Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вызваленьне Паўла Грыба: хроніка выкраданьня, ціску і зьняволеньня ў Расеі


Павел Грыб
Павел Грыб

Сёньня сярод вызваленых у рамках абмену зьняволеных паміж Кіевам і Масквой быў і Павел Грыб — студэнт Кіева-Магілянскай акадэміі, грамадзкі актывіст, які ва ўзросьце 19 гадоў быў выкрадзены расейскімі спэцслужбамі з тэрыторыі Беларусі.

У Расеі яго абвінавацілі ў «садзейнічаньні тэрарыстычнай дзейнасьці» і прысудзілі 6 гадоў калёніі. Ён — самы малады сярод украінскіх палітвязьняў, якіх незаконна ўтрымліваў Крэмль. Павел Грыб мае цяжкае захворваньне, якое патрабуе пастаяннага прыёму лекаў.

Павел Грыб у расейскім судзе. 22 сакавіка 2019
Павел Грыб у расейскім судзе. 22 сакавіка 2019

З жыцьцяпісу

Нарадзіўся 1 чэрвеня 1998 у сям’і афіцэра-памежніка і санітаркі, удзельніцы ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Менавіта з Чарнобылем зьвязваюць захворваньне, якое мае Павел Грыб — партальную гіпэртэнзію. Да выкраданьня — жыў з бацькамі ў Кіеве, у апошнія месяцы — рыхтаваўся да апэрацыі, якая павінна палепшыць яго стан. Мае сястру — Вольгу. Яго бацька, Ігар Грыб, на час выкраданьня сына — вэтэран украінскай вайсковай апэрацыі ў Данбасе, вайсковы капэлян і дарадца старшыні Сінадальнай управы вайсковага духавенства ПЦУ.

Празь некалькі месяцаў пасьля таго, як яго сына незаконна зьмясцілі ў расейскі СІЗА, Ігара Грыба прызначылі начальнікам аддзелу Міністэрства часова акупаваных тэрыторыяў па пытаньнях асобаў, пазбаўленых асабістай свабоды.

Пасьля анэксіі Крыму і пачатку расейскай ўзброенай агрэсіі на Данбасе Павел дэманстраваў ў сацсетках праўкраінскія погляды, удзельнічаў у трэнінгах па тактычнай мэдыцыне і ў валянтэрскім руху.

Хроніка зьняволеньня

24 жніўня 2017 Павел Грыб зьнік. Пазьней яго бацька паведаміў, што сын паехаў у Беларусь, каб сустрэцца зь дзяўчынай з Расеі, зь якой ён да гэтага меў зносіны толькі ў сацсетках і якая, нібыта, там дэманстравала праўкраінскія погляды.

Пазьней Павел Грыб расказаў сваім адвакатам, што 24 жніўня яго выкралі невядомыя — на аўтавакзале ў беларускім Гомелі, пасьля сустрэчы з гэтай дзяўчынай. Яго вывезьлі ў Расею і перадалі ў рукі іншым невядомым яму асобам.

Аднак паводле вэрсіі прадстаўнікоў расійскага ФСБ, Паўла Грыба затрымалі на некалькі дзён пазьней, у Смаленскай вобласьці. Пасьля гэтага расейскія спэцслужбы перавезьлі выкрадзенага ўкраінца ў Краснадар.

Пра тое, што Павел Грыб выкрадзены Расеяй і ўтрымліваецца ва ўправе ФСБ ў Краснадары, 7 верасьня 2017 году афіцыйна паведаміў дырэктар дэпартамэнту консульскай службы МЗС Украіны Васіль Кірыліч.

У верасьні 2017 году да Грыба дапусьцілі адваката Андрэя Сабініна. Ён, у прыватнасьці, канстатаваў, што яго падабаронны ня мае доступу да неабходных яму лекаў. Патрабаваньні ўкраінскага МЗС аб прадастаўленьні Паўлу Грыбу неадкладнай мэдычнай дапамогі і аб яго вяртаньні ва Ўкраіну засталіся безвыніковымі.

Расейская пракуратура выставіла Паўлу Грыбу абвінавачаньні ў «арганізацыі тэрарызму»: паводле вэрсіі абвінавачаньня, ён прапаноўваў сваёй расейскай знаёмай зладзіць выбух у школе № 26 у горадзе Сочы «з дапамогай самаробнага выбуховага прыстасаваньня».

Тым часам да партальнай гіпэртэнзіі, на якую хварэе Павел Грыб, дадаліся і іншыя хваробы. У сьнежні 2018-га адвакатка палітвязьня Марына Дубровіна расказала, што Павел Грыб практычна цалкам асьлеп і мае цыроз печані, у яго пагоршылася функцыя згортваньня крыві. Так, «хуткую дапамогу» давялося выклікаць у залю суду. Лекар агледзеў Паўла, але ня змог яго абсьледаваць ў шпіталі, расказала адвакатка.

Паводле Дубровіна, Павел «здольны прачытаць дакумэнты ..., нават твары людзей яму цяжка разглядзець». Таксама, сьцвярджаюць адвакаты, Паўлу цяжка ўдзельнічаць у пасяджэньнях суду, ён дрэнна бачыць сьведкаў, у яго пагоршылася памяць, і ён «дрэнна запамінае словы адвакатаў».

22 сакавіка 2019 году Паўночнакаўкаскі акруговы вайсковы суд у расейскім Растове-на-Доне вынес прысуд Паўлу Грыбу. Яго прызналі вінаватым у «падбухторваньні да тэракту» ў Сочы і засудзілі на 6 гадоў калёніі.

У той самы дзень Павел Грыб на знак пратэсту супраць прысуду абвясьціў галадоўку. Але праз чатыры дні спыніў яе, паведаміў выканаўца абавязкаў генэральнага консула Ўкраіны ў Растове-на-Доне Тарас Малышэўскі. Паводле дыплямата, ён сустрэўся з украінскім зьняволеным Крамля і пераконваў яго выйсьці з галадоўкі, бо «гэта для яго будзе нічым іншым, як самагубствам».

23 ліпеня Вярхоўны суд Расеі разгледзеў апэляцыю Паўла Грыба і пакінуў прысуд у сіле.

На гэта Эўрапейскі зьвяз зрабіў афіцыйную заяву з асуджэньнем гэтага рашэньня.

«Вярхоўны суд Расейскай Фэдэрацыі падтрымаў ... заключэньне на шэсьць гадоў Паўла Грыба, 21-гадовага грамадзяніна Ўкраіны — інваліда, які быў выкрадзены зь Беларусі расейскімі ўладамі... З тых часоў ён незаконна знаходзіўся ў Расеі безь якіх-небудзь абгрунтаваных абвінавачаньняў. Эўрапейскі зьвяз працягвае чакаць, што Павел Грыб будзе неадкладна звольнены», — гаворыцца ў заяве.

Таксама ў ёй ўспамінаюць, што юнак пакутуе ад сур’ёзных захворваньняў, якія пагражаюць яго жыцьцю, а таму ён павінен неадкладна атрымаць належнае спэцыялізаванае лячэньне.

МЗС Украіны паўтарыла свае патрабаваньні вызваліць Паўла Грыба і назвала судовае рашэньне ў яго справе «сьведчаньнем адсутнасьці правасудзьдзя ў Расеі».

Мітынг у падтрымку Паўла Грыба, Кіеў, 24 студзеня 2019
Мітынг у падтрымку Паўла Грыба, Кіеў, 24 студзеня 2019


Украінскія дыпляматы заклікалі міжнародную супольнасьць асудзіць неправамернае рашэньне расейскага суду ў справе Грыба і патрабаваць безумоўнага вызваленьня ўсіх грамадзянаў Украіны, «якія крамлёўскі рэжым трымае ў закладніках на тэрыторыі Расеі і ў акупаваным ўкраінскім Крыме».

У жніўні Паўла Грыба перавезьлі ў маскоўскі СІЗА «Лефортово».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG