Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі справакавала скандал сваім пастом у фэйсбуку


Розгалас у сацсетках выклікаў пост Андрэя Лазуткіна, апублікаваны на афіцыйнай старонцы Міністэрства адукацыі ў фэйсбуку. Пост адрасаваны вядомаму выкладчыку Яўгену Лівянту і называецца «Чаму Лівянт не разумее, што робіць Мінадукацыі. Сындром „троечніка“?»

Пра што піша Лазуткін

Пост Андрэя Лазуткіна — рэакцыя на артыкул Яўгена Лівянта «Дыплём аб заканчэньні пачатковай школы — сумленная „столь“ для 90% 11-клясьнікаў»

Лівянт разважае пра тое, што ўвядзеньне ўсеагульнай сярэдняй адукацыі наўрад ці станоўча адаб’ецца на адукаванасьці школьнікаў, многія зь якіх «да выпускнога іспыту ня ведаюць на памяць ніводнага верша, ня могуць узгадаць ніводнага фізычнага закону альбо геамэтрычнай тэарэмы, ня маюць паняцьця пра самых вядомых гістарычных дзеячаў альбо геаграфічныя аб’екты».

Лазуткін заяўляе, што Лівянт не разумее сутнасьці рэформы. «Разабрацца ў навіне можна самастойна, нават без рэпэтытара», — зьедліва заўважае прадстаўнік Мінадукацыі Лазуткін.


Далей ідзе крытыка «экспэртаў» і «рэпэтытараў», якія асабіста Лазуткіну нагадваюць «Карлсана і Малога — калі б яны абодва разжэрліся ад цяжкага жыцьця і смутку за лёс адукацыі». Лазуткіна, маўляў, шакавала тое, «як вучыліся цяперашнія гуру рэпэтытарства ў ВНУ».

Пра сябе Лазуткін кажа, што скончыў школу № 32 у сталіцы, Ліцэй БДУ з залатым мэдалём, юрфак з чырвоным дыплёмам, на ЦТ набраў у свой час 381 бал, атрымаў 100, 98 і 88.

«Пры гэтым ніколі не хадзіў ні да якіх рэпэтытараў: абсалютна ўсё можна было вывучыць самастойна, калі ёсьць галава і матывацыя», — робіць выснову з уласнага досьведу Андрэй Лазуткін.

Далей Лазуткін цалкам пераходзіць на крытыку канкрэтнага чалавека — рэпэтытара Яўгена Лівянта.

«Пост Лазуткіна — афіцыйная пазыцыя прэс-службы Мінадукацыі, а не самога Мінадукацыі»

На пытаньне Свабоды, ці зьяўляецца пост Андрэя Лазуткіна, разьмешчаны на афіцыйнай старонцы Мінадукацыі ў сацыяльнай сетцы Фэйсбук, афіцыйнай пазыцыяй міністэрства, ці гэта проста асабістая думка самога Лазуткіна, прэс-сакратарка ведамства Людміла Высоцкая спачатку адказала: «Там жа не было падпісана, што гэта Лазуткін».

На заўвагу Свабоды, што аўтарства Лазуткіна вынікае з самога тэксту, там называецца і прозьвішча, і аўтар піша пра сябе, пра свае асабістыя заслугі, Высоцкая сказала:

«Афіцыйная пазыцыя Міністэрства адукацыі ня можа быць разьмешчана ў фэйсбуку, у сацыяльных сетках. Гэта меркаваньне прэс-службы Міністэрства адукацыі».

На пярэчаньне, што прэс-служба Мінадукацыі ўсё ж зьяўляецца структурай Міністэрства адукацыі, спадарыня Высоцкая адказала, што так, зьяўляецца. І дадала:

«Мы абурыліся тым, што спадар Лівянт называе дзяцей „дураками“ — так не дазволена і не павінна быць. І мы будзем яму адказваць», — заявіла Людміла Высоцкая.

«А анэкдот пра пральню быў дакладна пра Міністэрства культуры?»

Шмат якіх карыстальнікаў сацсетак абурыла, што іхнія камэнтары пад пастом выдаляліся, а самі яны на старонцы Мінадукацыі былі забаненыя.

«Хлопчык раптам дарваўся да афіцыйнай старонкі Міністэрства адукацыі ў ФБ — і цяпер афіцыйны рупар міністэрства таксама вяшчае пра злых рэпэтытараў, ненажэрнага Лівянта, тупых мэтавікаў-студэнтаў зь вёскі (так у рускім тэксьце і напісана — „вёскі“)», — піша выкладчык Віктар Малышчыц на сваёй старонцы ў фэйсбуку пра пост Андрэя Лазуткіна.


Дзьмітры Івановіч абураецца тым, што частку непажаданых, крытычных камэнтароў Мінадукацыі выдаліла.

«Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вас злавілі за руку: пасьля ўчорашняй чысткі камэнтароў я зразумеў, што вы сваю гнюсную працу працягнеце. Таму зрабіў скрын экрану. ...Да і пасьля чысткі. А, яны яшчэ і магчымасьці камэнтаваньня абмежавалі. Якое сарамоцьце!!!»

Камэнтары, у якіх хваляць Мінадукацыі і жорстка крытыкуюць рэпэтытараў, пад пастом захаваліся.

Да прыкладу, Ягор Макарэвіч, на старонцы якога ў Фэйсбуку пазначала, што ён працуе ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага Сходу і зьяўляецца намесьнікам старшыні Моладзевай палаты пры парлямэнцкім сходзе Саюзу Беларусі і Расеі, піша:

«Сёньня ёсьць абсалютна ўсе магчымасьці РЭАЛЬНА ўдзельнічаць у працэсе ўдасканаленьня нацыянальнай сыстэмы адукацыі (грамадзкія рады пры міністэрстве, працоўныя групы і г.д), але ўсё гэта падобных пэрсанажаў не цікавіць. Інтарэс там адзін — піяр свайго бізнэсу... Усё гэта нагадвае мне вядомую прыказку, дзе, нягледзячы на лямант „асабліва ведаючых“, караван працягвае свой рух».

«Ярчэй і красамоўней кажуць камэнтары людзей, якія выказалі Мінадукацыі сваё „фэ“»

Выкладчык Яўген Лівянт рыхтуе свой адказ Міністэрству адукацыі, але паабяцаў Свабодзе расказаць пра гэта крыху пазьней.

Рэпэтытар Сяргей Альшэўскі на просьбу Свабоды пракамэнтаваць пост Лазуткіна адказаў коратка:

«Ярчэй і красамоўней пра маё стаўленьне да яго кажуць камэнтары людзей, якія выказалі Міністэрству адукацыі сваё „фэ“! І зрабілі гэта ня толькі бацькі, але і настаўнікі. А я замест словаў буду далей рабіць сваю справу: тое, што лічу патрэбным і важным».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG