Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт Беларусі заявіў пра выкрыты канал паставак зброі з Украіны


Юры Сянько, архіўнае фота
Юры Сянько, архіўнае фота

Старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Юры Сянько ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» заявіў аб выкрыцьці транзыту зброі з Украіны празь Беларусь.

Паводле Юрыя Сянько, разам з КДБ ягоны камітэт правяраў зьвесткі аб тым, што з Украіны празь Беларусь перамяшчалі ў Літву, а адтуль у Расею часткі зброі. У Расеі правялі спэцапэрацыю і выявілі шмат нелегальнай зброі: аўтаматы, пісталеты, вінтоўкі, каля 9 тысяч адзінак боепрыпасаў.

Ён таксама расказаў, што на мяжы з пачатку году канфіскавалі 626 кг наркатычных рэчываў, калі летась за той жа пэрыяд было толькі 156 кг. З канфіскаванага абсалютная большасьць «была прызначана для расейскіх спажыўцоў», адзначыў Сянько, і наркотыкі ўвозілі расейскія кур’еры для транзыту празь Беларусь.

Раней заявы пра зброю з Украіны выглядалі як фэйк

Сянько не паведаміў шмат падрабязнасьцяў пра цяперашнюю апэрацыю з пастаўкамі зброі. Расейскія СМІ не перадавалі зьвестак пра такую апэрацыю. Падобныя заявы гучалі і раней, але пасьля ўскосна абвяргаліся.

Год таму, у верасьні 2018-га, Аляксандар Лукашэнка загадаў узмацніць мяжу з Украінай, каб спыніць нелегальны перавоз зброі. Пра пастаўкі зброі казалі і Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі, і старшыня памежнага камітэту. Але ні беларускія, ні ўкраінскія памежнікі тады не знайшлі каналаў паставак зброі з Украіны, пра якія казаў Лукашэнка.

Сёлета ў пачатку верасьня Лукашэнка зноў заявіў пра пастаўкі зброі з Украіны, а таксама пра тое, што з Украінай «цалкам закрылі мяжу». У якім сэнсе мяжа перакрытая, невядома: празь яе прапускаюць грамадзян у ранейшым рэжыме. Украінскія памежнікі ў дзень заявы Лукашэнкі паведамілі, з пачатку 2019 году сапраўды выяўлялі незаконную зброю, але толькі 40 адзінак, што на 40% менш, чым летась.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG