. Спачатку ў Фронце мы абмеркавалі дэклярацыю. Зянон Станіслававіч Пазьняк папрасіў мяне: «Валянцін, зрабі да раніцы праект дэклярацыі, які мы распаўсюдзім у Вярхоўным Савеце». Я ўзяў наш фронтаўскі варыянт, украінскую і расейскую дэклярацыі, і зь беларускімі фактамі і рэаліямі мы зрабілі праект дэклярацыі, вынесьлі ў Вярхоўны Савет і пачалі абмяркоўваць. Нас за яе прыціскалі... Самае цікавае, што многія з тых людзей, якія былі супраць, сёньня называюць сябе аўтарамі дэклярацыі.

— Анатоль Ільіч Вярцінскі, удзельнік цыклю пра незалежнасьць, згадваў, што ён прапанаваў дадаць у дэклярацыю слова «поўны сувэрэнітэт» замест проста «сувэрэнітэт»...

—​ Калі ўжо абмяркоўвалася дэклярацыя, ішла трансьляцыя на ўсю краіну, многія дэпутаты хацелі сябе паказаць. Адны хацелі паказаць, што яны робяць унёсак у працэс забароны дэклярацыі, другія — у працэс прыняцьця. Я памятаю таксама, што спадар Вярцінскі прапанаваў, каб дзень прыняцьця дэклярацыі стаў сьвяточным днём. І так адбылося. Мы, дэпутаты апазыцыі, у гэты час былі ня ў залі паседжаньня. Там быў такі пакойчык за сьцяной, дзе сядзеў прэзыдыюм ВС, там стаяў тэлевізар. Мы праз шчыліны глядзелі. Калі было прапанавана прагаласаваць за апошні радок, што Беларуская ССР выступае за заключэньне новага саюзнага дагавору, мы, згаварыўшыся, на знак пратэсту выйшлі з залі, і тут усе астатнія дэпутаты: «Ах, БНФ супраць, тады мы прагаласуем „за“». І такім чынам дэклярацыя была прынятая бяз нашага галасаваньня за гэты апошні радок.

—​ Працягніце фразу: «Незалежнасьць — гэта...».

—​ Незалежнасьць — гэта калі я жыву ў Рэспубліцы Беларусь. І я далей не хачу больш разважаць. Калі ў нас ёсьць краіна пад назвай Рэспубліка Беларусь, для мяне зразумела, што гэта — наша краіна. І калі тут нешта ня так, мы павінны ў сваёй краіне зрабіць так, як мы хочам. Усё астатняе ў нашых сілах. Канечне, добра было б, як у Ўладзімера Арлова, што незалежнасьць — гэта калі прэзыдэнт гаворыць толькі па-беларуску, калі навучаньне ідзе на беларускай мове, калі ўсе любяць гэтую краіну і ніхто ня зможа нічога дрэннага сказаць ні пра краіну, ні пра нацыю, ні пра мову. Каб так было, нам трэба яшчэ таксама працаваць у нашай любімай Беларусі.



—​ — Я перачытвала перад інтэрвію стэнаграму сэсіі незалежнасьці, якую пяць гадоў таму выдаў Зянон Пазьняк. Колькасьць вашых выступаў у гэтыя гістарычныя дні проста цяжка падлічыць, настолькі вы былі актыўны. А які момант тых дзён вам згадваецца цяпер найперш? Ці вы адчувалі тады, што робіце гісторыю?

​—​ Калі ішоў працэс абмеркаваньня, на вуліцы стаялі тысячы людзей. Мы сядзім у залі, і пачалі даносіцца крыкі: «Жыве Беларусь». Яны нас узбадзёрылі, а нашых апанэнтаў трошкі прыпужалі. І потым прыйшла дэлегацыя з вуліцы, людзі з плошчы папрасілі вывесьці трансьляцыю з залі паседжаньня на вуліцу. Гэта было проста зрабіць. І калі гэта падключылі, працаваць у залі пасяджэньня стала значна лягчэй, таму што кожнае трапнае выказваньне прадстаўніка апазыцыі плошча сустракала аплядысмэнтамі, а калі праціўнікі гаварылі нешта супраць незалежнасьці, ішоў гул з абурэньнем. Можа, і нядобра было, што ціск быў вуліцы, але мы ўспрымалі гэта як падтрымку...

— Дэпутаты — гэта ж прадстаўнікі народу...

— На вуліцы была частка народу, але самая актыўная. А заўсёды самая актыўная частка народу і вызначае, як далей разьвівацца і народу, і нацыі, і дзяржаве.

—​ Летам 2016 3 ліпеня ўлады Беларусі сьвяткавалі 25-годзьдзе незалежнасьці, фактычна падмяніўшы паняцьці і даты. І моладзь, якая вырасла пры Лукашэнку, збольшага ня ведае пра жнівень 91-га. Для яе не было зразумела, сёлета ў жніўні ці ў ліпені было 25 гадоў незалежнасьці. А хто найбольш скарыстаўся незалежнасьцю?

—​ Калі сьвяткаваць дзень незалежнасьці — гэтае пытаньне яшчэ будзе вырашацца нашымі гісторыкамі і палітыкамі. У нас ёсьць даты — 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня. Можа, яшчэ дата якая ўзьнікне, калі мы, я спадзяюся, прымем новую Канстытуцыю, у якой будуць больш прапісаныя гарантыі незалежнасьці. Можа, і там вызначым гэты дзень. Але тое, што гэта ня будзе дзень вызваленьня Менску, я ўпэўнены. Чаму дзень вызваленьня Менску, а ня дзень вызваленьня ўсёй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў? Што, за Менскам ужо не Беларусь? З другога боку, калі гаварыць пра незалежнасьць, то я магу ўжыць выраз «Historia magistra vitae», гісторыя — настаўніца жыцьця.

Сёньня каля ўлады вельмі многа тых людзей, якія выступалі супраць незалежнасьці. Яны за 25 гадоў навучыліся, пабачылі каштоўнасьць незалежнасьці і цяпер гатовыя бараніць незалежнасьць, можа, больш рашуча, чым мы 25 гадоў таму. І гэта добра. Выйграў народ, выйграла нацыя, беларусы атрымалі сваю дзяржаву, яны яе маюць. Як бы ні ішлі працэсы, мы дзяржаву пабудавалі, мы пабудавалі эканоміку, мы пабудавалі армію, якая можа бараніць інтарэсы гэтай дзяржавы. Цяпер нашы вайскоўцы павінны бараніць незалежнасьць ад любога агрэсара. І гэта якраз тое, на што я спадзяваўся. Беларуская дзяржава ёсьць, яна разбудоўваецца, і я ўпэўнены, што яна ня зьнікне.



—​ —​ У якой ступені незалежнасьць Беларусі — гэта вынік высілкаў апазыцыі, а ў якой ступені так склаліся абставіны?

—​ Калі б не было незалежніцкага руху пры канцы 19-га стагодзьдзя, не была бы абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка, не была б абвешчаная БССР, калі б не было людзей, якія выступалі за незалежнасьць, якія стварылі Беларускі Народны Фронт і стварылі фракцыю, якая змагалася за незалежнасьць, я ня ведаю, ці была б абвешчаная тады незалежнасьць і ці мы б ня сталі часткай Расеі. Тым, хто не змагаўся ці змагаўся супраць, проста гаварыць. На іх гэтая незалежнасьць звалілася.

Мы, дэпутаты апазыцыі — я сур’ёзна гэта кажу, я не баюся гэтых словаў, гэта ня патас, гэта праўда, — мы за гэта змагаліся. Мы ня ведалі, чым гэта скончыцца для нас, але незалежнасьць Беларусі — для нас гэта была ідэя, гэта быў ідэал. І мы змагаліся, і мы дабіліся. І мы перамаглі ў гэтым, і Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Можа, камусьці ня хочацца прызнаваць, што гэта зрабілі мы, а яны цяпер гэтым карыстаюцца. Але гэта так ёсьць. І гісторыя рана ці позна расставіць ацэнкі, адзнакі і назаве прозьвішчы тых людзей, якія найбольш зрабілі для незалежнасьці.

—​ Хто ваш асабісты герой незалежнасьці Беларусі?

—​ Уся Апазыцыя БНФ.

1991 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў.
1991 год. Дэпутаты Апазыцыі БНФ у чарзе да мікрафона. Справа налева – Лявонці Зданевіч, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў.



—​ —​ Давайце вернемся ў студзень 1991 году. Вы езьдзілі тады ў Вільню падтрымаць літоўцаў у змаганьні за незалежнасьць. І нават з Аляксандрам Лукашэнкам вы туды езьдзілі, падаецца...

​—​ Я некалькі разоў езьдзіў падтрымаць літоўцаў. Першы раз мы зь Зянонам Пазьняком і Вінцуком Вячоркам паехалі, калі Літва заявіла пра выхад з СССР і прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР прыняў заяву, што ў такім выпадку Вільня і Віленскі край павінны былі быць вернуты да Беларусі. І хоць юрыдычна ўсё было сказана правільна, палітычна гэта было супрацьпастаўленьне Беларускай ССР Хэльсынскім працэсам, бо мы ішлі за перагляд пасьляваенных межаў. Ландсбэргіс запрасіў нас, мы зрабілі заяву, што дэмакратычная Беларусь і дэмакратычная Літва будуць весьці такую палітыку, каб Вільня была адкрытая аднолькава і для беларусаў, і для літоўцаў. Я ўпэўнены, што калі ня будзе мяжы, Вільня будзе для нас яшчэ больш адкрытая.

—​ А калі быў штурм тэлевежы, як аказалася, што вы туды прыехалі разам з Аляксандрам Лукашэнкам?

—​ Была адпраўленая дэлегацыя Вярхоўнага Савету на чале зь Нілам Гілевічам, і я быў у складзе гэтай дэлегацыі. Другая машына паехала адразу, у ёй былі дэпутаты апазыцыі, там былі Сяргей Навумчык і Барыс Гюнтэр. І паехалі два сябры (яны тады сябравалі) — Генадзь Карпенка і Аляксандар Лукашэнка. Яны паехалі на машыне Карпенкі. Але дзе яны былі? Я іх ня бачыў на мітынгах, ня бачыў у Вярхоўным Савеце Літвы. Кажуць, што ў іх былі сустрэчы ў вайсковых частках. Каго яны падтрымлівалі, я ня ведаю. І калі мы потым размаўлялі з Даляй Грыбаўскайце, то яна сказала, што Аляксандар Лукашэнка казаў, што ён таксама быў на барыкадах. Можа, і быў. На тых, на якіх я быў, я яго ня бачыў.

— Ці вы ўсьведамлялі ў 1991 годзе, хто такі Лукашэнка, кім ён можа стаць і якой стане Беларусь пры Лукашэнку? Ці бачылі вы ў ім такі патэнцыял?

— Папраўдзе, не. Ён гісторык. Ён адзіны з дэпутатаў Вярхоўнага Савету, які папрасіў, каб я яму падпісаў сваю манаграфію па кандыдацкай дысэртацыі. Праз тыдзень, яе ўважліва прачытаўшы, ён са мной размаўляў, як можна гістарычны вопыт па падтрымцы сялянскіх гаспадарак выкарыстаць. Ён выступаў па ўсіх пытаньнях. Ён хацеў быць лідэрам і ў камуністычнай партыі, і ў «Дэмакратычным клюбе», ён гатовы быў быць лідэрам і ў БНФ. Ён быў актыўны чалавек, але тады ня бачылася ў ім задаткаў сапраўднага лідэра, чалавека, які разьбіраецца ва ўсіх пытаньнях. Цяпер ён разьбіраецца ва ўсіх пытаньнях, можа кіраваць усім і кіруе ўсім. Я, на жаль, тады гэтага ня бачыў. Адкрыта кажучы, я недаацэньваў. Атрымалася так, што пасьля прынясеньня прысягі пасьля першых прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Рыгоравіч падышоў да мяне і сказаў: «Валянцін, прыходзь заўтра. Будзем глядзець, як кіраваць, якія каму пасады». Я яму сказаў: «Не, не прыйду, у нас з табой розныя падыходы».

Я слушна зрабіў, бо нельга ісьці ў каманду з рознымі падыходамі, розным бачаньнем разьвіцьця дзяржавы ў палітычнай і эканамічнай сфэры. Тым, хто пайшоў, было вельмі некамфортна. Я не магу, напрыклад, выступаць толькі крытычна. За гэтыя 25 гадоў Беларусь шмат чаго дасягнула, яна стала дзяржавай, у тым ліку дзякуючы палітыцы Лукашэнкі, і слушнай, і, з нашага пункту гледжаньня, у некаторых сэнсах няслушнай. Я цяпер па-іншаму ацэньваю пэрыяд усталяваньня аўтарытарызму на пачатку 90-х гадоў. Толькі дзякуючы аўтарытарызму змаглі перамагчы рэкет, бандытызм і не дапусьціць сюды расейскі, амэрыканскі капітал. Мы ў гэтым выйгралі ў параўнаньні з той жа Літвой. Але калі так разважаць, як я цяпер, можна сказаць, што пры Гітлеру былі добрыя дарогі...

— Як гісторык вы выказваеце розныя пункты гледжаньня, ураўнаважваеце іх...

—​ Можна глядзець вынікі, і можна глядзець, якім чынам прыйшлі да гэтых вынікаў. Калі цяпер камуністы кажуць, што ў выніку рэпрэсіяў пабудавалі перадавую эканоміку, я ім кажу: «А вы б хацелі быць у канцлягеры самі, каб пабудаваць такую эканоміку?» Самі яны гэтага ня хочуць.

—​ Вы ўдзельнічалі ў галадоўцы дэпутатаў у красавіку 1995 году. Дэпутат Сяргей Навумчык згадвае, што калі б вы тады не прачнуліся раней за іншых і ня крыкнулі «Пад’ём!», «Аўтаматчыкі!», падзеі маглі разьвіцца зусім у іншы, яшчэ горшы бок. Ці быў тады момант, калі вам стала сапраўды страшна? Ці прагназавалі вы, што супраць вас ужывуць сілу?

​—​ Цяжка і балюча пра гэта ўспамінаць. Наша галадоўка — гэта была ня толькі акцыя пратэсту, гэта была акцыя, каб паказаць, што ёсьць сілы, якія не здаюцца імкненьню ўсталяваць аўтарытарызм у краіне. Мы былі вельмі напружаныя. Я не хацеў спаць. Нейкі час, седзячы, я драмануў. І тут... Чалавек, які служыў у войску, ведае, што такое аўтамат Калашнікава. І гук карабінчыка на аўтамаце Калашнікава, калі ён дзінькае па дулу... Няма ніякага іншага сутыкненьня жалеза з жалезам, каб быў такі гук. Я гэты гук пачуў і зразумеў, што недзе нехта нясе зброю. Я прыслухаўся і пачуў калыханьне паветра. Ясна было, што перамяшчаюцца значныя масы людзей. Я падняўся, адчыніў дзьверы ў фае залі паседжаньняў Вярхоўнага Савету. Там стаялі людзі ў супрацьгазах, першага я ўбачыў чалавека з ручным кулямётам. Ён мяне проста ўдарыў у грудзі, піхнуў гэтым кулямётам. Мне стала страшна. Я крыкнуў «Аўтаматчыкі» ці «Кулямётчыкі». У гэты час загарэлася сьвятло ў залі, на бальконах стаялі чатыры апэратары, якія здымалі ўсё, што адбылася. Самае цікавае, хай Зянон мне даруе, — Зянон чамусьці вырашыў, што мы там можам нармальна паначаваць, забраўся ў спальнік і зьняў штаны. І калі яго здымалі, ён крычаў: «Адвярніце камэру, дайце апрануцца».

—​ Праз колькі гадоў мы зможам пабачыць запіс зьбіцьця дэпутатаў?

—​ Я гаварыў зь некаторымі людзьмі, блізкімі да Адміністрацыі прэзыдэнта. Гэты запіс, калі апошні раз пераганялі на тэлебачаньні, забраў сабе спадар Замяталін. Усе чатыры стужкі былі перагнаныя на адну касэту і засталіся ў Замяталіна. Куды іх падзеў Замяталін, ці хто іх скапіяваў, ці хто іх калі-небудзь выдасьць ці прадасьць, я ня ведаю. Папраўдзе, мне і не хацелася б глядзець. Я ўспамінаю гэта з болем, зь непрыемнасьцю. Акрамя таго, што гэта было вельмі балюча, гэта было вельмі вялікае прыніжэньне, калі нейкія незразумелыя людзі ў чорных масках зьбіваюць дэпутатаў парлямэнту ў будынку, дзе прадстаўнікі народу мелі права выказваць сваё бачаньне і адносіны да палітычнай сытуацыі ў краіне.

— Як гісторык вы добра ведаеце, што гісторыя ня мае ўмоўнага ладу. Але калі б у ВС 13-га скліканьня, у які вы балятаваліся, прайшлі прадстаўнікі БНФ, ход падзеяў мог быць іншы? Можа, імпічмэнт не праваліўся б?

​—​ Яны б ня трапілі. Некалькі гадоў назад на адным мерапрыемстве да мяне падышоў чалавек, які сказаў, што ён курыраваў мае выбары... Зрабілі так, што мне тры галасы не хапіла, адрадзілі на другі тур мёртвых, каб выбары не адбыліся. Ён сказаў: «Вам нікому б не хапіла ніколі б». Было такое ўказаньне. А дэпутаты ад БНФ, якія прынамсі ў Менску ішлі, усе перамагалі. А я перамагаў у першым туры. Усе гэта ведалі. Калі б мы туды прыйшлі, напэўна ўсё было б па-іншаму. Калі б нават 3–5 чалавек нас прайшло, мы б захавалі традыцыі нашага Вярхоўнага Савету. А так новы Вярхоўны Савет, новыя палітыкі пачалі, па-першае, адстойваць свае інтарэсы, адны — зьвязаныя з прэзыдэнтам, другія — каб паказаць сябе альбо свае партыі і палітычныя структуры. Беларусь, на жаль, у іх аказалася на другім месцы. Хай яны крыўдуюць, не крыўдуюць, яны зразумелі гэта толькі тады, калі Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра другі рэфэрэндум у 1996 годзе. І яны зразумелі, што калі ён адбудзецца, то Вярхоўнаму Савету на чале са спадаром Шарэцкім месца ў той новай палітычнай структуры, якую ствараў Аляксандар Лукашэнка, ня будзе. Яны паспрабавалі змагацца, але яны былі не арганізаваныя, і нават з дапамогай старой, нашай апазыцыі зрабіць ужо было нічога немажліва.

—​ А якой вам бачыцца Беларусь праз наступныя 25 гадоў? Незалежнай краінай?

— Канечне, незалежнай краінай, са зьмененай Канстытуцыяй. Я хацеў бы, каб у Беларусі быў прэзыдэнт, але каб Беларусь была парлямэнцкай дзяржавай зь невялікім парлямэнтам, і прэзыдэнт выконваў абавязкі падтрыманьня балянсу ўнутры краіны і меў прадстаўнічыя функцыі за мяжой. Каб у нас не было неабходнасьці і падставы гаварыць ні пра таталітарызм, ні пра аўтарытарызм, а Беларусь была сапраўды свабоднай, дэмакратычнай дзяржавай.

— Вы казалі, што ў вас пэнсія 280 рублёў. Вы доктар навук, дагэтуль выкладаеце. Праўда, доктарскую даволі доўга давялося абараняць. Ня так даўно вы ініцыявалі і правялі ў Акадэміі Навук канфэрэнцыю пра ВКЛ. Ці запатрабаваны ваш досьвед у краіне?

— Сытуацыя ў дзяржаве зьмянілася. Цяпер гістарычны вопыт Беларусі запатрабаваны і дзяржавай, і ўладай. Здабыткі і Полацкага княства, і ВКЛ, і БНР, і ўсіх, хто змагаўся, зь якога б боку яны ні былі, ня толькі цікавы, але і карысны для Беларусі. Сытуацыя ва Ўкраіне, у Эўропе паказвае, што зараз выжыць зможа толькі нацыянальная дзяржава. І дзякуй Богу, што кіраўніцтва дзяржавы гэта зразумела. Гэта была мая ініцыятыва і ініцыятыва Інстытуту гісторыі аб правядзеньні канфэрэнцыі «Вялікае Княства Літоўскае», і мы карыстаемся яе вынікамі.

Я быў зьдзіўлены, што некаторыя нашы гісторыкі, якія называюць сябе незалежнымі, не прыйшлі і не пагаварылі пра нашу гісторыю свабодна, калі можна было гаварыць. Я думаю, што ёсьць пытаньні, у якіх нам ня трэба дзяліцца. Калі мы робім нешта для Беларусі, нам ня трэба дзяліцца... Як Янка Запруднік, які жыве ў ЗША, а працуе ўсё жыцьцё на Беларусь. Я хацеў бы, каб мы, і гісторыкі, і журналісты, і простыя грамадзяне разумелі, што для нас галоўнае — Беларусь. Будзе Беларусь, будзе і ўсё астатняе. Будзе і скварка, будзе і чарка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG