Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто прапанаваў хабар? На судзе экс-кіраўніка менскага завода ключавы сьведка абверг падсуднага


Першы на лаве падсудных Сяргей Пацкевіч, далей Уладзімер Пашкевіч
Першы на лаве падсудных Сяргей Пацкевіч, далей Уладзімер Пашкевіч

Вынікам другога дня працэсу над экс-гендырэктарам Менскага заводу шасьцерняў Сяргеем Пацкевічам стала несупадзеньне таго, што кажа абвінавачаны пра ініцыятыву атрыманьня хабару — і што заяўляе сьведка, які даваў грошы. Каму зь іх паверыць суд?

«Дзейнічаў жэстачайша»

Абвінавачаны ў атрыманьні больш як 30 тысяч эўра ў якасьці хабару Сяргей Пацкевіч дзьве гадзіны даваў паказаньні суду.

Экс-гендырэктар МЗШ прызнаў віну, пагадзіўся з сумамі грошай, атрыманых цягам трох эпізодаў, пераказаў абставіны іх атрыманьня ад добра яму знаёмага Ўладзімера Пашкевіча. Што 6 тысяч 100 даляраў той перадаў яму на трэцім паверсе заводзкай управы, 5 тысяч эўра і яшчэ 29 тысяч эўра — у дырэктарскім кабінэце, прычым апошнюю партыю — разам з бутэлькай гарэлкі, калі віншаваў з днём народзінаў. Але пры гэтым Сяргей Пацкевіч заявіў, што ня лічыць сябе злачынцам.

«Злачынца той, хто загадзя прымае пляны на злачынства, але я не плянаваў атрымаць грошы за той кантракт, не вымагаў іх. Так, ня змог адмовіцца ад прапановы, вінаваты», — сказаў Сяргей Пацкевіч.

Але чаму былы гендырэктар лічыць, што атрыманыя па-за заводзкай бухгальтэрыяй грошы — гэта ня хабар?

Былы дырэктар у дэталях распавёў, як выпраўляў становішча на заводзе. На пасаду ён заступіў у 2017 годзе, калі прадпрыемства «ляжала» — былі вялікія даўгі, банкі не давалі крэдытаў, таму пра рэалізацыю мадэрнізацыйнага кантракту з палякамі не было гаворкі. Але ўжо праз паўгода сытуацыя, паводле Пацкевіча, зьмянілася.

«Я дзейнічаў жэстачайша, і ў выніку хутка завод запрацаваў з прыбыткам», — пахваліся Пацкевіч.

Паводле падсуднага, МЗШ пад ягоным кіраўніцтвам атрымаў крэдыт, у банку для рэалізацыі кантракту быў адкрыты акрэдытыў, грошы па кантракце пералічваліся рэгулярна, прычым ад яго гэта ўжо нібыта не залежала, таму пра якое вымагальніцтва ідзе гаворка?

Сяргей Пацкевіч настойваў на вэрсіі, якую ў першы дзень працэсу выклаў ягоны сябра Ўладзімер Пашкевіч. Што гэта прадстаўнік польскай фірмы Remix прапанаваў за садзейнічаньне 3% ад сумы кантракту, а гендырэктар проста пагадзіўся і потым атрымліваў грошы, якія лічыў грашовай узнагародай. Ну, як прэмія.

Пайшоў у міліцыю добраахвотна?

Але ключавы сьведка ў гэтай справе, прадстаўнік польскай фірмы Remix, беларускі бізнэсовец Іван Дзёмін выклаў іншую вэрсію.

Ён пагадзіўся з тым, што кантракт з МЗШ, падпісаны яшчэ ў 2014 годзе, спачатку ніяк не рэалізоўвалі, а як у 2017-м дырэктарам стаў Сяргей Пацкевіч, справа зрушылася. І што 3% ад кантракту гэтаму паспрыялі.

Але, паводле Івана Дзёміна, ініцыятыва «грашовага ўзнагароджаньня» ў 3% паходзіла нібыта не ад яго, а ад кіраўніка заводу, гэта была ягоная ўмова.

Бізнэсовец мусіў пагадзіцца, але потым узьніклі праблемы, і Іван Дзёмін вырашыў пайсьці ў міліцыю ды напісаць заяву, што ў яго вымагаюць грошы. А далей ён нібыта дзейнічаў «пад прыкрыцьцём ГУБАЗіКа».

Прыкладам, апошні хабар — 20 тысяч эўра — паводле Дзёміна, гэта былі ўжо міліцэйскія грошы.

«Мне далі 4 пачкі па 5 тысяч эўра і бутэльку польскай гарэлкі. Гэтак яны прыдумалі наконт падарунка. Перадаў усё Пашкевічу каля прахадной і зьехаў. А ўжо пасьля абеду даваў паказаньні ў Сьледчым камітэце», — распавёў Іван Дзёмін.

Сьведка ці падазроны?

У якім статусе — падазронага ці сьведкі — даваў паказаньні Іван Дзёмін адразу пасьля затрыманьня гендырэктара МЗШ, высьветліць не ўдалося. Пасьля допыту Дзёмін хутка сышоў з суду, і пагаварыць зь ім карэспандэнт ня змог.

У «групе падтрымкі» экс-гендырэктара лічаць, што бізнэсоўца вызвалілі ад адказнасьці за дачу хабару з умовай, што ён ня проста дасьць паказаньні на Сяргея Пацкевіча, а менавіта пакажа на вымагальніцтва.

«Ну якое ж гэта добраахвотнае супрацоўніцтва?» — заўважае сябар аднаго з падсудных, які прасіў не называць ягонага імя.

Пытаньне пра сапраўднага ініцыятара 3%-га «адкату» не да канца яснае і суду. У канцы допыту судзьдзя запытала ў бізнэсоўца Дзёміна: на што ён разьлічваў, калі прасіў Пацкевіча пра садзеяньне ў рэалізацыі кантракту з МЗШ, і чаму наўпрост не зьвярнуўся да кіраўніка заводу, а шукаў пасярэдніка? Уцямнага адказу так і не прагучала.

Ня быў сьведка гаваркі і тады, калі адвакат папрасіў расказаць пра ягоныя стасункі зь міліцыяй.

«Не хацеў бы адказваць на пытаньні, зьвязаныя з матывацыяй маёй заявы ў міліцыю», — сказаў Дзёмін.

Цікавая дэталь: на допыце сьведка Дзёмін прызнаў, што ягоныя камісійныя як прадстаўніка фірмы былі 5%. То бок ад кантракту МЗШ з Remix у 1 мільён 260 тысяч эўра ён меўся атрымаць больш за 60 тысяч эўра. 3% для экс-гендырэктара МЗШ, паводле сьведкі, ён павінен быў знайсьці з уласных даходаў, але, паводле Дзёміна, гэтыя грошы не былі «вельмі вялікія».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG